Дата начала:
паміж 1143 і 1161 гг. (па іншых крыніцах: паміж 1128 і 1156 гг.) Полацк, г., Віцебская вобласць
Краткая справка:
помнік архітэктуры, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варианты названия:
Полацкая Спаса-Еўфрасіннеўская царква; Полацкая Спаская царква; Спаса-Ефрасіннеўская царква; Спаса-Праабражэнская царква; Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга
Названия на других языках:
The Transfiguration Church (английский); Полоцкая Спасо-Преображенская церковь (русский); Спасо-Преображенская церковь (русский); Спасо-Преображенский храм (русский);
2511 символ
Справка
Адным з выдатных помнікаў усходнеславянскага дойлідства ХІІ ст. з’яўляецца Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку. Размешчана яна на тэрыторыі Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра і з’яўляецца адзіным узорам старажытнага храмабудаўніцтва, які дайшоў да нашага часу не ў рэштках на ўзроўні падмуркаў, а ў архітэктурным стане, аўтэнтычным да ўзроўню скляпенняў.
Згодна з гістарычнымі і археалагічнымі крыніцамі, царква была пабудавана па заказе ігуменні манастыра Ефрасінні Полацкай мясцовым дойлідам манахам Іаанам. Дакладная дата ўзвядзенння не вызначана і вар’іруецца рознымі даследчыкамі ад 1143 да 1161 гг. (па іншых крыніцах паміж 1128 і 1156 гг.). Невялікі па памерах храм прадстаўляў сабой крыжова-купальную трохнефавую базіліку з паўкруглай апсідай, купалам у выглядзе шлема і сценамі, таўшчынёй да 1,8 м. Першапачаткова ён узводзіўся як пахавальны. Яго падмуркі выкананы з валуноў, пакладзеных насуха, муроўка сцен – з якаснай плінфы ў тэхніцы “са схаваным радам”. Унутры царква перакрыта шырокімі аркамі і прыгожымі скляпеннямі. Паверхні сцен былі пакрыты тоўстым слоем старанна зацёртай вапнава-цамянкавай рошчыны, афарбаванай светлай вохрай. На другім паверсе храма знаходзіліся дзве келлі, у адной з якіх жыла Ефрасіння Полацкая, а таксама хоры, да якіх вяла ўнутрысценная лесвіца. Вялікую гісторыка-культурную каштоўнасць мае фрэскавы роспіс інтэр’ера, які цалкам займаў сцены, слупы і скляпенні і захаваўся да нашых дзён у значнай колькасці фрагментаў. Сярод жаночых вобразаў фрэскавага цыкла ёсць гіпатэтычная выява Ефрасінні Полацкай, якая вызначаецца амаль партрэтнай рэалістычнасцю і высокай адухоўленасцю. На сённяшні дзень гэта найбольш поўна захаваны ансамбль манументальнага жывапісу Старажытнай Русі XII ст.
За час існавання храма яго аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя і мастацкае аблічча значна зменены пазнейшымі перабудовамі. У XVI ст. царква была пашкоджана ў час ваенных дзеянняў і ў далейшым перададзена езуітам, якім з невялікім перапынкам належала да 1820 г. Езуіты адрэстаўравалі храм і ператварылі яго ў касцёл. Затым да 1832 г. ім валодаў ордэн піяраў. Пасля вяртання праваслаўнай царкве пры храме ў 1841 г. быў адноўлены жаночы манастыр. У 1833 г. архітэктар П. А. Порта выканаў праект рэканструкцыі будынка. Рамонт праводзіўся таксама ў 1843–1846, 1910–1913 гг. У ХХ ст. царква дзейнічала з перапынкамі. У пачатку 1990-х гг. пачаліся планамернае даследаванне і рэстаўрацыя Полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы, якія працягваюцца і ў наш час.