Дата пачатку: 14.09.1920 Мінск, г.
Кароткая даведка: старэйшы тэатр Беларусі, сімвал беларускай тэатральнай культуры, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2016)
Назвы на іншых мовах: The Yanka Kupala National Academic Theatre (англійская); Национальный академический театр имени Янки Купалы (руская);
Папярэднія назвы: БДТ; Беларускі акадэмічны тэатр імя Я.Купалы; Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ); Беларускі дзяржаўны тэатр імя Я. Купалы; Першы беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1)
Ужо 90 гадоў урачыста падымае заслону адзін з вядучых тэатраў рэспублікі – Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, старэйшы тэатр Беларусі. Шырокая рэпертуарная палітра гэтага тэатра ўключае ў сябе сучасныя п’есы, жанравыя пастаноўкі, рускую і замежную класіку. Традыцыйнае рашэнне і сучасная форма. Пластычная метафара і бытавая даставернасць. Трагічнае ўзрушанне і сатырычны гратэск. Філасофская прытча і фальклорная абраднасць. Тужлівая меладрама і вясёлая камедыя. Дэтэктыў і чароўная дзіцячая казка. Спектаклі купалаўскага тэатра шматфарбныя, разнастайныя, яны запрашаюць гледача да сумеснага роздуму. А пачыналася ўсё са знамянальнай даты – урачыстага адкрыцця Беларускага дзяржаўнага тэатра, якое адбылося 14 верасня 1920 г. У гэты дзень пад адным дахам Мінскага гарадскога тэатра ставілі спектаклі тры самастойныя трупы – беларуская, руская і яўрэйская. Аснову беларускай трупы склалі ўдзельнікі Першага таварыства беларускай драмы і камедыі на чале з Ф. Ждановічам. Яны паставілі спектакль “Рысь” паводле апавядання Э. Ажэшкі. З 1922 г. памяшканне тэатра замацавана толькі за беларускай трупай. Стваральнік і кіраўнік тэатра Ф. Ждановіч працягваў і развіваў творчыя здабыткі знакамітых папярэднікаў – В. Дуніна-Марцінкевіча, І. Буйніцкага. У рэпертуар увайшлі спектаклі : “Ганка”, “Апошняе спатканне”, “Бязродны” У. Галубка, “Рысь” і “Хам” Э. Ажэшкі. Але самымі любімымі ў гледача сталі купалаўскія творы – “Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”.
Важны этап у гісторыі тэатра звязаны з імем Е. Міровіча – таленавітага рэжысёра, драматурга, педагога, прыхільніка рэалістычнага мастацтва. Выхаванае ім першае пакаленне майстроў сцэны (У. Крыловіч, Л. Ржэцкая, Б. Платонаў, В. Пола, В. Галіна, У. Уладамірскі, М. Зораў, Г. Глебаў і інш.) садзейнічала развіццю народнага сцэнічнага мастацтва, фарміраванню нацыянальнай акцёрскай школы. Вызначальнымі ў гэты перыяд сталі спектаклі “На Купалле” М. Чарота, “Машэка” і “Каваль-ваявода” Е. Міровіча, якія спалучылі прыметы народнага побыту, спевы, танцы, элементы традыцыйнага фальклору. Першай драмай, увасобленай на сцэне тэатра, была пастаноўка “Кастусь Каліноўскі” Е. Міровіча, дзе выдатны акцёр У. Крыловіч стварыў гераічны вобраз народнага змагара. Акрамя беларускай драматургіі ставіліся п’есы ўкраінскіх, рускіх і польскіх аўтараў. У 1932 г. БДТ-1 (так тэатр называўся з 1926 г.) узначаліў рэжысёр Л. Літвінаў. Пастаноўкі сталі больш тэатральнымі, разнастайнымі па вобразнай мове. Мастацкае асэнсаванне роднай гісторыі, раскрыццё нацыянальнага беларускага характару вызначылі спектаклі па творах “Салавей” З. Бядулі, “Партызаны”, “Хто смяецца апошнім” К. Крапівы, “Бацькаўшчына” і “Ірынка” К. Чорнага. Творчую сталасць засведчылі таксама пастаноўкі класічных твораў – “Апошнія” М. Горкага, “Скупы” Мальера, “Дурная для іншых, разумная для сябе” Лопэ дэ Вэгі. У 1930-я гг. калектыў тэатра папоўніўся такімі выдатнымі акцёрамі, як У. Дзядзюшка, І. Шаціла, А. Бараноўскі, Р. Кашэльнікава, З. Стома, С. Станюта.