Дата начала:
1-я палова XVII ст. Орша, г., Віцебская вобласць
Краткая справка:
помнік архітэктуры барока, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у складзе Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра
Варианты названия:
Свята-Троіцкая царква; Царква ў гонар Святой Троіцы
Названия на других языках:
The St. Trinity Church (английский); Троицкая церковь (русский); Храм Святой Живоначальной Троицы (русский); Церковь Святого Духа (русский); Церковь Святой Троицы (русский); Церковь Троицкая (русский);
Предыдущие названия:
Аршанская Свята-Духаўская царква
1585 символов
Справка
Сярод захаваўшыхся да нашага часу пабудоў аднаго з буйнейшых культурна-асветніцкіх цэнтраў Беларусі XVII ст. – Куцеінскага Богаяўленскага манастыра (цяпер у г. Орша Віцебскай вобласці) – царква ў гонар Святой Троіцы.
Храм, вядомы таксама як Святадухаўскі, узведзены ў першай палове XVII ст. (па некаторых звестках у 1624–1626 гг.) Ён уяўляў сабой прамавугольны ў плане цагляны будынак з пяціграннай апсідай, невялікай рызніцай і чатырохграннай двух’яруснай вежай-званіцай. Першапачаткова ўсе аб’ёмы мелі самастойныя вальмавыя дахі з галоўкамі. Галоўны і тыльны фасады завяршаліся барочнымі фігурнымі франтонамі. На гранях апсіды і бакавых фасадах размешчаны два ярусы паўцыркульных аконных праёмаў у прафіляваных ліштвах. Унутры зала і апсіда былі перакрыты цыліндрычным скляпеннем з падпружнымі аркамі. Інтэр’ер упрыгожваў фрэскавы роспіс, выкананы майстрам Рыгорам (не захаваўся). У будынку мелася ацяпленне.
У XVIII ст. у храме зрабілі драўлянае перакрыцце, якое падзяліла яго на два паверхі: унізе размяшчаўся алтар у гонар Раства Багародзіцы, наверсе – у імя святога апостала Андрэя Першазванага. Пасля значнай рэканструкцыі ХІХ ст. царква ператворана ў аднапаверхавую з інтэр’ерам зальнага тыпу. Быў заменены дах, зроблены перадалтарны плафон і новы іканастас. У 1995 г. праведзены чарговыя рэстаўрацыйныя работы.
У цяперашні час Царква ў гонар Святой Троіцы дзейнічае. У складзе комплекса Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра яна ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца дзяржавай.