Краткая справка:
наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Беларускага фронту, састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вялікую Айчынную вайну
Названия на других языках:
Бобруйская операция 1944 (русский);
2007 символов
Справка
Бабруйскай наступальнай аперацыі (24–29 чэрвеня 1944 г.) надавалася асобае значэнне: авалоданне горадам на Бярэзіне адкрывала войскам 1 га Беларускага фронту прамы шлях на Мінск. Камандаваннем фронту планавалася прарваць абарону праціўніка на двух участках (на поўнач ад Рагачова і на поўдзень ад гарадскога пасёлка Парычы), акружыць і знішчыць групоўку ворага ў раёне Бабруйска, а потым працягваць наступленне на Пухавічы і Слуцк. 24 чэрвеня пасля артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі дзвюма ўдарнымі групоўкамі войскі 1 га Беларускага фронту (камандуючы Маршал Савецкага Саюза К.К. Ракасоўскі) перайшлі ў наступленне. На плацдарме ў раёне Рагачова – Жлобіна пасля цяжкіх баёў абарона ворага была прарвана сіламі 3 й і 48 й армій (камандуючыя генерал-лейтэнанты А.В. Гарбатаў і П.Л. Раманенка). Байцы 65 й арміі (камандуючы генерал-лейтэнант П.І. Батаў) прайшлі праз балоты на поўдні ад Парыч і нанеслі нечаканы ўдар па нямецкіх пазіцыях. 27 чэрвеня войскі злучыліся на поўначы ад Бабруйска. У так званы Бабруйскі «кацёл» трапілі 6 нямецкіх дывізій, каля 40 тыс. салдат і афіцэраў, вялікая колькасць баявой тэхнікі. Больш за 500 самалётаў 16 й паветранай арміі (камандуючы генерал-палкоўнік авіяцыі С.І. Рудэнка) наносілі ўдары па праціўніку, які рыхтаваўся да прарыву. 28 чэрвеня савецкія войскі закончылі ліквідацыю акружаных нямецкіх часцей.
Адначасова ішлі жорсткія баі за Бабруйск, нямецкі гарнізон якога налічваў 10 тыс. чалавек. Гітлераўцы спрабалі вырвацца з горада: пры падтрымцы танкаў, гармат і штурмавых афіцэрскіх батальёнаў яны атакавалі пазіцыі 356 й стралковай дывізіі. Раніцай 29 чэрвеня пачаўся апошні штурм Бабруйска, і праз некаторы час жыхары горада сустракалі савецкіх байцоў. Больш за 8 тыс. нямецкіх салдат трапіла ў палон, было захоплена 336 танкаў, 2664 адзінкі зброі рознага калібру. У выніку Бабруйскай аперацыі абарона праціўніка на паўднёвым флангу «Беларускага балкона» была зламана, што дазволіла развіць наступленне на Мінск і Баранавічы.