Дата нараджэння: 25.12.1937
Кароткая даведка: тэатральны мастак, педагог, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1985), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1988), тэатральнай прэміі імя Е. Міровіча (1992), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2004), кавалер ордэна Францыска Скарыны (2008)
Імёны на іншых мовах: Gherlavan Barys Fedaseevitch (не вызначана); Герлован Борис Федосеевич (руская);
Шмат дзесяцігоддзяў рупліва ўзбагачае сцэнаграфічнае мастацтва Беларусі выдатны майстра сцэны, бліскучы тэатральны мастак прафесар Беларускай акадэміі мастацтваў Барыс Федасеевіч Герлаван.
Нарадзіўся Б.Ф. Герлаван у вёсцы Мартаноша Кіраваградскай вобласці (Украіна) у сям’і калгаснага каваля. Яшчэ ў школе выявіў схільнасць да малявання і ў 1952 г. накіраваўся ў Малдавію, адкуль быў родам яго бацька, вучыцца ў мастацкім вучылішчы. Пасля арміі юнак паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне станковага жывапісу. Адначасова працаваў дэкаратарам у тэатры юнага гледача, а ў 1962 г. галоўны мастак Беларускага тэатра імя Я. Купалы А.Б. Грыгар’янц запрасіў яго дэкаратарам у купалаўскі тэатр, з якім Б. Герлаван і звязаў усё сваё далейшае творчае жыццё. У інстытуце ён перавёўся з аддзялення жывапісу на мастацка-дэкаратыўнае, у майстэрню Я. Чамадурава і П. Масленікава, а ў тэатры пад кіраўніцтвам Грыгар’янца ад спектакля да спектакля ўдасканальваў майстэрства мастака дэкаратара. Б. Герлаван працаваў з многімі таленавітымі рэжысёрамі, у тым ліку з Б. Эрыным, Ю. Шчарбаковым, У. Маланкіным, але большую і лепшую частку сваіх пастановак ажыццявіў з В. Раеўскім. З 1976 г. Б. Герлаван стаў галоўным мастаком Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Каля 100 спектакляў паставіў ён на сцэне гэтага тэатра (афармляў спектаклі і ў іншых тэатрах Беларусі, а таксама за яе межамі – у Расіі, Польшчы, Славеніі, Ірландыі). Сярод яго лепшых, найбольш яркіх работ – спектаклі “Што той салдат, што гэты” Б. Брэхта, “Брама неўміручасці” К. Крапівы, “Радавыя” А. Дударава (Дзяржаўная прэмія СССР 1985), “Мудрамер” М. Матукоўскага (Дзяржаўная прэмія Беларусі 1988) і інш. Своеасаблівую дэкарацыйную беларускую сюіту склалі аформленыя ім спектаклі “Раскіданае гняздо” Я. Купалы, “Плач перапёлкі” І. Чыгрынава, “Парог” А. Дударава, “Страсці па Аўдзею” У. Бутрамеева. З імем Б. Герлавана звязаны лепшыя дасягненні тэатра апошніх дзесяцігоддзяў: “Ромул Вялікі” Ф. Дзюрэнмата, “Вечны Фама” У. Бутрамеева (па матывах Ф. Дастаеўскага), “Эрык XIV” А. Стрындберга, “Чычыкаў” па паэме М. Гогаля “Мёртвыя душы”, “Страчаны рай” А. Курэйчыка, “Маэстра” па п’есе Марыі Ладо і інш. Бясспрэчным поспехам Б. Герлавана сталі спектаклі “Князь Вітаўт” і “Чорная пані Нясвіжа” А. Дударава – святочнае падарожжа сцэнографа ў наша легендарнае мінулае.
Дастаткова нагадаць гэтыя назвы, і перад вачыма вымалёўваюцца жывыя карціны, праходзіць гісторыя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Невыпадкова тэатразнаўцы зноў і зноў звяртаюцца да спектакляў Б. Герлавана, якія па-ранейшаму, як і ў мінулым стагоддзі, застаюцца самымі прыкметнымі і цікавымі ў сучасным тэатральным мастацтве Беларусі. У кожным сваім новым спектаклі мастак нечаканы і непрадказальны. Глядач ніколі не перастае захапляцца яго знаходкамі і вынаходніцтвамі.
