Краткая справка:
дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова на тэрыторыі Мядзельскага і Вілейскага раёнаў Мінскай вобласці, Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці, Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці
Названия на других языках:
Нарочанский (русский);
3529 символов
Справка
Самы вялікі вадаём у рэспубліцы возера Нарач, ці, як яго яшчэ называюць, “Беларускае мора”, мае, калі паглядзець на яго з вышыні, форму сэрца з блакітнымі артэрыямі рэк і пацеркамі азёр. Яно і з’яўляецца сэрцам новага Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, створанага ў 1999 г. у Мядзельскім і сумежных участках Вілейскага, Пастаўскага і Смаргонскага раёнаў. Усяго на тэрыторыі парку 30 азёр агульнай плошчай 170 км2. Возера Нарач разам з азёрамі Мястра, Баторына, Бледнае возера ўваходзіць у Нарачанскую групу азёр. Паміж сабой гэтыя азёры злучаны пратокамі (за выключэннем бяссцёкавага Бледнага возера). Агульная іх плошча каля 100 км2. Прычым плошча самога возера Нарач — 80 км2. Вада ў гэтых азёрах чыстая і празрыстая. На жаль, у сувязі з інтэнсіўным антрапагенным уздзеяннем іх экалагічны стан у апошні час пагаршаецца. Зараз прымаюцца меры па ахове гэтага унікальнага прыроднага азёрна-ландшафтнага комплексу. Маляўнічасць Нарачанскай групы азёр, хваёвыя лясы на іх берагах, спрыяльны клімат абумовілі стварэнне тут курорта Нарач з санаторыямі, дамамі адпачынку, дзіцячымі лагерамі і турбазамі. Акрамя Нарачанскай групы азёр у склад Нацыянальнага парку “Нарачанскі” ўваходзіць Балдуцкая група азёр, а таксама Вішнеўскае возера, азёры Вялікія Швакшты і Свір. Усе яны размяшчаюцца ў басейне ракі Страча. Балдуцкая група азёр уключае невялікія азёры Балдук, Глубелька, Ячмянец, Мёртвае, Імшарац і Глубля. Агульная плошча іх усяго 1,5 км2. Яны адметныя чыстай вадой, таму што растуць у іх рэдкія ахоўныя расліны — хваснік звычайны і меч-трава звычайная. Плошча возера Вялікія Швакшты дасягае амаль 10 км2, найбольшая глыбіня перавышае 5 м. Берагі яго нізкія, пясчаныя, пясчаным з’яўляецца і дно ўздоўж усходняга берага да глыбіні 2 м, што будзе спрыяць выкарыстанню возера ў рэкрэацыйных мэтах. Плошча возера Свір перавышае 22,3 км2, яго найбольшая глыбіня амаль 9 м. Вада возера багатая на кісларод. Дно пакрыта ілам, надводная расліннасць развіта слаба. На тэрыторыі басейна возера Свір размяшчаецца 16 азёр, найбольшае з якіх Вішнеўскае возера. З возерам Свір яго злучае рака Смолка. Вішнеўскае возера меншае за Свір. Плошча яго каля 10 км2. Возера размешчана ў катлавіне, парослай хваёвым лесам. Берагі нізкія, забалочаныя і затарфаваныя, пад хмызняком.
На тэрыторыі Нацыянальнага парку гняздзяцца 179 відаў птушак. Гняздоўі чорнага бусла, гагары чорнаваллёвай, жураўля шэрага, пугача, скапы, лебедзя-шыпуна, малой крачкі занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Вельмі цікавая іхтыяфауна парку. Усяго яна прадстаўлена 32 відамі, у тым ліку рэдкімі і каштоўнымі — стронгай ручаёвай, галаўнём, рапушкай і інш. Азёры парку зарыбляюцца прамыслова-каштоўнымі відамі. Толькі празрыстыя воды Нарачы насяляюць больш за два дзесяткі відаў рыб: судак, лінь, мянтуз, сазан, сіг і інш. Ва ўловах пераважаюць плотка, акунь, шчупак. Адна з дзіўных рыб Нарачы — вугор еўрапейскі. Асобныя рыбіны дасягаюць паўтараметровай даўжыні і жывуць амаль чвэрць стагоддзя. Флора парку прадстаўлена прыблізна 900 вышэйшымі сасудзістымі раслінамі. Тут растуць бяроза карлікавая, кураслеп лясны, цюльпан лясны і іншыя ахоўныя расліны, якія занесены ў Чырвоную кнігу, туды ж уключаны і некаторыя водарасці, якія трапляюцца толькі ў возеры Нарач. У гідралагічным заказніку Чарэмшыца, утвораным для падтрымання воднага балансу возера Нарач, выяўлены комплексы рэліктавых імхоў. На тэрыторыі парку шмат помнікаў прыроды: больш за 20 валуноў, паўвостраў Дубовая града на возеры Мядзел, берагавы ўступ Сцепянёўскі возера Нарач, мінеральныя крыніцы.