Актыўная палітычная і грамадская дзейнасць дзяржаўнага дзеяча Расійскай Імперыі і Каралеўства Польскага, князя Францішка Ксаверыя з роду Друцкіх-Любецкіх, зрабіла яго, бадай, самым знакамітым прадстаўніком гэтага старажытнага палескага роду.
Нарадзіўся Францішак-Ксаверы 16 снежня 1778 г. у мястэчку Пагост (зараз – в. Пагост-Загародскі Пінскага раёна Брэсцкай вобласці). Падчас вучобы ў кадэцкім сухапутным корпусе ў Пецярбургу вельмі цікавіўся матэматыкай. Пасля заканчэння вучобы малады чалавек быў залічаны харунжым у Нізаўскі мушкецёрскі пяхотны полк. З 1798 па 1800 г. удзельнічаў у ваеннай кампаніі расійскіх войскаў супраць Францыі. У 1799 г. пад камандаваннем А.В. Суворава хадзіў у Італію і Швейцарыю. За храбрасць, праяўленую ў баі пры Марэнга (1800, Італія), Ф.К. Друцкі-Любецкі атрымаў ордэн св. Ганны і чын падпаручніка. Пасля кантузіі выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў бацькоўскім маёнтку Чарлёна на Гродзеншчыне.
Ажаніўшыся ў 1807 г. з Марыяй Сцыпіё дэль Кампа, Францішак Ксаверый стаў уладальнікам вялікага маёнтка ў Шчучыне (Лідскі павет). З гэтага моманту малады князь актыўна ўключыўся ў грамадскае і палітычнае жыццё краю і стаў хутка рухацца па службовай лесвіцы: у 1809 г. быў прызначаны гродзенскім маршалкам, а ў 1811 г. – сапраўдным стацкім саветнікам. У 1815 г. князь увайшоў у склад часовага ўрада Каралеўства Польскага, а праз год быў прызначаны гродзенскім, а потым і віленскім губернатарам.
Ф.К. Друцкі-Любецкі ўдзельнічаў у міждзяржаўных перамовах Расіі з Прусіяй і Аўстрыяй. Пасля станоўчага вырашэння спрэчных фінансавых пытанняў на карысць Расіі імператар Аляксандр І у 1821 г. прызначыў яго на пасаду міністра даходу і казны Каралеўства Польскага, якое знаходзілася тады на мяжы эканамічнай катастрофы. Заняўшы гэты пост, Францішак Ксаверы пачаў нястомна змагацца за павелічэнне прыбыткаў спустошанага скарбу і ўжо праз год здолеў ліквідаваць бюджэтны дэфіцыт, стабілізаваць грашовую і ўпарадкаваць падатковую сістэмы Каралеўства. Важнейшымі напрамкамі дзейнасці міністра былі мытная палітыка, замежны гандаль і доўгатэрміновыя сельскагаспадарчыя крэдыты.
Для паскарэння эканамічнага ўздыму Каралеўства Францішак Ксаверы распрацаваў праграму гаспадарчай дзейнасці, у якой адстойваў неабходнасць развіцця прамысловасці, заснаванай на мясцовай сыравіне, прымяненне тэхнічнага прагрэсу ў сельскай гаспадарцы, а таксама неабходнасць стварэння ўмоў для развіцця прыватнага прадпрымальніцтва. У 1824 г. ён выступіў з ініцыятывай будаўніцтва Аўгустоўскага канала, што павінна было дазволіць польскай сельскагаспадарчай прадукцыі трапляць у балтыйскія порты, мінаючы тэрыторыю Прусіі, якая патрабавала вялікія пошліны за транзіт тавараў. У 1825 г. стварыў Варшаўскае крэдытнае таварыства. Вышэйшым жа дасягненнем палітыкі Францішка Ксаверыя стала арганізацыя ў 1828 г. нацыянальнага Польскага банка.
Вынікам яго тытанічнай мэтанакіраванай і метадычнай працы стала дасягненне фінансамі і гаспадаркай Каралеўства Польскага трывалага стабільнага ўзроўню. І гэта пры тым, што арганізатар і кіраўнік усяго працэсу быў самавукам у гэтай сферы: уся навука, па яго словах, – стараннасць, крыху цвярозага розуму і ўпартасць. За сваю нястомную працу Ф.К. Друцкі-Любецкі быў узнагароджаны шэрагам ордэнаў: св. Ганны ІІІ ступені (1799), св. Уладзіміра (1810), св. Ганны І ступені (1812), Чырвонага Арла (1819), св. Аляксандра Неўскага (1826) і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.