Кароткая даведка:
акцёр, народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1952)
Імёны на іншых мовах:
Дедюшко Владимир Иосифович (руская);
3005 сімвалаў
Даведка
У працэсе назірання за творчым ростам таго ці іншага майстра сцэны міжволі звяртаешся да школы, да пачатковага перыяду яго фарміравання. Заўсёды хочацца ведаць, хто быў яго педагогам? Бо разгарнуць прыродны талент, выхаваць у сябе працавітасць, пачуццё грамадзянскасці, добры густ можна толькі пад кіраўніцтвам вопытнага настаўніка. Уладзіміру Іосіфавічу Дзядзюшку пашчасціла. Яго акцёрскі талент узрос пад кіраўніцтвам славутага дзеяча беларускага сцэнічнага мастацтва У. Галубка. Спецыяльнай тэатральнай адукацыі Дзядзюшка не меў, але вялікая жыццёвая школа, якую ён прайшоў, вандруючы на працягу чатырнаццаці год па гарадах і вёсках Беларусі, стала яго акадэміяй. У БДТ-3 (так у той час называлі калектыў Галубка) семнаццацігадовы юнак трапіў у 1923 г. з аматарскага драматычнага гуртка. Шмат роляў сыграў ён на пачатку сваёй акцёрскай дзейнасці: Апанас, Мірон, Селянін, Адзінота з п'ес Галубка “Пісаравы імяніны”, “Суд”, “Пан Сурынта”, “Плытагоны”; Пратасавіцкі ў “Пінскай шляхце” В. Дуніна-Марцінкевіча і інш. Гэта былі сапраўдныя народныя вобразы, заснаваныя на фальклоры, нацыянальным каларыце.
У 1937 г. ужо сталым артыстам Дзядзюшка прыйшоў у трупу тэатра імя Я. Купалы – тады Першы беларускі дзяржаўны драматычны тэатр. Тут яго талент, асабліва ў нацыянальных вобразах, раскрыўся ў поўнай меры. Крыніцкі ў “Паўлінцы” Я. Купалы, Крушына ў “Канстанціне Заслонаве” А. Маўзона, Пытляваны ў “Пяюць жаваранкі” К. Крапівы, Язэп у “Салаўі” Зм. Бядулі… Варта было паглядзець акцёра ў гэтых ролях і адразу можна было зразумець і адчуць тое асаблівае, непаўторнае, што ўласціва менавіта беларускаму тэатру. Народнае ў вобразах Дзядзюшкі праяўлялася ва ўсім: і ў мове, і ў інтанацыях, і ў жэсце, і ў паходцы, і ў тэмпераменце. А галоўнае – у глыбокім разуменні сваіх герояў. Сочачы за Дзядзюшкам, можна было забыцца, што ты сядзіш у тэатры, настолькі яго ігра была натуральнай, шчырай, сапраўднай. За трыццаць шэсць гадоў працы ў купалаўскім тэатры было сыграна шмат роляў. Сярод іх нямала такіх, якія ўвайшлі ў “залаты фонд” нашай тэатральнай гісторыі. З поспехам выступаў Дзядзюшка і ў пастаноўках рускіх і замежных класічных твораў. Гэта былі Жадаў, Дародны (“Даходнае месца”, “Позняе каханне” А. Астроўскага), герцаг Альба (“Фландрыя” В. Сарду), Прэзідэнт (“Каварства і каханне” Ф. Шылера), Мантэкі (“Рамэо і Джульета” У. Шэкспіра), Дон Джэрома (“Дзень цудоўных падманаў” Р. Шэрыдана) і інш. Акрамя вялікай працы ў тэатры, Дзядзюшка здымаўся ў кіно ў ролях Крыніцкага, Крушыны, Шляхціца з “Несцеркі” і інш. Яго запрашалі ў тэлеспектаклі, і Дзядзюшка паспяхова выканаў ролі Чарнушкі (“Людзі на балоце”), Трахіма Сініцы (“Прымакі”), Гарбуза (“Суд”). Да апошніх дзён свайго жыцця Уладзімір Іосіфавіч вёў вялікую грамадскую дзейнасць, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, быў узнагароджаны ордэнам Леніна.
Творчая дзейнасць Уладзіміра Іосіфавіча Дзядзюшкі – натхнёны шлях акцёра-грамадзяніна, які да апошніх дзён (памёр 30.03.1973 г.) быў адданы справе нацыянальнага мастацтва.