Кароткая даведка: княжацкi род у ВКЛ і Маскоўскім вялікім княстве
Глiнскiя – княжацкi род уласнага герба. Паводле генеалагічнай легенды заснавальнікам роду Глінскіх лічыцца Лекса (у хрышчэнні Аляксандр). Лекса выехаў у ВКЛ i атрымаў ад вялікага князя Вiтаўта землi на мяжы з Залатой Ардой, а таксама гарады Палтаву i Глiнск (паселiшчаў з такой назвай у XV–XVI стст. было тры, верагодна, радавым гняздом Глiнскiх быў Глiнск на месцы сучаснага г. Залатаноша ў Чаркаскай вобласцi Украiны).
Першым у гiстарычных крынiцах 1398 г. упамiнаецца Iван Аляксандравiч Глiнскi. Ён быў жанаты з дачкой князя Данiлы Астрожскага Настассяй i меў трох сыноў: Барыса, Фёдара i Сямёна. Ад апошняга пайшла малодшая галiна Глiнскiх (па Ю.Вольфу – "Чаркаска-Смаленская"). Унук Сямёна Фёдар Iванавiч атрымаў ад вялiкага князя ВКЛ сёлы Амбросавiчы, Саннiкi, Аўдзеевiчы, Духаравiчы на мяжы Полацкага i Вiцебскага паветаў, якiя пазней перайшлi да яго сыноў – Iвана, Багдана i Дзмiтрыя. Брат Фёдара Iванавiча Сямён (?–1545) стаў уладаром бацькоўскага маёнтка Пабоева ў Ваўкавыскiм павеце i даў пачатак галiне глiнскiх-пабоеўкiх, якая паступова страціла княжацкi тытул. У 1817 г. яе прадстаўнiк Iахiм Глiнскi, генерал-маёр расiйскай армii, атрымаў пацвярджэнне княжацкага звання ад дэпутацкага сходу Гродзенскай губернi, але яно не было зацверджана Сенатам. Старэйшая (лiтоўская) галiна роду пачынаеца ад Барыса Iванавiча (?– пасля 1451), нашчадкi якога адыгралi значную ролю ў палiтычным жыццi Вялiкага княства Лiтоўскага i Вялiкага княства Маскоўскага. Яны займалі высокія дзяржаўныя пасады, валодалi вялiзнымi плошчамi зямлi на Палтаўшчыне, маёнткамi на Кiеўшчыне i Тураўшчыне. Па магутнасці і багаццю князёў Глінскіх ставілі ў адзін рад з нашчадкамі Уладзіміра і Гедыміна.
Унук Барыса Іванавіча Глінскага Міхаіл Львовіч (1470–1534), найбольш вядомы прадстаўнік роду. "Муж, знаменитый в Европе пылкими страстями, счастьем и бедствием, вельможа и предатель двух государств, помилованный Василием для Елены и замученный Еленою, достойный гибели изменника и славы великодушного страдальца в одной и той же темнице", так пiсаў пра Глiнскага М.Карамзiн.
Князь Мiхаiл Глiнскi (мянушка Мажны, або Дародны) атрымаў адукацыю ў Еўропе. Некаторы час служыў у войску iмператара Свяшчэннай Рымскай iмперыi Максiмiлiяна I. Каля 1498 г. ён вярнуўся ў ВКЛ i хутка стаў наблiжанай асобай вялiкага князя Аляксандра, атрымаўшы ад яго прыдворную пасаду маршалка надворнага. Дзякуючы багаццю i ўплыву пры двары, Глiнскi садзейнiчаў узвышэнню сваiх старэйшых братоў. Так, князь Васiль Львовiч (мянушка Сляпы, каля 1465–да 1522) быў намеснiкам васiлiшскiм, слонiмскiм, старостам берасцейскiм, падстолiм лiтоўскiм. Iван Глiнскi (мянушка Мамай, каля 1460–да 1522) таксама займаў высокiя пасады: маршалка лiтоўскага, ваяводы кiеўскага i наваградскага. Узлёт братоў Глiнскiх выклiкаў востры канфлiкт памiж iмi i старой лiтоўскай знаццю: Радзiвiламi, Кежгайламi (або Кезгайламi) i асаблiва з Янам Юр'евiчам Забярэзiнскiм, якi стаў асабiстым ворагам Глiнскiх.
У 1506 г. адбылася Клецкая бiтва, з якой князь Мiхаiл выйшаў пераможцам. Пасля смерцi Аляксандра сярод знацi ўзнiкла занепакоенасць, што, вярнуўшыся на чале пераможнага войска, Глiнскi паспрабуе захапiць уладу. На велiкакняжацкi пасад быў узведзены Жыгiмонт Стары – малодшы брат Аляксандра, а М.Глiнскi адразу трапiў у нямiласць. Раззлаваны князь Мiхаiл пакiнуў двор i з'ехаў у свой замак Тураў. У хуткiм часе ён сабраў вакол сябе сваiх аднадумцаў i ўзняў супраць Жыгiмонта Старога мяцеж, пачаткам якога было забойства Яна Забярэзiнскага ва ўласным маёнтку. Глiнскага падтрымлiвалi яго браты i князь Маскоўскi Васiлiй III. У 1508 годзе ўспыхнуў так званы "Глiнскi мяцеж" – выступленне феадалаў ВКЛ, якое ўзначалiў Мiхаiл Львовiч Глiнскi з братамi. Асноўныя дзеяннi адбылiся ў межах Беларусi. З дапамогай маскоўскага войска Глiнскi захапiў Мазыр i Бабруйск, учынiў аблогу Мiнска i Слуцка, спрабаваў утварыць на ўсходнiх землях ВКЛ самастойнае княства з цэнтрам у Кiеве. Мяцеж не падтрымала большасць шляхты, i Глiнскi вымушаны быў, паводле ўмоў мiрнага пагаднення памiж Жыгiмонтам Старым i Васiлём III, разам з родзiчамi i прыхiльнiкамі пакiнуць ВКЛ i з'ехаць у Маскву. Усе яго ўладаннi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм былi канфiскаваны, а ён сам трапіў у турму. Праз некаторы час пляменнiца Глiнскага Алена, якая стала жонкай Васiля III, дамаглася яму волі. Пасля смерці вялікага князя маскоўскага у 1533 г. Глiнскi ўвайшоў у склад Вярхоўнай думы, а Алена стала рэгентшай свайго малалетняга сына (будучага Iвана IV – Грознага). У хуткiм часе ўзнiк канфлiкт памiж Мiхаiлам Глiнскiм i фаварытам Алены князем Целяпнёвым-Абаленскiм, у вынiку якога Мiхаiл Львовiч зноў трапiў за краты, дзе i памёр замораны голадам.
Апошнiя два прадстаўнiкі роду – Юрый Васiлевiч, пляменнiк Мiхаiла (быў забiты ў час бунту ў Маскве) i Васiль Мiхайлавiч, адзiны сын Глiнскага (памёр у 1565 г.) – не пакiнулi нашчадкаў. Так завяршылася гiсторыя роду князёў Глiнскiх.