Краткая справка:
помнік старажытнарускай архітэктуры, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варианты названия:
Віцебская Дабравешчанская царква; Віцебская царква Звеставання; Віцебская царква ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы; Царква ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы
Названия на других языках:
The Annunciation Church (английский); Витебская Благовещенская церковь (русский); Витебская Свято-Благовещенская церковь (русский); Витебская церковь Благовещения Пресвятой Богородицы (русский);
2492 символа
Справка
Вялікую гісторыка-культурную значнасць у якасці ўзора мураванай архітэктуры ХІІ ст. мае царква ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы ў Віцебску.
Дакладны час яе будаўніцтва ў гістарычных крыніцах не пазначаны. Запісанае ў летапісах паданне адносіць узвядзенне храма па загадзе княгіні Вольгі да Х ст. Аднак аналіз архітэктурных формаў і будаўнічай тэхнікі дазволіў даследчыкам датаваць час яе будаўніцтва прыблізна каля 1120–1130-х гг. Архітэктура царквы мела моцнае візантыйска-балканскае ўздзеянне. Яна ўяўляла сабой выцягнутую трохнефавую шасціслупавую пабудову з паўкруглай апсідай. Згодна з археалагічнымі даследаваннямі, першапачаткова будынак меў высокі цокаль – падлога храма знаходзілася амаль на 1 м вышэй тагачаснага ўзроўню зямлі. Падмуркі былі складзены з бутавага каменю насуха. Сцены змураваны ў візантыйскай тэхніцы з квадратных абчасаных блокаў мясцовага вапняку, радоў добра абпаленай плінфы і пластоў ружовай рошчыны, якія ўсе разам стваралі маляўнічую паліхромную гаму фасада. Унутры храма сцены і слупы атынкаваны і цалкам размаляваны фрэскавым жывапісам.
Дакументальныя звесткі пра царкву з’яўляюцца на старонках летапісаў толькі ў XV–XVI стст., калі была ажыццёўлена яе перабудова. Вядома, што ў 1619 г. храм перададзены ўніятам. Будынак моцна пацярпеў у час Паўночнай вайны 1700–1721 гг. і доўгі час стаяў напаўразбураны. У 1759 г. ён быў адрамантаваны і капітальна перабудаваны ў стылі позняга беларускага барока. У 1831 г. перададзены праваслаўным і перароблены ў псеўдарускім стылі. У гады савецкай улады храм не працаваў і знаходзіўся ў запусценні, некаторы час выкарыстоўваўся як зернясховішча і архіў. У час Другой сусветнай вайны царква была часткова разбурана. У 1961 г. па ініцыятыве гарадскіх улад будынак узарваны. Рэшткам муроў праз некаторы час нададзены статус помніка гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння. Былі праведзены археалагічныя раскопкі (Г. Штыхаў, М. Каргер, П. Рапапорт, А. Трусаў) і кансервацыя руін.
Рэстаўрацыя царквы ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы ў яго аўтэнтычным выглядзе ажыццёўлена ў 1992–1998 гг. (архітэктар Г. А. Лаўрэцкі). Адноўленая на мурах ХІІ ст. царква ўяўляе сабой беласнежны храм, на фасадах якога рэстаўратары пакінулі адкрытымі фрагменты старажытнай плінфавай муроўкі. Сярод захаваўшыхся рэшткаў маюцца таксама фрэскавая выява анёла і паясы геаметрычнага арнаменту з трохвугольнікаў. Новапабудаваны храм быў асвячоны Патрыярхам Маскоўскім Алексіем ІІ у 1998 г.