Дата начала: пад 1067 Аршанскі раён, Віцебская вобласць
Краткая справка: цэнтр раёна Віцебскай вобласці
Названия на других языках: Орша (русский);
Предыдущие названия: Ръша; Рыша
Больш за дзевяць стагоддзяў там, дзе Днепр крута паварочвае з усходу на поўдзень, стаіць Орша. Гэта адзін са старажытнейшых гарадоў Беларусі. Шмат ён спазнаў бітваў на сваім вяку. Яго захоплівалі і вызвалялі, палілі і руйнавалі, а ён зноў і зноў паднімаўся з руін і попелу, каб працягнуць сваю гісторыю…
Упершыню “Ръша” ўпамінаецца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 1067 г. як месца, дзе полацкі князь Усяслаў Брачыславіч, па мянушцы Чарадзей, “перееха в ладьи через Днепр” для перамоў, быў вераломна захоплены ў палон кіеўскім князем Ізяславам. Так пачынаецца летапісная гісторыя горада. Але даўняе паселішча на яго месцы існавала значна раней, аб чым сведчыць мноства знаходак на старажытным дзядзінцы ля вусця ракі Аршыцы. Яны датуюцца бронзавым і жалезным векам. Сярод археолагаў існуе меркаванне, што ў канцы III – пачатку II тысячагоддзя да н.э. паўночны ўсход Беларусі, у тым ліку і Аршаншчыну, насялялі плямёны угра-фінаў, і тапонім “Орша” – угра-фінскага паходжання і абазначае “праточная вада, рака; або вада, якая цячэ ў рэчышчы”. У пачатку XII ст., калі Полацкая зямля падзялялася на княствы-ўдзелы, Орша ўвайшла ў склад Віцебскага княства. Ужо тады яна была адным з найбуйнейшых гарадоў Полацкага княства. XIII стагоддзе – амаль суцэльная “белая пляма” ў гісторыі Оршы. Гэта быў час заняпаду Полацкага княства, знясіленага крыжацкімі набегамі. Асаблівае значэнне набыла Орша ў пачатку XIV ст., калі ў складзе Віцебскага княства далучылася да Вялікага княства Літоўскага. Гораду адводзілася вялікая роля ў захаванні ўсходніх межаў Літоўскай зямлі, таму ў першай палове XIV ст. па ініцыятыве князя Альгерда былі ўзведзены Аршанскія гарадскія ўмацаванні, а ў 1398–1407 гг. на месцы старажытнага гарадзішча XI ст., па загаду Вітаўта, пабудаваны мураваны замак. Аршанскі замак, адзін з самых вялікіх і моцных на ўсходзе Беларусі, быў сведкам і ўдзельнікам працяглых жорсткіх войнаў. Каля Оршы адбыліся Аршанскія бітвы 1514 і 1564 гадоў. Ваенныя ліхалецці XVI ст. нанеслі гораду значныя страты і разбурэнні. Менавіта таму ў 1551 г. Орша на дзесяць гадоў была вызвалена ад падаткаў. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. і ў Паўночную вайну 1700–1721 гг. горад моцна пацярпеў, а колькасць насельніцтва скарацілася больш чым у пяць разоў. Але мужная Орша адрадзілася зноў. Гэтаму спрыяла выгаднае становішча горада на водным шляху на Дняпры: горад быў транзітным цэнтрам, пачатковым пунктам вялікага гандлёвага шляху “гасцінца купецкага”, які праходзіў па тэрыторыі Беларусі з Маскоўскай дзяржавы ў Польшчу і Прыбалтыку. Ужо тады тут было вядома больш за дваццаць рамёстваў, значнае развіццё атрымаў гандаль. У XVI–XVIII стст. Орша была значным рэлігійным цэнтрам: будаваліся і дзейнічалі езуіцкія, уніяцкія і праваслаўныя манастыры і храмы. Сярод іх – Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе быў створаны рукапісны зборнік “Аршанскі кодэкс” (1693 г.); праваслаўны мужчынскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, пры якім Спірыдон Собаль у 1630 г. заснаваў Куцеінскую друкарню, што з’яўлялася асноўным цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукавання; праваслаўны жаночы Куцеінскі Успенскі манастыр. XVII ст. стала адметным для Оршы тым, што ў 1620 г. ёй было дадзена магдэбургскае права. 13 снежня таго ж года горад атрымаў уласны герб: у блакітным полі – выява залатога паўмесяца, паміж рагамі якога размешчаны сярэбраны крыж. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Орша ўвайшла ў склад Расійскай імперыі і стала цэнтрам Аршанскай правінцыі Магілёўскай губерні. З 1796 г. Орша – цэнтр Аршанскага павета, які ўвайшоў у Беларускую, у 1802 г. – Магілёўскую губерню. У 1776 г. горад быў пазбаўлены магдэбургскага права. 1812 год надоўга ў народнай памяці застаўся пад назвай “разоренного года”, калі Оршу захапілі напалеонаўскія войскі і ў час адступлення спалілі горад. І зноў шматпакутная Орша здолела знайсці ў сабе сілы для адраджэння. Новы план яе забудовы быў прыняты ў 1848 г.
