Дата начала: пад 1128 Гродзенскі раён, Гродзенская вобласць
Краткая справка: цэнтр раёна і вобласці
Названия на других языках: Gardinas (не определен); Grodno (не определен); Гродно (русский);
Предыдущие названия: Гарадзень; Гародня; Горадзен; Горадзень; Горадна; Горадня; Городенъ; Городень; Городец; Городна; Городно; Городня
Гродна – горад з багацейшым гістарычным мінулым. Паводле археалагічных даследаванняў ён узнік у канцы X ст. на так званай Замкавай гары пры ўпадзенні ракі Горадні (Гараднічанкі) у Нёман. Упершыню Гродна ўпамінаецца ў старажытных Іпацьеўскім, Лаўрэнцьеўскім і Радзівілаўскім летапісах пад 1127 г. (раней лічылася, што пад 1128 г.). Паданні і легенды па-рознаму тлумачаць назву горада, якая гучала як Горадзен, Гародня, Горадня. Існуюць некалькі версій яе паходжання. Назву суадносяць з дзеясловамі “гарадзіць”, “агароджваць”, што звязана з умацаваным першапачатковым паселішчам. Паводле іншых меркаванняў яна пайшла ад рэчкі Гараднічанкі або Нёмана, які ў старажытнасці за мяжой называўся Кронам. Летапісы XII ст. згадваюць Гродна як цэнтр удзельнага Гарадзенскага княства і рэзідэнцыю (з 1116 г.) трох пакаленняў князёў гарадзенскіх, нашчадкаў Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха і Давыда Ігаравіча: Агаф’і Уладзіміраўны і князя Усевалада Давыдавіча; іх сыноў Барыса, Глеба і Мсціслава; Юрыя Глебавіча, унука Усевалада.
У гэты перыяд горад становіцца культурным, рамесным і гандлёвым цэнтрам. Здаўна тут пралягаў самы кароткі і зручны гандлёвы шлях з варагаў у грэкі. Жыхары гандлявалі з гарадамі Польшчы, Прыбалтыкі, Падняпроўя. З сярэдзіны XIII ст. пачынаецца новы перыяд у гісторыі Гродна, звязаны са станаўленнем Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). У канцы XIII – XIV ст. горад шмат разоў цярпеў ад нападаў рыцараў Тэўтонскага ордэна. У гісторыю барацьбы з крыжацкай навалай упісана імя гарадзенскага князя Давыда Даўмонтавіча. Толькі перамога ў знакамітай Грунвальдскай бітве 1410 г., дзе ў баях удзельнічала гарадзенская харугва, паклала канец набегам тэўтонцаў на беларускія землі.
З 1376 г. Гродна стала рэзідэнцыяй вялікага князя літоўскага Вітаўта, які шмат зрабіў для яго развіцця. У 1391 г. горад атрымаў няпоўнае магдэбургскае права. У 1392 г. стаў другой сталіцай ВКЛ. У 1413 г. увайшоў у склад Трокскага ваяводства. У 1432 г. у горадзе была заключана Гарадзенская унія. З 1440 г. ён перайшоў ва ўладанне да вялікага князя літоўскага Казіміра IV Ягелончыка, які пазней стаў каралём польскім. У 1444 г. Гродну дадзена поўнае магдэбургскае права, у 1496 г. было дапоўнена спецыяльным прывілеем. У XV–XVI стст. горад стаў адным з буйнейшых цэнтраў княства. У грамаце вялікага князя літоўскага Казіміра IV Ягелончыка ён быў названы сярод 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Своеасаблівае аблічча Гродну надавалі сем праваслаўных храмаў, тры касцёлы, сінагогі, а таксама водаправод і брукаваныя вуліцы. Праводзіліся вялікія кірмашы. З сярэдзіны XVI ст. горад – цэнтр Гарадзенскага павета. У 1540 г. паводле загада каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны Сфорцы Гродна атрымала сваю пячатку з гербам (выява казла на задніх нагах, які абгрызае вінаградную лазу). Пазней гербам горада стала выява аленя з залатым крыжам паміж рагамі (алень святога Губерта) у блакітным полі, які пераскоквае праз агароджу.
