На беразе Сенненскага возера, у 56 кіламетрах на паўднёвы захад ад Віцебска раскінуўся невялікі горад Сянно, адміністрацыйны цэнтр аднайменнага раёна.
Ёсць звесткі, што ужо ў сярэдзіне ХV ст. існавала сяло Сянно, але ў пісьмовых крыніцах ўпершыню яно ўпамінаецца ў 1534 г. як мястэчка ў Вялікім Княстве Літоўскім. У свой час Сянно належала князям Відуніцкім-Любецкім, магнацкім родам Сапегаў, Агінскіх. Пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка становіцца горадам, цэнтрам павета Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. 2 мая 1780 г. па дарозе з Полацка ў Магілёў тут спынялася Кацярына ІІ. У 1781 г. горад атрымаў свой герб – у зялёным полі 2 скрыжаваныя залатыя касы. Паводле перапісу 1803 г. у горадзе меўся каменны францысканскі кляштар і вучылішча пры ім, рымска-каталіцкі касцёл, драўляная царква, налічвалася каля 600 дамоў і 860 жыхароў. Горад перажыў эпідэмію халеры 1848 г., пажар 1860 г., які знішчыў амаль усе драўляныя будынкі. У 1877 г. тут пабываў вадомы мастак і кампазітар Напалеон Орда, які зрабіў некалькі накідаў гарадскіх краявідаў. У пачатку ХХ ст. у Сянно налічвалася больш за 4000 жыхароў, працавалі 54 рамесныя прадпрыемствы, 3 вадзяныя млыны, дзейнічалі 2 гарадскія прыходскія вучылішчы і жаночая гімназія, паштовая кантора, тэлеграф, 10 заезных дамоў, 82 крамы. Горад складаўся з 14 вуліц з частковым асвятленннем і брукам. Штогод тут адбывалася 5 кірмашоў.
Савецкая ўлада ў Сенненскім павеце была ўстаноўлена 26 лістапада 1917 г. У 1919 г. Сянно ў складзе Віцебскай губерні ўваходзіла ў Расійскую Федэрацыю. Пасля змянення межаў паміж БССР і РСФСР у 1924 г. горад увайшоў у склад БССР, стаў цэнтрам Сенненскага раёна Віцебскай акругі. У перадваенны час тут пражывала 4,3 тыс. жыхароў, працавалі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны (ільнозавод, маслазавод), рамонтныя майстэрні, вінзавод і інш.
У Вялікую Айчынную вайну 8 ліпеня 1941 г. горад быў заняты гітлераўцамі. Падчас акупацыі дзейнічала антыфашысцкае падполле, некалькі груп народных мсціўцаў змагаліся з ворагам. 25 чэрвеня 1944 г. Сянно вызвалілі войскі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай наступальнай аперацыі. Горад моцна пацярпеў у час вайны. Былі разбураны прадпрыемствы, культурныя ўстановы, школы, на вайне загінула 970 жыхароў.
У пасляванны час Сянно адбудоўвалася, былі створаны новыя прамысловыя прадпрыемствы, жылыя раёны. Сучасны горад развіваецца паводле генеральнага плана 2001 г. Планіровачная структура прамавугольная, з дробнай сеткай кварталаў. Пераважае аднапавярховая забудова сядзібнага тыпу, двух-трохпавярховыя дамы сканцэнтраваны ў цэнтры. Вытворчая зона размешчана ў заходняй частцы горада. Тут працуюць завод сухога абястлушчанага малака, ільнозавод, камбінат кааператыўнай прамысловасці, будаўнічыя арганізацыі. У зону адпачынку горада ўваходзяць азёры Сянно і Тухінскае, гарадскі парк і лесапарк. Ля возера адбудавана “Каплічка” – крынічка з вадой з невялікім утрыманнем серавадароду, помнік прыроды.
У горадзе працуюць 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, дзейнічаюць Дом культуры, Дом рамёстваў, бібліятэкі, краязнаўчы музей.
Сянно – радзіма беларускага паэта Алеся Жаўрука (1910–1942), мастака-жывапісца Уладзіміра Гоманава (1929–1998), скульптара Яна Астроўскага (1811–1872).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.