Краткая справка:
адна з найбуйнейшых у свеце тэхнагенных катастоф ХХ ст., медыцынскія, экалагічныя, сацыяльныя і эканамічныя наступствы якой сталі для Беларусі найбольш цяжкімі
Варианты названия:
Чарнобыльская катастрофа 1986
Названия на других языках:
Чернобыльская авария 1986 (русский); Чернобыльская катастрофа 1986 (русский);
3167 символов
Справка
26 красавіка 1986 г. у памяшканні чацвёртага энергетычнага блока Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС) адбыўся выбух, у выніку якога радыяцыйнае забруджванне закранула значную частку тэрыторыі Беларусі. Па маштабах радыеактыўнага выкiду i наступствах аварыю на ЧАЭС вызначаюць як буйнейшую тэхнагенную катастрофу ХХ ст. Яна шмат у чым перасягнула падобныя надзвычайныя здарэннi на АЭС ва Уiндскейле (цяпер Селафілд, Вялiкабрытанiя, 1957 г.), “Тры Майл Айленд” (ЗША, 1979 г.) i ў прамысловым комплексе “Маяк” (СССР, 1957 г.).
Жыццё мiльёнаў беларускiх сем’яў аказалася падзеленым на “да” i “пасля” гэтага страшэннага бедства. Аварыя стала болем, агульнай бядою, нацыянальным бедствам для Беларусі: у зону радыеактыўнага забруджвання трапіла 3678 населеных пунктаў у якіх пражывала 2,2 млн чалавек. Уздзеянне чарнобыльскай катастрофы на экалогію паставіла Беларусь перад неабходнасцю вырашэння новых, выключна складаных і буйнамаштабных праблем, якія датычыліся практычна ўсіх сфер грамадскага жыцця, многіх аспектаў навукі і вытворчасці, культуры і маралі. У 1989 г. Вярхоўны Савет БССР прызнаў усю тэрыторыю Беларусі зонай экалагічнага бедства. Былі прыняты значныя меры па вырашэнні радыяцыйна-экалагічных, медыцынскіх, сацыяльна-эканамічных і іншых праблем, звязаных з аварыяй на ЧАЭС: з найбольш пацярпелых тэрыторый былі адселены 137,7 тыс. чалавек з 479 населеных пунктаў, з абароту было выведзена 2,6 тыс. кв. км сельскагаспадарчых угоддзяў, ліквідаваны 54 калгасы i саўгасы, 9 перапрацоўчых прадпрыемстваў, у 30-кіламетровай зоне вакол ЧАЭС створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Пераадоленне наступстваў чарнобыльскай катастрофы з’яўляецца задачай дзяржаўнай значнасці. Пытанні жыццядзейнасці насельніцтва на пацярпелых тэрыторыях знаходзяцца ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі, органаў заканадаўчай і выканаўчай улады. Законы Рэспублікі Беларусь “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”, “Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”, “Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва”, “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іншых радыяцыйных аварый”, дзяржаўныя праграмы Рэспублікі Беларусь і Саюзнай дзяржавы накіраваны на сацыяльную абарону пацярпелага насельніцтва, забеспячэнне патрабаванняў радыяцыйнай бяспекі, паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё і адраджэнне забруджаных радыенуклідамі тэрыторый.
Вырашэннем праблем, звязаных з аварыяй на ЧАЭС, займаюцца супрацоўнікі Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Інстытута радыебіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека Міністэрства аховы здароўя, Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.