У канцы 2002 г. ініцыятыўная група, у склад якой увайшлі вядомыя спартсмены, трэнеры і спецыялісты галіны, пачала актыўную работа па стварэнні арганізацыі ветэранаў беларускага спорту. 13 сакавіка 2003 г. на Устаноўчай канферэнцыі было створана Беларускае грамадскае аб'яднанне «Ветэраны фізічнай культуры і спорту» (БГА «ВФКіС»). 9 жніўня 2006 г. яно было зарэгістравана рашэннем № 292 Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Паводле Статута БГА «ВФКіС» – гэта добраахвотная, самакіруемая грамадская арганізацыя, створаная на аснове агульнасці інтарэсаў ветэранаў фізічнай культуры і спорту для сумеснай рэалізацыі іх грамадзянскіх, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў.
Дзейнасць БГА «ВФКіС» арыентавана на падтрымку ветэранаў фізічнай культуры і спорту, садзейнічанне іх сацыяльнай абароне і медыцынскай рэабілітацыі; умацаванне і падтрымку спартыўнага і алімпійскага руху ў Рэспубліцы Беларусь. Галоўнымі задачамі аб'яднання яго члены лічаць садзейнічанне фізічнаму і духоўнаму выхаванню насельніцтва краіны сродкамі фізічнай культуры і спорту; павышэнне працоўнай і грамадскай актыўнасці членаў аб'яднання; захаванне дакументальных і іншых матэрыялаў па развіцці фізічнай культуры і спорту ў Рэспубліцы Беларусь.
З 2003 г. БГА «ВФКіС» арганізоўвае правядзенне семінараў, сустрэч і іншых мерапрыемстваў з удзелам ветэранаў фізічнай культуры і спорту, на якіх прапагандуецца здаровы лад жыцця, дасягненні алімпійскага руху Беларусі. Акрамя таго, БГА «ВФКіС» разам з іншымі юрыдычнымі асобамі, дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, сродкамі масавай інфармацыі (беларускія спартыўныя газеты «Прессбол», «Спортивная панорама») бярэ ўдзел у арганізацыі спартыўна-масавых, фізкультурна-аздараўленчых і відовішчных мерапрыемстваў. БГА «ВФКіС» згодна са Статутам і спецыфікай работы не займаецца гаспадарчай дзейнасцю, не фінансуецца з дзяржаўнага і месных бюджэтаў і функцыяніруе за кошт прыцягнутых сродкаў арганізацый-спонсараў і добраахвотных ахвяраванняў.
З дня свайго стварэння аб'яднанне вядзе работу па аказанні сацыяльнай і медыцынскай дапамогі ветэранам, заахвочванні актывістаў ветэранскага руху, ушаноўванні ветэранаў-юбіляраў і г. д. Практыкуецца выкарыстанне новых форм і метадаў работы. Добрыя вынікі прынесла замацаванне вялікай групы спартсменаў-ветэранаў за нацыянальнымі камандамі Беларусі: ветэраны праводзяць сустрэчы, гутаркі, майстар-класы для маладых спартсменаў, перадаюць свой вялікі прафесійны вопыт. Спартсмены-ветэраны прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскіх мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дню Перамогі, Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, суботніках. Інфармацыя аб выніках праведзенай работы, рашэннях Прэзідыума БГА «ВФКіС», звесткі аб юбілярах, віншаванні, фотаздымкі размяшчаюцца на сайце аб'яднання http://www.bovfks.mst.by/.
Сёння ў склад БГА «ВФКіС» уваходзяць шэсць абласных і мінская гарадская арганізацыя ветэранаў спорту. Абласныя ветэранскія арганізацыі кіруюць дзейнасцю арганізацый спартсменаў-ветэранаў іншых гарадоў Беларусі. Напрыклад, у 2010 г. створаны арганізацыі ў Бабруйсу, Асіповічах, Кобрыне, Бярозе, Жлобіне, Ветцы і шэрагу іншых раённых цэнтраў Беларусі. Агульная колькасць членаў БГА «ВФКіС» на 1 сакавіка 2011 г. склала 2 523 чалавекі, у тым ліку каля 80 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Больш за 200 членаў аб'яднання маюць ганаровыя званні «Заслужаны трэнер БССР», «Заслужаны трэнер СССР»; 256 членаў аб'яднання з'яўляюцца майстрамі спорту СССР, майстрамі спорту СССР міжнароднага класа, заслужанымі майстрамі спорту. Членамі БГА «ВФКіС» з'яўляецца шэраг алімпійскіх чэмпіёнаў (Валчэцкая А.У., Гарбачоў М.С., Гейштар Л.Р., Клім Р.І., Макаранка С.Л., Мядзведзь А.В., Партноў А.С., Раманькоў А.А., Тараненка Л.А. і іншыя); 23 члены аб'яднання маюць вучоныя ступені доктара ці кандыдата навук, званні прафесараў і дацэнтаў (Волкаў І.П., Максімовіч В.А., Рудніцкі В.І., Сакалоў В.А. і іншыя).
Дзякуючы вядомым спецыялістам і спартсменам значна вырас імідж БГА «ВФКіС» і той уплыў, які аб'яднанне аказвае на беларускае грамадства, значна павялічыліся аб'ёмы работы, якую выконваюць яго члены. БГА «ВФКіС» актыўна супрацоўнічае з Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным алімпійскім камітэтам Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб'яднаннем «Прэзідэнцкі спартыўны клуб», Алімпійскім спартыўным комплексам «Стайкі», беларускімі федэрацыямі па відах спорту, беларускімі спартыўнымі газетамі «Прессбол» і «Спортивная панорама», шэрагам прадпрыемстваў дзяржаўнай і недзяржаўнай форм уласнасці.
Вялікі ўклад у станаўленне, развіццё і дзейнасць БГА «ВФКіС» унёс заслужаны трэнер БССР і СССР, ганаровы майстар спорту СССР Віктар Піліпавіч Пуцькоў – адзін са стваральнікаў і ганаровы старшыня БГА «ВФКіС» (з 2003 г. да красавіка 2011 г. старшыня БГА «ВФКіС»).
У бліжэйшыя гады БГА «ВФКіС» будзе працягваць супрацоўніцтва з зацікаўленым арганізацыямі ў мэтах далейшага развіцця фізічнай культуры і спорту на Беларусі; члены аб'яднання і надалей будуць удзельнічаць у перадачы назапашанага вопыту, ведаў і уменняў пакаленню маладых спартсменаў, іх падрыхтоўцы; будзе прадоўжана работа па аказанні сацыяльнай, прававой і медыцынскай дапамогі ветэранам беларускага спорту.
Даведка падрыхтавана ў 2011 г. на аснове інфармацыі, прадастаўленай ганаровым старшынёй БГА «ВФКіС» В.П. Пуцьковым.