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны тэатр быў эвакуіраваны ў г. Томск. Акцёрскія трупы выязджалі на фронт, выступалі ў шпіталях. Побач з п’есамі на ваенную тэматыку ставіліся класічныя творы. Вылучаліся спектаклі “Позняе каханне” А. Астроўскага і “Сабака на сене” Лопэ дэ Вэгі. Тут жа, у Томску, была адноўлена купалаўская “Паўлінка”, якая стала візітнай карткай тэатра. Па традыцыі гэта камедыя адкрывае кожны тэатральны сезон. У 1944 г. тэатру прысвоена імя Я. Купалы. Пасля вяртання тэатра ў Мінск аднаўляліся лепшыя з ранейшых спектакляў, даваенныя і падрыхтаваныя ў Томску. У пасляваенныя гады рэпертуар быў даволі разнастайны. Ставілася класіка: “Рамэа і Джульета” У. Шэкспіра, творы А. Астроўскага, А. Чэхава, беларускія п’есы А. Кучара, К. Губарэвіча, прысвечаныя падзеям мінулай вайны. Найбольш вылучаліся спектаклі “Канстанцін Заслонаў” А. Маўзона і “Мілы чалавек” К. Крапівы. У 1950-я гг. на купалаўскай сцэне пачалося трыумфальнае шэсце А. Макаёнка, чые спектаклі “Выбачайце, калі ласка!” і “Каб людзі не журыліся” “прагучалі” на той час смела. У 1955 г. пасля дэкады беларускага мастацтва ў Маскве тэатру надаецца званне “акадэмічны” і ён быў абвешчаны адным з лепшых тэатраў Савецкага Саюза. З 1960-х гг. пачынаецца новы перыяд дзейнасці тэатра. Прыход у калектыў творчай моладзі садзейнічаў больш актыўнаму пошуку новых выяўленчых сродкаў сцэнічнай выразнасці, жанраваму і тэматычнаму пашырэнню рэпертуару. У тэатры з’явіліся новыя акцёры: М. Яроменка, Г. Аўсяннікаў, В. Белахвосцік, Г. Гарбук, А. Мілаванаў, Г. Арлова і інш. Ставіліся п’есы маральна-этычнай праблематыкі: “Традыцыйны збор” В. Розава, “Чацвёрты” К. Сіманава, “Выклік багам” А. Дзялендзіка і інш. Сярод іх асобнае месца займалі спектаклі “Я, Бабуся, Іліко і Іларыён” Н. Думбадзе і Г. Лордкіпанідзе, “У мяцеліцу” Л. Лявонава. Адметнай з’явай у жыцці купалаўцаў стаў спектакль “Людзі на балоце” паводле І. Мележа, які вызначаўся драматызмам, высокай народнай паэтыкай.
Абнаўленне сцэнічнай эстэтыкі ў 1980-я гг. звязана з прыходам у тэатр рэжысёра В. Раеўскага. Пастаноўкі сталі больш яркімі, разнастайнымі па стылявым вырашэнні. Значна ўзбагацілі рэпертуар тэатра п’есы А. Макаёнка, К. Крапівы, М. Матукоўскага. Этапнымі для тэатра сталі спектаклі “Эшалон” М. Рошчына, “Брама бессмяротнаці” К. Крапівы, “Пагарэльцы” А. Макаёнка. У гэты перыяд актыўна супрацоўнічае з тэатрам А. Дудараў, чыя драматургія была накіравана на праблемы і пошукі новага пакалення, новую эстэтыку, пераасэнсаванне многіх традыцый. Так, спектакль “Радавыя” прынёс тэатру шмат прызоў і ўзнагарод на шматлікіх аглядах і фестывалях, а ў 1985 г. быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Сапраўднай тэатральнай падзеяй 1998 г. стаў спектакль “Князь Вітаўт”, які атрымаў высокую адзнаку на Трэцім міжнародным тэатральным фестывалі імя А. П. Чэхава. Выдатнымі дасягненнямі 1990-х гг. з’явіліся таксама пастаноўкі рэжысёра М. Пінігіна (з 2009 г. – мастацкі кіраўнік тэатра) – “Тутэйшыя” Я. Купалы і “Ідылія” В. Дуніна-Марцінкевіча, – у якіх з гумарам і затоеным болем вынаходліва праводзіцца аналогія паміж мінулым і сучасным. У гэтых спектаклях з бляскам выявіла сябе сярэдняе і малодшае пакаленне купалаўцаў – Л. Давідовіч, М. Захарэвіч, З. Белахвосцік, В. Манаеў, У. Кін-Камінскі, В. Філатаў і інш. Рэпертуар тэатра 2000-х гг. узбагаціўся такімі пастаноўкамі, як “Сымон-музыка” Я. Коласа, “Дзікае паляванне караля Стаха” У. Караткевіча, “Чорная панна Нясвіжа” і “Вечар” А. Дударава, “Піраміда Хеопса” Ю. Ломаўцава, “Эрык XIV” А. Стрындберга, “Чычыкаў” М. Гогаля, “Івона, прынцэса Бургундская” В. Гамбровіча, “Востраў Сахалін” А. Чэхава і інш. Пастаноўкі апошніх гадоў уражваюць рознабаковасцю і вобразнасцю. Лепшыя спектаклі тэатра заўсёды былі адметныя нацыянальнай самабытнасцю, філасофскім асэнсаваннем беларускага народнага характару, глыбокім пранікненнем у сацыяльную сутнасць з’яў, псіхалагічнай праўдай, рэалістычнай накіраванасцю, стылявым адзінствам, дасканалай сцэнічнай распрацоўкай вобразаў.
Сёння Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы – сімвал беларускай тэатральнай культуры, крыніца нацыянальнай драматургіі і смелага мастацкага пошуку, скарбніца тэатральных талентаў. Складальнікі яго лідзіруючай ролі ў тэатральным жыцці Беларусі – гэта высокапрафесійная акцёрская школа і пастановачная культура, клапатлівае захаванне сваіх традыцый і ў той жа час актыўны пошук новых тэатральных форм. Тэатр шмат гастралюе па рэспубліцы і за яе межамі, прымае ўдзел у міжнародных тэатральных фестывалях і конкурсах, карыстаецца вялікай павагай і любоўю мінчан і гасцей сталіцы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.