У другой палове XIX ст. Орша стала буйным чыгуначным вузлом, а аршанская прыстань – значным транспартным пунктам на Дняпры. У перыяд усталявання савецкай улады і Грамадзянскай вайны (1917–1920 гг.) у горадзе дзейнічалі органы і арганізацыі розных палітычных сіл. У 1918 г. ён быў часткова акупіраваны войскамі кайзераўскай Германіі. У 1924 г. Орша ўвайшла ў склад БССР і стала цэнтрам Аршанскага раёна, да 1930 г. – Аршанскай акругі. У гэтыя гады пачалі дзейнічаць новыя прадпрыемствы, адкрыліся новыя навучальныя ўстановы. Набытыя поспехі і дасягненні перакрэсліла Вялікая Айчынная вайна. 3 ліпеня 1941 г. па чэрвень 1944 г. горад быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Яны стварылі тут некалькі канцлагераў для савецкіх ваеннапалонных і насельніцтва, у якіх знішчылі дзевятнаццаць тысяч чалавек. Горад мужна змагаўся з фашыстамі. У раёне была разгорнута партызанская барацьба, дзейнічалі больш за дваццаць груп патрыятычнага падполля, у тым ліку на чыгуначным вузле – група К.С. Заслонава. У баях пад Оршай упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі “БМ-13” (легендарныя “Кацюшы”), увекавечаныя ў мемарыяльным комплексе “За нашу Савецкую Радзіму!”. Дзеля ўшанавання памяці вызваліцеляў аршанцамі першымі ў Беларусі ў 1966 г. быў узведзены Курган Бессмяротнасці, а ў самым цэнтры горада пастаўлены Памятны знак Вызваліцелям.
Багатая гісторыка-культурная спадчына Оршы. Тут каля васьмідзесяці помнікаў гісторыі, архітэктуры і мастацтва. Сярод нямногіх помнікаў культавага дойлідства, якія захаваліся, вылучаюцца Куцеінскі Богаяўленскі манастыр са Свята-Духаўскай царквой (першая палова XVII ст.), манастыр базыльян (другая палова XVIII ст.), Ільінская царква (1880 г.).
Сучасная Орша – буйны прамысловы і культурны цэнтр Аршанскага раёна. Тут працуюць прадпрыемствы лёгкай прамысловасці, машынабудавання, металаапрацоўкі, будаўнічых матэрыялаў, харчовых галін. Найбольш вядомыя з іх – станкабудаўнічы завод “Чырвоны барацьбіт”, інструментальны завод, адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Орша” і “Аграпраммаш”, буйнейшае прадпрыемства горада – рэспубліканскае ўнітарнае вытворча-гандлёвае прадпрыемства “Аршанскі льнокамбінат”. Сярод навучальных устаноў – пяць прафтэхвучылішч, педагагічны і механіка-эканамічны каледжы, медыцынскае вучылішча, тэхнікум чыгуначнага транспарту, філіялы некаторых вышэйшых навучальных устаноў, маюцца дзіцячыя школы мастацтваў, дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, дзейнічаюць шматлікія клубныя ўстановы, музеі, бібліятэкі.
Нялёгкім быў шлях Оршы на працягу стагоддзяў. Цяпер у старажытнага горада прыгожае аблічча і вялікая цікавая будучыня.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2007 г.