Навуковая, педагагічная, грамадская і культурная дзейнасць Рамана Сцяпанавіча Матульскага ўражвае шматграннасцю, маштабнасцю і рознабаковасцю. Абсяг яго інтарэсаў вельмі шырокі, аднак менавіта бібліятэчная навука дазволіла набыць вядомасць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.
Раман Сцяпанавіч нарадзіўся на Украіне ў с. Навасельцы Львоўскай вобласці ў сям’і сельскага інтэлігента. У 1976 г. паступіў у Самборскае культурна-асветнае вучылішча, пасля заканчэння якога ў 1979 г. стаў студэнтам факультэта бібліятэказнаўства і бібліяграфіі Мінскага інстытута культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў). Працоўную дзейнасць Р.С. Матульскі пачаў у 1983 г. у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І. Леніна (зараз дзяржаўная ўстанова “Нацыянальная бібліятэка Беларусі”). З 1983 па 1985 г. служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння.
З 1986 г. Р.С. Матульскі працаваў у бібліятэцы Мінскага інстытута культуры. У гэты ж час пачалася яго педагагічная дзейнасць: бібліятэчную працу сумяшчаў з выкладаннем на кафедры бібліятэказнаўства. У 1988 г. Раман Сцяпанавіч паступіў у аспірантуру Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры, дзе пад кіраўніцтвам прафесара Ю.М. Сталярова датэрмінова падрыхтаваў і ў 1991 г. паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Библиотечная статистика: современное состояние и пути совершенствования”. Навучанне ў аспірантуры, а таксама стажыроўкі ў публічных бібліятэках Галандыі, Германіі, Польшчы і ЗША дазволілі Р.С. Матульскаму атрымаць грунтоўную навуковую падрыхтоўку. Пасля заканчэння аспірантуры ён са снежня 1991 па сакавік 2003 г. працаваў выкладчыкам, старшым выкладчыкам, дацэнтам, дэканам факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сістэм Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры. Раман Сцяпанавіч карыстаўся вялікім аўтарытэтам у студэнтаў і калег-выкладчыкаў. Ён не толькі на высокім прафесійным узроўні чытаў лекцыі, але і прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, прадстаўляў рэспубліку на міжнародных бібліятэчных форумах, выступаў з артыкуламі ў друку.
За перыяд з 1986 па 2003 г. Р.С. Матульскі апублікаваў шэраг навукова-метадычных прац. Найбольш значнымі сярод іх з’яўляюцца манаграфіі “Библиотечное дело в странах Центральной и Западной Европы: организационно-функциональный аспект” (2001), “Библиотека как социальный институт” (2002) і інш. Пад кіраўніцтвам Рамана Сцяпанавіча і пры яго непасрэдным удзеле падрыхтаваны два нацыянальныя стандарты “СТБ 7.20-2000 Библиотечная статистика. Основные положения” і “Высшее образование. Специальность Г. 12.01.00 Библиотековедение и библиография”, шэраг іншых нарматыўна-рэгламентуючых дакументаў. У студзені 2003 г. ён абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Библиотека как социальный институт: теоретико-методологический аспект”.
У 2003–2021 гг. Р.С. Матульскі з'яўляўся кіраўніком Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам быў распрацаваны цэлы блок дакументаў, якія дазволілі функцыянаваць Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі на якасна новым узроўні. Вывады яго дысертацыйных даследаванняў выкарыстоўваліся пры распрацоўцы асноў канцэптуальнага развіцця бібліятэкі ў напрамках фарміравання інфармацыйных рэсурсаў, арганізацыі бібліятэчна-інфармацыйнага абслугоўвання карыстальнікаў, сацыяпалітычнай, сацыякультурнай і навукова-метадычнай дзейнасці, тэхналагічнага развіцця.
Плённая праца Р.С. Матульскага атрымала высокую ацэнку. Ён узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі” (2008), мае памятныя медалі Саюзнай дзяржавы “За сотрудничество” (2009) і “10 гадоў падпісанню Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы” (2010), нагрудны знак Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік друку Беларусі” (2007), шматлікія ганаровыя граматы, падзякі, дыпломы. У 2009 г. атрымаў званне “Мінчанін года” ў галіне культуры.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г., актуалізаваны ў 2021 г.