Дата начала: 27.07.1824 Гродзенскі раён і Польшча
Краткая справка: помнік гідратэхнічнага будаўніцтва на тэрыторыі Польшчы і Гродзенскага раёна Беларусі, аб'ект воднага турызму
Названия на других языках: Августовский канал (русский);
У Беларусі шмат унікальных культурных і прыродных помнікаў. Да сапраўдных скарбаў нашай краіны адносіцца Аўгустоўскі канал – выдатны аб’ект гідратэхнічнай архітэктуры XIX ст., вынік дзейнасці чалавека і прыроды (у 2004 г. уключаны ў папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА).
Аўгустоўскі канал – унікальная водная артэрыя ў Гродзенскім раёне Беларусі і Сувалкаўскім ваяводстве Польшчы. Цікавасць да гэтага збудавання і гістарычных помнікаў, што знаходзяцца на яго берагах, а таксама да культуры насельніцтва, якое пражывае на прылеглай тэрыторыі, значна ўзрасла ў апошні час.
Аўгустоўскі канал узнік як гандлёвы шлях. Ідэя будаўніцтва належала тагачаснаму міністру фінансаў Польшчы князю Ф. Друцкаму-Любецкаму. У сувязі з высокімі мытнымі пошлінамі ў прускіх партах у першай чвэрці XIX ст. тавары з Каралеўства Польскага вырашылі вывозіць праз расійскія парты на Балтыйскім моры, а для гэтага пабудаваць водны шлях паміж Віслай і Нёманам. Спачатку распрацавалі праект, які ў 1824 г. адобрыў імператар Аляксандр I. Паводле разлікаў кіраўніка будаўніцтва ваеннага інжынера, палкоўніка І. Прандзінскага усе работы павінны былі закончыцца праз дзесяць гадоў, а першыя судны маглі пачаць перавозіць грузы праз тры-чатыры гады.
Актыўнае будаўніцтва канала працягвалася да 1825 г.: пракапалі штучныя рэчышчы, узвялі шлюзы, масты, плаціны, паглыбілі натуральныя вадаёмы. У работах было занята больш за 7000 чалавек – палякаў, літоўцаў, беларусаў, немцаў, французаў, англічан, шведаў і інш. На тэрыторыі, прылеглай да будучага канала, пачалі працаваць прадпрыемствы па вырабе будаўнічых матэрыялаў, дрэваапрацоўчыя, металургічныя. Перапыненае паўстаннем 1831 г. будаўніцтва аднавілася пад кіраўніцтвам інжынера Т. Урбанскага ў 1833 г. і закончылася ў 1839 г. (асноўныя работы былі выкананы да 1830 г.).
Першапачаткова канал выкарыстоўваўся па сваім прамым прызначэнні – па ім перавозілі муку, соль, збожжа, мел, гіпс і інш. У Аўгуставе пабудавалі буйны порт і спецыяльныя дарогі для коней, каб цягнуць баржы ўверх па цячэнні. На канале дзейнічалі 18 шлюзаў (тры з іх – на тэрыторыі Беларусі: Нямнова, Дамброўка, Валкушык; Кужынец знаходзіўся на мяжы з Польшчай), было мноства плацін, мастоў, службовых будынкаў. Шлюзы канала – гэта сапраўдныя шэдэўры інжынернай думкі. Сцены камер выкладваліся з масіўных камянёў і абліцоўваліся цэглай на растворы гідраўлічнай вапны. Найбольш слабыя элементы шлюзаў умацоўваліся склюдаванымі камянямі з пясчаніку. Абітыя жалезам дубовыя вароты ўстанаўліваліся на рухомых рычагах, а зверху мацаваліся пры дапамозе стальных прыстасаванняў. Кожны шлюз меў шыльдачку, на якой выбівалі дату заканчэння будаўніцтва і прозвішча кіраўніка аб’екта. Унікальнасць усіх збудаванняў тым больш уражвае, калі ўлічыць тагачасныя вельмі сціплыя тэхнічныя магчымасці. Самыя працаёмкія і дарагія земляныя работы праводзіліся ўручную (драўлянымі рыдлёўкамі з металічнымі наканечнікамі). Берагі ўмацоўвалі сумессю зямлі з глінай, на якой сеялі траву, або ўкладвалі кавалкамі дзірвану. Уздоўж воднай артэрыі высаджвалі жывую агароджу з кустоў і дрэў.
