Краткая справка:
помнік мураванай старажытна-рускай архітэктуры Гродзенскай школы дойлідства, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варианты названия:
Гродзенская Барыса-Глебская царква; Каложская царква
Названия на других языках:
St. Boris and Gleb Church (английский); Гродненская Борисоглебская церковь (русский); Гродненская Свято-Борисо-Глебская церковь (русский); Коложская церковь (русский);
3285 символов
Справка
Адзін з найстаражытнейшых у Беларусі мураваных храмаў – Гродзенская Барысаглебская (Каложская) царква – быў пабудаваны ў другой палавіне XII ст. на высокім беразе Нёмана, побач з Замкавай гарой, на тэрыторыі былога Каложскага пасада, непадалёк ад Старога замка. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1183 г. Верагодна, названы імёнамі заснавальнікаў храма – князёў Барыса і Глеба Усеваладавічаў.
Барысаглебская царква з’яўляецца помнікам старажытнарускага і візантыйскага царкоўнага дойлідства. Адносіцца да крыжова-купальных, шасціслуповых, трохнефавых, трохапсідных храмаў. Царква была ўзведзена на падмурку з валуноў, перасыпаных жвірам. Сцены зроблены ў тэхніцы раўнаслойнай муроўкі. На паўночным фасадзе цалкам захавалася сістэма паліхромнага аздоблення мура. Ад нізу па перыметры сцяны выкладзены рады рознакаляровых валуноў, што выходзяць на паверхню абчасаным бокам. Памеры камянёў кожнага вышэйшага рада памяншаюцца. Потым яны саступаюць месца паліхромным маёлікавым пліткам квадратнай, трапецападобнай, круглай формаў. З іх зроблены ромбы, паўромбы, крыжы, разеткі. Усё разам надае царкве прыгожы выгляд. Унутраная прастора храма расчлянёна круглымі слупамі на прамавугольных цокалях, што ўверсе паступова набываюць крыжападобную форму. У тоўшчы сцяны абсіды размешчаны вузкія лесвіцы, якія вялі на бакавыя галерэі, аб’яднаныя з хорамі (не захаваліся). Асаблівасць інтэр’ера – мноства керамічных збаноў-галаснікоў, умураваных у верхнія часткі паўночнай, заходняй і паўднёвай сцен і скляпенні. Яны не толькі паляпшаюць акустыку, але і аблягчаюць апорныя канструкцыі.
У нязменным выглядзе царква захавалася прыблізна на дзве трэці і, калі б не рэстаўрацыйныя работы, ператварылася б у руіны. Дакументы сведчаць, што ўжо ў пачатку XV ст. храм знаходзіўся ў дрэнным стане. Да 1506 г. адносяцца звесткі пра яго аднаўленне дойлідам Богушам Багутовічам (Багувіцінавічам) пасля разбурэння крыжакамі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) царква была значна пашкоджана. З 1635 г. перададзена ўніяцкаму мужчынскаму манастыру. На працягу сваёй 800-гадовай гісторыі храм некалькі разоў быў разрабаваны і стаяў у запусценні. Аднак галоўнай небяспекай стала прыродная стыхія. У выніку апоўзня ў красавіку 1853 г. паўднёвая сцяна храма і частка заходняй абваліліся ў рэчку. Упершыню работы па кансервацыі Барысаглебскай царквы праводзіліся ў канцы 1894 – пачатку 1895 г. У 1896 г. яна набыла выгляд, вядомы нам і сёння. У 1904 г. члены Гродзенскага Сафійскага праваслаўнага брацтва паставілі пытанне пра аднаўленне Барысаглебскай царквы ў першапачатковым выглядзе. Над даследаваннем помніка і праектам яго поўнай рэстаўрацыі шмат працаваў у той час архітэктар П. Пакрышкін. У 1910–1911 гг. у царкве правялі сур’ёзныя кансервацыйныя работы. У савецкі час яна была закрыта. З 1948 г. з’яўлялася філіялам Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, а з 1978 г. філіялам Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі. З 1967 г. (час абвяшчэння гродзенскай Замкавай гары и Барысаглебскай царквы гісторыка-археалагічным запаведнікам) тут неаднаразова праводзіліся рамонтна-аднаўленчыя работы, з 2011 г. пачалася рэстаўрацыя храма. Унесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.