Дата начала:
1552 Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
гарадскі пасёлак у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці
Названия на других языках:
Ружаны (русский);
Предыдущие названия:
Ражаная; Ружаная
3820 символов
Справка
Ружаны — гарадскі пасёлак у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці з каштоўнай гістарычнай забудовай і багатым мінулым. Назва паселішча паходзіла ад ракі Ружанкі, на якой яно было заснавана. Да нашага часу захавалася і другое паданне аб паходжанні назвы пасёлка. Згодна з ім у даўнія часы ўладальнік паселішча назваў яго імем сваёй дачкі — прыгажуні Ружы. Доўгі час яно называлася то Ружана, то Ражана, пакуль не зацвердзілася сучасная назва Ружаны. Вядома з 1552 г. як мястэчка, якое належала магнатам Тышкевічам. З 1598 г. увайшло ў гісторыю як памесце буйнейшага магнацкага роду Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і Рэчы Паспалітай Сапегаў.
У 1637 г. Ружаны атрымалі магдэбургскае права і прыгожы герб — у сярэбраным полі кола чырвоных руж, у цэнтры якога постаць святога Казіміра з крыжам і лілеяй у руках. На пачатку XVII ст. Ружаны, якія ўваходзілі ў Слонімскі павет ВКЛ, былі багатым горадам: тут налічвалася больш за 400 двароў. Кампазіцыйныя цэнтры мястэчка — замак і плошча — аб'ядноўваліся галоўнай вуліцай. У гэты час працавалі цагельны і кафельны заводы. У XVIII—XIX стст. пабудаваны Ружанская царква Пятра і Паўла і манастыр базыльян, Ружанскі Троіцкі касцёл.
Помнікам архітэктуры XVII—XVIII стст. з'яўляецца Ружанскі палацавы комплекс, які быў рэзідэнцыяй князёў Сапегаў. Ён пачаў будавацца яшчэ ў XVI ст., але ў наступныя два стагоддзі неаднаразова перабудоўваўся. Палац Сапегаў славіўся сваёй раскошай, тут прымалі польскіх каралёў. У 1698 г. і ў час Паўночнай вайны 1700— 1721 гг. Ружаны і значная частка палаца былі разбураны. У канцы XVIII ст. рэзідэнцыя Сапегаў кардынальна змяніла свой выгляд. Архітэктар Я. С. Бекер даў новае жыццё палацава-паркаваму ансамблю з тэатрам, карціннай галерэяй, бібліятэкай, паркамі і фантанамі.
Ружаны былі цэнтрам мануфактурнай вытворчасці ў Беларусі. Дзейнічалі паперня, скураная і палатняная мануфактуры, карэтная фабрыка, праводзіліся кірмашы. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ружаны ўвайшлі ў склад Расійскай Імперыі, сталі мястэчкам, цэнтрам воласці Слонімскага павета, з 1797 г. знаходзіліся ў складзе Літоўскай, з 1801 г. — Гродзенскай губерняў. У 1812 г. мястэчка было спустошана і разрабавана французскімі войскамі. За ўдзел Сапегаў у паўстанні 1830—1831 гг. Ружаны былі канфіскаваны і перададзены ў казну. На канец XIX ст. у мястэчку дзейнічалі валасное праўленне, дзве праваслаўныя царквы, школа, касцёл, два вадзяныя млыны, адбываліся тры кірмашы на год. Здаўна Ружаны з'яўляліся цэнтрам ганчарнага рамяства, якое дасягнула найбольшага росквіту ў канцы ХІХ– першай палове ХХ ст. У 1915—1919 гг. Ружаны былі акупіраваны германскімі, у 1919—1920 гг. — польскімі войскамі. У 1921 г. згодна з Рыжскім мірным дагаворам далучаны да Польшчы. З 1939 г. знаходзіліся ў складзе БССР, з 1940 г. з'яўліся гарадскім пасёлкам, цэнтрам Ружанскага раёна. У Вялікую Айчынную вайну з 23.06.1941 да 13.07.1944 г. Ружаны былі акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З 1962 г. яны адносяцца да Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.
Сучасны пасёлак забудоўваўся паводле генеральнага плана з захаваннем гістарычнай планіровачнай структуры. Рака дзеліць яго на ўсходні і заходні раёны, звязаныя паміж сабой вуліцай Савецкай – галоўнай кампазіцыйнай воссю, на якой размешчаны будынкі Дома культуры, Дома піянераў і школьнікаў, універмага, вузла сувязі. Вытворчая зона размешчана ў паўночнай і заходняй частках пасёлка. Працуюць мэблевая фабрыка, вытворча-харчовы завод, вытворча-гандлёвы камбінат, сярэдняя і музычная школы, дашкольныя дзіцячыя ўстановы, бібліятэкі, бальніца. Праз Ружаны едуць у Белавежскую пушчу, Брэсцкую крэпасць, краіны Балтыкі, Украіну.
Нялёгкім быў шлях Ружанаў на працягу стагоддзяў. Цяпер у старажытнага горада прыгожае аблічча і цікавая будучыня.