Дата начала:
1522 Мір, г. п., Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць
Краткая справка:
помнік архітэктуры XVI – пачатку XX ст., уключаны ў Спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варианты названия:
Мірскі замак
Названия на других языках:
Mir castle (англ.) (не определен); Мирский замковый комплекс (русский); Мирский замок (русский);
5318 символов
Справка
Мірскі замкава-паркавы комплекс – унікальны помнік архітэктуры XVI – пачатку XX ст., які спалучае готыку, барока і рэнесанс. Яго гісторыя звязана з гісторыяй гарадскога пасёлка Мір (Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць), што ўпершыню ўпамінаецца ў летапісных крыніцах пад 1395 г. У далёкім мінулым Мір уваходзіў у Навагрудскае ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і з’яўляўся дзяржаўнай маёмасцю. У 1434 г. быў падараваны вялікім князем ВКЛ Жыгімонтам Кейстутавічам Сеньку Гедыголдавічу, будучаму віленскаму кашталяну, і з гэтага часу стаў прыватным уладаннем. З 1490 па 1568 г. тры пакаленні беларускіх магнатаў Іллінічаў з’яўляліся яго гаспадарамі. Першы ўладар Міра з гэтага роду – князь Юрый Іванавіч – стаў ініцыятарам будаўніцтва мураванага замка. Дакладных звестак пра пачатак яго ўзвядзення няма, першыя ўпамінанні адносяцца да 1531 г.
Мірскі замак быў пабудаваны на раўніне каля рэчкі Міранкі. Яго ўнутраны двор у плане быў блізкі да квадрата. Крэпасць абнесена з заходняга і паўночнага бакоў сценамі (вышыня кожнай з падмуркам – каля 13 м, таўшчыня ўнізе – 3 м) з чатырма 5-яруснымі вуглавымі вежамі. Пасярэдзіне заходняй сцяны знаходзілася пятая, 6-ярусная вежа-брама. Вежы (вышыня кожнай 25–27 м) былі вынесены за знешні контур абарончых сцен, накрыты шатрамі, прарэзаны байніцамі і амбразурамі для вядзення агню з ручной агнястрэльнай зброі і гармат. Паўднёвая і паўднёва-заходняя вежы завяршаліся машыкулямі, праз якія на ворага лілі гарачую смалу, вар і кідалі камяні. Вежа-брама здзіўляла маляўнічасцю і вытанчанасцю. Яна мела пад’ёмны мост, герсу, у сутарэннях знаходзілася турма, на другім ярусе – капліца. Мірскі замак быў добра прыстасаваны да абароны і адказваў усім патрабаванням ваеннай навукі.
У 1510 г. узвядзеннем вежаў і сцен завяршыўся першы этап будаўніцтва. Другі перыяд (сярэдзіна XVI ст.) звязаны з дзейнасцю ўнука Ю. Іллініча князя Юрыя Феліксавіча, які пабудаваў на замкавым двары каля ўсходняй і паўночнай сцен аднапавярховы палац са шматлікімі складамі і вялікімі падвальнымі памяшканнямі. 10 ліпеня 1555 г. ён стаў графам Свяшчэннай Рымскай Імперыі. Горад атрымаў статус адміністрацыйнага цэнтра Мірскага графства. У 1568 г., паміраючы бяздзетным, граф у якасці падзякі за апеку перадаў Мір разам з тытулам сыну свайго выхавацеля (Мікалая Радзівіла Чорнага) Мікалаю Крыштофу Радзівілу, па мянушцы Сіротка.
У шматлікіх вандроўках новы гаспадар пазнаёміўся з лепшымі дасягненнямі тагачаснай архітэктуры. Для ўдасканалення сваіх уладанняў ён запрасіў майстроў з Італіі і польскага архітэктара Марціна Збароўскага, пад кіраўніцтвам якіх праводзілася завяршэнне будаўніцтва замка. Былі ўзведзены два карпусы трохпавярховага палаца, што меў больш за 40 пакояў, аздобленых мармурам, лепкай, шпалерамі, скульптурамі, карцінамі, габеленамі і інш. Па загадзе М. Радзівіла Сіроткі заклалі італьянскі сад, дзе раслі не толькі мясцовыя пароды дрэў, але і больш за 400 цеплалюбівых раслін з розных куткоў свету. Такім чынам, у пачатку XVII ст. Мірскі замак ператварыўся ў фартэцыйна-палацавы комплекс. З мэтай яго абароны былі насыпаны земляныя валы, якія ў выглядзе чатырохвугольніка акружалі яго з усіх бакоў, а таксама вырыты роў (запаўняўся вадой ракі Міранкі).
На працягу стагоддзяў Мірскі замак не раз зведаў аблогі і штурмы непрыяцельскіх войскаў. У час шматлікіх войнаў (пачынаючы з руска-польскай (1654–1667) і да нашэсця Напалеона Банапарта) разбураўся, гарэў, падрываўся і ператварыўся ў руіны, што ў сувязі з падзелам маёмасці Радзівілаў пасля падзення Рэчы Паспалітай пераходзілі з рук у рукі. У 1891 г. уладальнікам замка стаў герой турэцкай кампаніі Мікалай Іванавіч Святаполк-Мірскі, які пачаў яго адбудоўваць. Сын князя, эрудзіраваны чалавек, знаўца многіх моў, дыпламат пры двары расійскага імператара, прадоўжыў рэстаўрацыю, што высока ацаніў Прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масьціцкі, калі наведаў Мір у 1929 г. (тады ён належаў Польшчы). У час гітлераўскай акупацыі замак ператварыўся ў яўрэйскае гета і лагер для ваеннапалонных. Пасля перамогі стаў прытулкам не толькі бяздомным жыхарам Міра і ваколіц, але і шматлікім бежанцам, што прывяло да канчатковай страты аздаблення яго інтэр’ераў.
У 1969 г. была выканана частковая кансервацыя руін Мірскага замка. З 1982 г. пачаліся рэстаўрацыйныя работы, але актыўна яны сталі праводзіцца толькі з 2003 г., калі з бюджэту вылучылі вялікія сродкі (каля 30 млн долараў). Работы выконваліся спецыялістамі прадпрыемства Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “Белрэстаўрацыя” на аснове архіўных даных. Пасля трох дзесяцігоддзяў рэстаўрацыйных работ Мірскі замак у канцы 2010 г. быў цалкам адноўлены і сёння з’яўляецца музеем. Аднак наперадзе яшчэ шмат праектаў па добраўпарадкаванні яго наваколля: італьянскага рэнесансавага саду, англійскага парку і возера.
У музеі дзейнічаюць некалькі экспазіцый, якія даюць магчымасць даведацца аб розных княжацкіх родах, іх ладзе жыцця, убачыць унікальныя ўзоры мэблі, калекцыі зброі, рыцарскіх даспехаў, старажытных музычных інструментаў. Для афармлення замка набыты ўнікальныя прадметы побыту XVII–XIX стст. Сярод іх вылучаюцца сапраўды рэдкія экспанаты: слуцкі пояс, фламандскія шпалеры XVII–XVIII стст., рогі тура і інш.
Сёння Мірскі замак з’яўляецца сімвалам Беларусі. Адноўлены, адбудаваны, ён зноў здзіўляе сваёй першаснай красой і магутнасцю.