Генадзь Аляксандравіч Лаўрэцкі нарадзіўся ў г.п. Вышкаў (Бранская вобласць, Расія). У 1980 г. скончыў архітэктурны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт). Вывучаў гісторыю і тэорыю выяўленчага мастацтва ў Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна ў Ленінградзе. У 2001 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Древнерусская художественно-стилевая ретроспекция в архитектуре Беларуси (вторая половина XIX–нач. XX веков)”.
У 1979–1989 гг. Г. А. Лаўрэцкі працаваў у інстытуце “Белспецпраектрэстаўрацыя”. У далейшым выкладаў гісторыю мастацтва, рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры і архітэктурнае праектаванне ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Сярод яго навуковых інтарэсаў – гісторыя старажытнарускага дойлідства і помнікі культавай архітэктуры. З’ўляўся навуковым кіраўніком і аўтарам праектаў рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры ХІІ ст. – Віцебскай Благавешчанскай царквы, Гродзенскай Барысаглебскай царквы і інш. Тэме сваіх даследаванняў вучоны прысвяціў шэраг артыкулаў у друку: “Церковь Рождества Пресвятой Богородицы в деревне Мурованка (по итогам натурных исследований 2007–2008 гг.)“ (2009), “Исследования храма Архистратига Михаила в Сынковичах (2010–2011 гг.)” (2011), “Храм на Минском замчище: связь перемен. Перспективы возрождения” (2013), “Богословский образ храма Спаса Милостивого в Полоцке” (2016), “Рэстаўрацыя помнікаў беларускай праваслаўнай готыкі” (2020) і інш. З’яўляецца таксама аўтарам кнігі “Православное зодчество Беларуси” (1995), вучэбна-метадычнага дапаможніка “Объемно-пространственная композиция из геометрических тел” (у суаўтарстве, 2015–2018), артыкулаў для энцыклапедый “Культура Беларусі” (у 6 т., 2010–2015) і “Жыровічы: пад святым пакровам” (2020).
Акрамя гэтага Генадзь Аляксандравіч узначальваў архітэктурна-мастацкі савет Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускай праваслаўнай царквы (1997–2016), выкладаў у школе катэхізатараў і ў Мінскай духоўнай акадэміі. У 1999 г. за работу па аднаўленні першапачатковага аблічча Віцебскай Благавешчанскай царквы Г. А. Лаўрэцкі ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За лепшы твор у архітэктуры”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.