З сярэдзіны XIX ст. у сувязі з бурным развіццём чыгуначнага транспарту канал пачаў прыходзіць у заняпад. З 1852 г. па ім сплаўляўся толькі лес, а з сярэдзіны 1860-х гг. пра гэту водную артэрыю амаль забыліся. У 1919 г. тэрыторыя басейна Аўгустоўскага канала – у складзе Польшчы, а з верасня 1939 г. яго частка ўвайшла ў СССР. Згодна з планам абароны заходніх меж у 1940 г. тут пачалі ўзводзіцца аб’екты 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна. У басейне канала былі размешчаны заставы 86-га Аўгустоўскага атрада, якія першымі ў чэрвені 1941 г. прынялі на сябе ўдар фашысцкіх войскаў. Падчас жорсткіх баёў, што праходзілі на яго берагах у 1941 і 1944 гг., моцна пацярпелі шлюзы, рэчышча і навакольныя вёскі.
Пасля Другой сусветнай вайны польская частка Аўгустоўскага канала (83,40 км і 15 шлюзаў) была адрэстаўрыравана. Цяпер ён выкарыстоўваецца ў народна-гаспадарчых і турыстычных мэтах. Беларуская частка (22 км, глыбіня 1,8 м) за доўгія гады бяздзеяння ператварылася ва ўнікальную экасістэму. У 1970-я гг. на гэтай тэрыторыі стварылі дзяржаўны батанічны заказнік “Сапоцкінскі”.
Дзейнасць па развіцці тэрыторый, што прылягаюць да беларускай часткі Аўгустоўскага канала, здзяйснялася ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 2004 г. № 2 “Об организации работ по реконструкции части Августовского канала”. Работы вяліся на падставе чарцяжоў і планаў XIX ст. Былі захаваны аўтэнтычныя часткі шлюзаў, выкарыстоўваліся метады ўмацавання рэчышча, распрацаваныя яшчэ ў часы І. Прандзінскага. Сёння працягласць канала пасля рэканструкцыі (2004–2005) – каля 25 км, тут знаходзяцца дзве плаціны і чатыры шлюзы, у тым ліку адзіны чатырохкамерны ў в. Нямнова (чацвёртая камера дабудавана ў 2005 г.).
Басейн Аўгустоўскага канала з’яўляецца каштоўнай прыроднай зонай. Тут размешчаны некалькі заказнікаў, фарміруецца біясферны рэзерват “Гродзенская пушча”. У водах канала, рэках Чорная Ганча і Марыха водзяцца ручаёвая фарэль і харыус. З буйных жывёл сустракаюцца лось, высакародны алень, дзік, воўк. У гэтых мясцінах можна ўбачыць жураўля і чорнага бусла. Беларуская частка канала з’яўляецца працягам Аўгустоўскай пушчы (знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы), якую называюць зялёнымі лёгкімі Еўропы.
У рэгіёне, дзе размешчаны Аўгустоўскі канал, сыходзяцца межы трох дзяржаў – Беларусі, Польшчы і Літвы. На працягу стагоддзяў гэта зямля была месцам сустрэчы некалькіх народаў, што выклікала з’яўленне ўнікальных культурных традыцый, адбілася на мове, звычаях, самасвядомасці мясцовага насельніцтва. Адметнасць і багацце культурнай спадчыны краю стала падставай для правядзення тут штогадовага фестывалю “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”.
Сёння басейн Аўгустоўскага канала развіваецца як папулярная турыстычная зона. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 лістапада 2011 г. № 1564 зацверджана Праграма развіцця спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку “Аўгустоўскі канал” на 2012–2015 гг.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.