У другой палавіне XVI ст. Гродна складалася са Старога горада на правым беразе Нёмана і Новага горада на левабярэжжы. Пасля заключэння ў 1569 г. Люблінскай уніі горад стаў адным з важнейшых дзяржаўна-палітычных цэнтраў Рэчы Паспалітай. У 1576–1586 гг. Гродна – рэзідэнцыя караля польскага і вялікага князя літоўскага Стафана Баторыя. З гэтага часу і да канца XVIII ст. з’яўлялася велікакняжацкім горадам. З 1678 г. тут праводзіўся кожны трэці сейм Рэчы Паспалітай. У XVII–XVIII стст. горад значна пацярпеў у час войнаў Рэчы Паспалітай з Расіяй і Швецыяй. Яго займалі і рускія, і шведскія войскі. У 1705 г. тут быў Пётр I. У другой палавіне XVIII ст. пачалі будавацца загарадныя палацы, стварацца сядзібна-паркавыя ансамблі. На месцы Верхняга замка пабудаваны новы, на тэрыторыі Ніжняга замка – каралеўскі палац, у прадмесці Аўгустова – Гродзенская Аўгустоўская сядзіба, на ўсходняй ускраіне горада – сядзіба “Панямонь”, на паўночна-ўсходняй – Станіславоўская сядзіба. У горадзе разгарнуў актыўную рэфарматарскую дзейнасць граф А. Тызенгаўз, гродзенскі староста і кіраўнік каралеўскіх эканомій ВКЛ. З заснаваннем у 1770–80-я гг. у Гродне і яго ваколіцах каралеўскіх мануфактур пашырыліся межы горада. Пры забудове выкарыстоўваліся тыпавыя праекты. Былі адкрыты школы, заснаваны тэатр і музычная капэла. Французскім вучоным Ж. Э. Жыліберам закладзены першы ў Рэчы Паспалітай батанічны сад, які разам з Лонданскім і Санкт-Пецярбургскім адносіўся да лепшых у Еўропе. Горад стаў буйнейшым культурным, рамесніцкім і гандлёвым цэнтрам. У канцы XVIII ст. адбыліся падзеі, што паўплывалі на далейшы ход усёй гісторыі Беларусі. У 1793 г. у Гродне адбыўся сейм, які зацвердзіў другі падзел Рэчы Паспалітай. Горад стаў цэнтрам Гродзенскага ваяводства. У 1795 г. апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адрокся ад прастола. У тым жа годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Гродна ўвайшло ў склад Расійскай Імперыі і з 1796 г. стала цэнтрам павета. У 1802 г. створана Гродзенская губерня. Развіваліся эканоміка і культура, працягваўся рост мануфактур. Вялікія беды прынесла вайна 1812 г. Гродна стала арэнай ваенных дзеянняў паміж напалеонаўскімі і расійскімі войскамі. Горад быў акупіраваны напалеонаўскім войскам.
У першай палавіне XIX ст. Гродна пачало набываць прамысловае аблічча. Дзейнічалі цагельныя, свечачныя, вінакурныя, піваварныя прадпрыемствы. У 1861 г. заснавана тытунёвая фабрыка, якая на той час была самым буйным прадпрыемствам Беларусі. У 1862 г. праз горад прайшла першая ў краіне чыгунка – участак лініі Санкт-Пецярбург – Варшава. Сфарміравалася прывакзальная плошча з будынкамі чыгуначнага вакзала. Важнае значэнне меў водны шлях па Нёмане. З другой палавіны XIX ст. горад рос на паўночны ўсход і паўночны захад. Значнай падзеяй у гісторыі Гродзеншчыны з’явілася паўстанне 1863–1864 гг., якое ўзначаліў К. Каліноўскі. Менавіта Гродна стала адным з цэнтраў тых падзей. У 1902 г. гродзенскім губернатарам быў назначаны П. Сталыпін – будучы аўтар зямельнай рэформы Расіі. Па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. Гродна як цэнтр павета Беластоцкага ваяводства ўвайшло ў склад Польшчы. Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 г. з 15 студзеня 1940 г. горад стаў цэнтрам Гродзенскага раёна Беластоцкай вобласці. Трагічную старонку ў яго шматвяковы летапіс упісала Вялікая Айчынная вайна. Гродна адным з першых прыняло ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Горад быў вызвалены войскамі Чырвонай Арміі ў ходзе Беластоцкай і Вільнюскай аперацый 16–24 ліпеня 1944 г. З 20 верасня 1944 г. атрымаў статус абласнога цэнтра Гродзенскай вобласці. Горад развіваўся паводле генеральных планаў, складзеных у 1949, 1963, 1973 гг.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.