«Я прыйшоў у тэатр у 60-я гады мінулага стагоддзя. Мне і сёння добра помніцца бытавы тэатр, натуралістычны, – гаворыць Б. Герлаван. – Калі ўжо ставілася на сцэне хата, то яна павінна быць сапраўднай, з натуральных матэрыялаў. Тэатр нібы імкнуўся рэстаўраваць жыццё. Мастакі ж і ў тыя гады, ды і на працягу ўсяго існавання тэатра як віда мастацтва імкнуліся здзіўляць гледача. На шчасце, кожны час дыктуе свае законы. 1970-я гады далі тэатру новую драматургію і рэжысуру, якія, у сваю чаргу, патрабавалі і новага мастацкага бачання і афармлення спектакля. З'яўленне не існуючай раней яркай вобразнасці, хуткай змены карцін стала адкрыццём для гледача. Знікла традыцыйная заслона, з'явілася ўмоўнасць, большую значнасць набылі сімвалы, так званы фактурны вобраз, які нараджае мноства асацыяцый. Тэатр стаў іншым і больш прыцягальным для гледача. Сённяшні час мне цікавы тым, што гэта час пошукаў новай вобразнасці, новых тэхнічных магчымасцей і выкарыстання сучасных матэрыялаў. Ён ставіць вялікія задачы перад тэатральным мастаком».*
Барыс Герлаван, не баючыся эксперыментаваць на сцэне, у канцы 1960-х гг. стварае з рэжысёрам В. Раеўскім спектакль «Што той салдат, што гэты» Б. Брэхта. Спектакль быў і аповедам, і гульнёй для персанажаў – сапраўды эпічным, брэхтаўскім. У гэтым яму спрыялі мастацкае афармленне сцэны, касцюмы, грым персанажаў. Газетная лёгкая заслона ў адрозненне ад масіўнай была неабходнай для вастрыні відовішча, для прыцягнення ўвагі да кожнай карціны спектакля. У гэтай пастаноўцы тэатр упершыню дзякуючы сцэнаграфіі прыадчыняў свае таямніцы – ён адмовіўся ад звычайнага бытавога афармлення, прапаноўваючы ўзамен умоўнае існаванне і ўсё натуральнае ў рэчавым свеце спектакля, які змяняўся на вачах у гледача. Усё, што звычайна адбывалася за кулісамі, дэманстравалася на вачах у прысутных у зале і тым самым выклікала яшчэ большую цікавасць.
Адной з першых яркіх работ Б. Герлавана на купалаўскай сцэне стала «Раскіданае гняздо» Я. Купалы. Эскізы дэкарацый да гэтага спектакля зафіксаваны ў «Тэатральнай энцыклапедыі» і дэманструюцца ў розных перыядычных выданнях, калі ідзе размова аб творчасці мастака. Спектакль быў прадстаўлены гледачу Б. Герлаванам і рэжысёрам Б. Луцэнкам як вялікі твор любімага беларускага паэта, як трагедыя і боль цэлага народа , якому давялося прайсці пакутлівы шлях да свайго ўласнага асэнсавання і абароны свабоды і годнасці.
Шмат фантазіі мастака ў задуме і сцэнічным увасабленні спектакля «Ажаніцца – не журыцца» Далецкіх і М. Чарота, які да сённяшняга дня на афішы тэатра імя Я. Купалы. Звычайная жаніцьба недарэчнага героя, жартаўлівыя сцэны з жыцця беларускай вёскі бачацца мастаку ў яркіх фарбах лета. Ён задрапіроўвае сцэну саламянымі перапляценнямі, упрыгожвае іх кветкамі і такім чынам змяшчае сваіх герояў у своеасаблівы казачны кораб, дзе і адбываюцца жартаўлівыя падзеі спектакля, у драматычнае дзеянне якога ўплятаюцца песні і танцы.
Значным для купалаўскай трупы стаў і спектакль «Плач перапёлкі» І. Чыгрынава, які апавядаў аб нялёгкім жыцці сялянскай вёскі ў гады вайны. Сцэнаграфія Б. Герлавана ператварала «Плач перапёлкі» ў высокую трагедыю канкрэтных людзей і цэлага народа, у глыбокі роздум аб нядоўгім чалавечым жыцці, якое само па сабе з'яўляецца каштоўнасцю і не можа быць кімсьці вымерана і бессэнсоўна абарвана.
Барысам Герлаванам створаны цэлы шэраг сцэнаграфічных праектаў па творах А. Дударава. Адным з першых яркіх спектакляў сталі «Радавыя» ў пастаноўцы В. Раеўскага. Дзякуючы сцэнаграфіі спектакль набыў сапраўднае гераічна-ўзнёслае гучанне, а драматычнае дзеянне ператварылася ў высокую трагедыю і незабыўную гісторыю беларускага народа.
Усе фарбы далёкіх стагоддзяў сабраны мастаком у спектаклях «Князь Вітаўт» і «Чорная панна Нясвіжа» А. Дударава, якія з'яўляюцца не толькі бясспрэчнымі ўдачамі Б. Герлавана, але і каштоўнымі здабыткамі сучаснага беларускага тэатра. Прастора спектакляў увасабляе ў сабе той далёкі, цудоўны і жорсткі час, які мы сёння з зацікаўленасцю разгадваем.
Сучасныя героі твораў А. Дударава не менш прывабныя для сучаснага тэатра і мастака. Адна з лепшых п'ес драматурга «Вечар» пастаўлена В. Раеўскім у сцэнаграфіі Б. Герлавана на вялікай сцэне, але спектакль атрымаўся камерным па сваім гучанні. Мастацкае афармленне спектакля рэалістычна-ўмоўнае, акрэсленае містычна-філасофскім гучаннем і напоўненае зменлівымі фарбамі позняй восені. У сцэнаграфіі Б. Герлавана і рэжысуры В. Раеўскага «Вечар», напісаны ў жанры камедыі, набывае драматычны сэнс і высокае ўзнёсла-паэтычнае, трапяткое гучанне.
