Краткая справка: старажытны шляхецкі род герба “Астоя”
Шматлікі і разгалінаваны род Чачотаў неаднаразова прызнаваўся ў дваранстве Расійскай імперыі: Літоўскім дваранскім дэпутацкім сходам у 1798 г., Мінскім губернскім у 1802, 1815, 1853, 1892 гг., Гарадзенскім у 1817 г. з аднясеннем у першую і шостую часткі радаводных кніг, а таксама зацвярджаўся Сенатам у 1835, 1855 і 1892 гг. Справа аб дваранскім паходжанні Чачотаў налічвае больш за тысячу аркушаў і захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.
На падставе гэтых матэрыялаў і складаецца радавод Чачотаў, якія паходзілі са Смаленскага ваяводства, дзе валодалі рознымі маёнткамі. Згодна з радавым паданнем, а таксама прывілеем караля Жыгімонта Аўгуста ад 1545 г., усе ўладанні Чачотаў былі захоплены падчас ваенных падзей 1534–37 гг. (у апошнюю, пятую, вайну Вялікага княства Літоўскага з Масквой).
Заснавальнікам роду лічыцца Васіль Данілевіч Чачот, дваранін яго каралеўскай міласці (службовая асоба пры двары, якая выконвала розныя даручэнні караля). За вайсковыя заслугі ён атрымаў фальварак Ярашаў былога Слонімскага павета (цяпер Баранавіцкі р-н). Гэты фальварак знаходзіўся над рэчкай Моўчаддзю, і ў яго склад уваходзіла яшчэ тры вёскі: Кузьмічы, Несцеравічы і Цікневічы. Пасля смерці Васіля Данілевіча маёнтак Ярашаў неаднаразова драбіўся ў выніку дзяльбы паміж спадчыннікамі-сынамі: Іванам, Зміцерам, Канстанцінам і Фёдарам.
Галіна Фёдара Васілевіча мела добры сямейны архіў, у якім захаваліся старажытныя дакументы XVII–пач. ХІХ ст., на падставе якіх было зацверджана дваранскае паходжанне Чачотаў. Прадстаўнікі гэтай лініі роду займалі значныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім і мелі розныя зямельныя ўладанні. Унук Фёдара Міхаіл Юзафавіч, таксама як і яго сын Бенедыкт былі мастаўнічымі слонімскімі і валодалі часткамі спадчыннага маёнтка Ярашава. Праўнук Фёдара Антон Янавіч у 1738 г. набыў знакаміты фальварак Завоссе. Яго сын Антон Тадэвуш служыў пісарам і рэгентам судоў земскіх наваградскіх, а таксама суддзёй і прэзідэнтам судоў гранічных наваградскіх, узнагароджаны ў 1837 г. ордэнам св. Уладзіміра IV ступені. У канцы XVIII–пач. ХІХ ст. ён прадаў сваю частку Ярашава і набыў фальварак Клюкавічы Наваградскага павета. Нашчадкі Фёдара Васілевіча мелі таксама фальваркі Лаготкі і Зубкаў, маёнткі Мастычы і Лаховічы.
Другая галіна роду Чачотаў пачынаецца ад нашчадкаў Канстанціна Васілевіча – Паўла і Стэфана. Сын апошняга Габрыэль заклаў сваю частку атрыманага ў спадчыну маёнтка Ярашава Слонімскім бенедыктынам. Спрэчкі па гэтых пытаннях цягнуліся больш за сто гадоў, пра што сведчыць рэгістр дакументаў, пададзены Тэафіляй Пшэсецкай, старшай слонімскіх бенедыктынак у 1775 г. Нашчадкі Паўла канчаткова страцілі Ярашава. Аднак у 1676 г. адзін з іх (Якуб) набыў за 15 тысяч злотых у нейкага Мікалая Грыгарэўскага фальварак Русоцін Наваградскага павета. Яго ўнукі Юры, Казімір, Юзаф і Піліп падзялілі ў 1736 г. дзедаўскую спадчыну паміж сабой, што было зафіксавана ў кнігах магдэбургскіх наваградскіх у тым жа годзе. З іх Юры быў бяздзетным, пра нашчадкаў Юзафа нічога невядома, а Казімір і Піліп Чачоты 7 кастрычніка 1755 г. прадалі фальварак Русоцін Лукашу Камінскаму, мечніку смаленскаму. Адным з сыноў Піліпа быў Ян – дзед знакамітага паэта-фалькларыста Яна Чачота. 15 мая 1779 г. ён склаў тэстамент (завяшчанне), які быў зафіксаваны ў наваградскім земскім судзе. Па гэтаму дакументу ўся маёмасць падзялялася паміж сынамі Ігнатам, Юзафам і Тадэвушам. Апошні разам з жонкай Кларай Гаціскай жыў у вёсцы Малюшычы былога Наваградскага павета (цяпер Карэліцкі р-н). Там у іх нарадзіўся сын Ян Антон, выдатны паэт, пачынальнік новай беларускай літаратуры.*
У той час, калі Я.Чачот працаваў бібліятэкарам у графа Храптовіча (прыкладна 1839 г.), ён спрабаваў зацвердзіць у дваранстве сваю галіну роду. Аб гэтым сведчаць складзеныя ім уласнаручна паперы, што захаваліся ў справе аб дваранскім паходжанні Чачотаў. Напрыклад, прашэнне на імя цара Мікалая Паўлавіча, у якім пішацца аб тым, што род неаднаразова прызнаваўся губернскім дваранскім дэпутацкім сходам. Маюцца таксама два пасямейныя спісы (1840 і 1842 гг.), куды акрамя Яна Антона запісаны яго брат Пётр Павел, тытулярны саветнік, які жыў у маёнтку князя Вітгенштэйна ў мястэчку Глыбокім Дзісенскага павета, а таксама стрыечныя браты Юліян Карл Ануфры і Мацей Вікенцьевічы. У гэтых спісах ёсць інфармацыя пра радавы герб “Астоя”, якая ўяўляе невялікі аўтарскі дослед у галіне геральдыкі. На вялікі жаль, нягледзячы на намаганні Яна Антона, гэта галіна роду Чачотаў пры жыцці паэта так і не была зацверджана Сенатам. Яна фактычна згасла, таму што ў яго брата Пятра Паўла не было нашчадкаў па мужчынскай лініі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1998 г.