Дата начала:
1125 Полацк, горад, Віцебская вобласць
Краткая справка:
праваслаўны жаночы манастыр, заснаваны Ефрасінняй Полацкай
Варианты названия:
Полацкі Спаскі манастыр
Названия на других языках:
Полоцкий Спасо-Евфросиниевский монастырь (русский); Полоцкий Спасо-Евфросиниевский ставропигиальный женский монастырь (русский); Полоцкий Спасо-Ефросиниевский монастырь (русский);
2265 символов
Справка
Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр – найбольш старажытны манастырскі прытулак, цесна звязаны з гістарычным лёсам Полацкай зямлі. Ён быў заснаваны Ефрасінняй Полацкай, унучкай Усяслава Чарадзея, манашкай, асветніцай, першай жанчынай, кананізаванай Рускай праваслаўнай царквой, нябеснай апякункай Беларусі, у 1125 г. у мястэчку Сяльцо, што за 2,5 км на поўнач ад Полацкага Верхняга замка. Зараз комплекс манастыра ўяўляе сабой вялікую саборную плошчу, дзе размешчаны тры храмы (Спаса-Праабражэнская царква, Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая) царква і Крыжаўзвіжанскі сабор), званіца і манастырскі корпус.
Спаса-Праабражэнская царква (самы старажытны храм комплексу) была ўзведзена таленавітым дойлідам-майстрам Іаанам паміж 1152–1161 гг. на заказ Ефрасінні Полацкай. Яна была надбудавана ў XVII–XIX стст. Узвядзенне царквы стала доказам таго, што палачане здольны былі давесці статычную крыжова-купальную схему пабудовы да ілюзіі ўзлёту. Нятленныя мошчы прападобнай полацкай ігуменні доўгі час знаходзіліся ў Кіева-Пячэрскай лаўры. У 1910 г. іх перавезлі ў Полацк. Цяпер яны спачываюць у Крыжаўзвіжанскім саборы манастыра. З імем святой звязана з’яўленне ў царкве славутага напрастольнага Крыжа, што быў зроблены ў 1161 г. полацкім майстрам-ювелірам Лазарам Богшам, лічыўся шэдэўрам сусветнага ўзроўню, уяўляў сабой каштоўны помнік пісьменства. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён знік, і ў 1997 г. на аснове малюнкаў, фотаздымкаў і апісанняў арыгінала была зроблена копія мастаком-ювелірам М. Кузьмічом. Адной з асаблівасцей Спаса-Праабражэнскай царквы з’яўляецца роспіс XII ст., што захаваўся практычна ў поўным аб’ёме. Фрэскі храма – унікальная з’ява ў культурнай спадчыне краіны.
Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр і яго галоўная царква на працягу стагоддзяў перажылі часы ўзвышэння і гады поўнага заняпаду – ім быў наканаваны гісторыяй нялёгкі лёс. З 1581 г. храм належаў ордэну езуітаў, якія ператварылі яго ў касцёл. Пасля выгнання езуітаў з Полацка царква перайшла да ордэна піяраў, а ў 1832 г. яе зноў перадалі праваслаўным. Сёння старажытная цвярдыня слова Божага перажывае сваё новае адраджэнне, што пачалося ў 1989 г., і з’яўляецца каштоўным помнікам архітэктуры, які займае пачэснае месца ў скарбніцы беларускай культуры.