Спектакль «Вольга» фінскай пісьменніцы Л. Руахонен у пастаноўцы А. Жугжды прыцягвае перш за ўсё сцэнаграфіяй Б. Герлавана. Здаецца, што ён свядома задумаў гэты спектакль як навагодняе свята, якое мы так доўга чакаем і якое павінна хутка пакінуць нас. Менавіта такі стан душы ў галоўнай гераіні спектакля Вольгі (М. Захарэвіч), які тонка адчувае мастак. П'еса, дзякуючы нечаканай вынаходніцкай сцэнаграфіі Б. Герлавана, набывае яшчэ большую прывабнасць і раскрывае таямнічы глыбокі сэнс звычайнага чалавечага жыцця, заключаны ў чаканні чароўнай зімы, якая аказваецца іншы раз бясконцай.
Мастацкае афармленне спектакля «Лес» А. Астроўскага вабіла свежасцю задумы і незвычайнай спакойнай атмасферай жыцця, створанай мастаком, якая на самой справе захоўвала ў сабе насцярожанасць і трывогу. Перад гледачом сутыкаліся два паралельныя сусветы, што знаходзіліся побач, але былі далёкія адзін ад аднаго, – свет пошласці і нахабства, у якім уладарылі грошы, і свет творчасці, унутранай незалежнасці і свабоды, які асацыяваўся з вечнасцю, мудрасцю і чысцінёй прыроды.
Вялікай творчай удачай Б. Герлавана стаў спектакль «Бура» У. Шэкспіра – мудрая філасофская прыпавесць аб існаванні чалавецтва ў Сусвеце. Розныя па колеры і форме касмічныя целы, іскрыстыя зоркі, нібы дыяменты, наплывалі, таемна прыцягваліся да галоўнага героя Проспера, быццам адчувалі неабходнасць існавання побач з ім таксама, як і ён з імі. Мастак ствараў на сцэне своеасаблівую лабараторыю зараджэння Сусвету, ідэальнага для росквіту інтэлекта і ўзаемаадносін паміж разумнымі істотамі. Сцэнаграфія спектакля сугучна велічы, прыгажосці і стройнасці шэкспіраўскага тэксту. «Бура» стала адным з першых спектакляў купалаўскай сцэны, дзе была выкарыстана лазерная ўстаноўка, якая дапамагала яшчэ больш падкрэсліць касмічнасць падзей і загадкавасць герояў.
Барыс Герлаван з поспехам працуе ў самых розных жанрах. Яму падуладны псіхалагічная драма, магутная трагедыя, іскрысты мюзікл. У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры мастак аформіў такія спектаклі, як «Несцерка» (1979) і «Судны час» (паводле «Трыбунала» А. Макаёнка, 1984) Р. Суруса, «Шклянка вады» У. Кандрусевіча (1994), «Дарагая Памела» М. Самойлава (1998). Іх мастацкае афармленне вылучаецца відовішчнасцю, густам і яркай тэатральнасцю.
Нечаканым адкрыццём стаў спектакль «Палачанка» А. Дударава на сцэне Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача (2000). Спектакль у пастаноўцы А. Андросіка і сцэнаграфіі Б. Герлавана атрымаўся таямнічым і надзвычай лірычным. Каханне галоўных герояў, паэтызацыя язычніцтва і яго багоў становяцца першаступеннымі ў прапанаваным гледачу відовішчы.
У 2000 г. у Гомельскім абласным драматычным тэатры Б. Герлаван ажыццявіў мастацкае афармленне спектакля «Каханая, я павінен памерці» («Сірано дэ Бержэрак») Э. Растана.
У 1991 г. мастак быў запрошаны ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў на пасаду выкладчыка сцэнаграфіі. У 1997 г. атрымаў вучонае званне прафесара.
Барыс Герлаван – адзін з выключных мастакоў тэатра, які ішоў у творчасці сваім уласным шляхам. Ён ніколі нікога не капіраваў, ствараў свой тэатр, робячы адкрыцці і кожным сваім спектаклем здзіўляючы гледача. Тэатральны крытык Б. Бур’ян адзначыў, што Б. Герлаван “здольны таленавіта расквеціць самыя цьмяныя і заблытана-супярэчлівыя матывы як самой драмы, так і яе рэжысёрскага бачання. Расквеціць сваім мастакоўскім розумам і фантазіяй. Гарманічнасць ягонай сцэнаграфіі ў ансамблі з акцёрамі-купалаўцамі стварае моцную сімвалічную энергію, промні якой зачароўваюць гледачоў”**.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.
* Цыт. па: Ярмалінская В. М. Сцэнаграфія Беларусі ХХ – пачатку ХХІ ст. / В. М. Ярмалінская. – Мінск, 2010. – С. 136.
** Мастацтва. – 1998. – № 5. – С. 35.