Вытворчы філіял ААТ “Савушкін прадукт” у г. Баранавічы
Дата начала:
20.07.1944 Баранавічы, г., Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2014, 2017)
Названия на других языках:
Производственный филиал ОАО "Савушкин продукт" в г. Барановичи (русский);
Предыдущие названия:
Баранавіцкі гарадскі малочны завод; Баранавіцкі малочны камбінат
1783 символа
Справка
Гісторыя прадпрыемства па перапрацоўцы малака ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць) пачалася 20 ліпеня 1944 г. у выглядзе невялікай вытворчасці, размешчанай у падвальным памяшканні аднаго з будынкаў разбуранага горада. Адначасова з выпускам першай прадукцыі на малочным заводзе працягваліся аднаўленчыя працы, ішло будаўніцтва новых цэхаў і мантаж абсталявання. Працавала тут у той час усяго 18 чалавек. Ужо праз некалькі гадоў на прадпрыемстве была пабудавана масласырабаза для захоўвання гатовай прадукцыі і кацельная, уведзены механізаваныя ўчасткі па вытворчасці масла і кісламалочных прадуктаў. У 1964 г. пабудаваны новы будынак завода, абсталяванне якога было разлічана на перапрацоўку 30 т малака за суткі. Колькасць работнікаў складала ўжо 250 чалавек. З 1970-х гг. гарадскі малочны завод і масласырабаза ў Баранавічах, а таксама Ляхавіцкі масласырзавод працавалі як адно прадпрыемства, якое ў 1983 г. рэарганізавана ў Баранавіцкі малочны камбінат. Гэта дазволіла значна пашырыць асартымент і якасць прадукцыі і ператварыла прадпрыемства ў буйнейшы прамысловы комплекс з безадкіднай перапрацоўкай малочнай сыравіны.
У 1990-я гг. камбінат акцыянавалі. Працягнулася мадэрнізацыя абсталявання і пашырэнне вытворчасці. Быў асвоены выпуск паўцвёрдых і плаўленых сыроў, тварагу, сухой малочнай сыроваткі і інш. Высокая якасць прадукцыі адзначана дыпломамі конкурсаў “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”, “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі”, “Лепшы прадукт года”, “Чэмпіён смаку” і інш. Прадпрыемства стала лаўрэатам Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2014, 2017). У 2020 г. Баранавіцкі малочны камбінат выкуплены адкрытым акцыянерным таварыствам “Савушкін прадукт” і стаў яго вытворчым філіялам.