Дата нараджэння:
28.11.1936 Навасёлкі, в., Мядзельскі раён, Мінская вобласць
Кароткая даведка:
актрыса тэатра і кіно, педагог, народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1984), узнагароджана ордэнамі Дружбы народаў (1986), Францыска Скарыны (2020), прызам Беларускага саюза тэатральных дзеячаў "Крыштальная Паўлінка" (2004), ганаровая грамадзянка Мядзельскага раёна (2014) і Мінскай вобласці (2012)
Імёны на іншых мовах:
Захаревич Мария Георгиевна (руская);
3963 сімвалы
Даведка
Імя Марыі Георгіеўны Захарэвіч шмат гадоў у цэнтры агульнай увагі. Калі згадваюць лепшых акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, абавязкова гавораць і пра яе. Дзякуючы непаўторнаму таленту і вытанчанаму майстэрству М. Г. Захарэвіч стварыла ў тэатры, кіно, на радыё і тэлебачанні шэраг запамінальных жаночых вобразаў, якія прывабліваюць цэласнасцю характару, душэўнай шчодрасцю і чысцінёй.
Марыя Георгіеўна нарадзілася ў в. Навасёлкі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Яе дзяцінства было азмрочана вайной і пасляваеннымі нягодамі. У школе дзяўчынка захапілася літаратурай, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, займалася ў драматычным гуртку і марыла паступіць у педагагічны інстытут, але настаўнікі ўпэўнілі ісці ў тэатральны. У 1953 г. яна, юная, прыгожая, з’явілася перад прыёмнай камісіяй Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Вопытны педагог Д. А. Арлоў разгледзеў у вясковай дзяўчыне прыроднае дараванне і не памыліўся. Ужо на чацвёртым курсе ёй прапанавалі сыграць галоўную ролю ў спектаклі “Пакуль мы маладыя” па першай п’есе І. Мележа ў Беларускім тэатры імя Янкі Купалы. Так вызначыўся лёс. І пакуль аднакурснікі Марыі чакалі размеркавання, яна ўжо іграла побач са славутымі купалаўцамі. Пачынаючая артыстка з радасцю згаджалася на любыя ролі, і рэжысёраў вабіла яе абаяльнасць, знешнасць станоўчай гераіні, мяккая манера выканання. Роляў было шмат. Вобразы, створаныя М. Г. Захарэвіч, вызначаліся логікай унутранага жыцця, душэўнай прыгажосцю, шчодрасцю, чысцінёй, маральнай стойкасцю, творчым асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу. Яе гераіні – жанчыны да болю знаёмыя, прывабныя, добрыя, інтэлектуальныя, шчырыя: Галя Жураўка ў спектаклі “Пакуль мы маладыя” па п’есе І. Мележа, Верачка ў спектаклі “Перад вячэрай” па п’есе В. Розава, Ганна ў спектаклі “На дне” па п’есе М. Горкага. Пазней былі створаны на сцэне Купалаўскага тэатра цудоўныя вобразы Ганны Чарнушкі ў “Людзях на балоце” паводле І. Мележа, Камісара ў “Аптымістычнай трагедыі” па п’есе У. Вішнеўскага, Луізы Браент у спектаклі “Праўду! Нічога, акрамя праўды!” па п’есе Д. Аля.
Васьмідзясятыя, дзевяностыя гады былі для Марыі Георгіеўны “зорнымі”: шмат здымалася ў кіно, стварала яскравыя вобразы на тэлеэкране, яе задушэўны голас гучаў са студыі радыётэатра. З’яўляючыся паслядоўным прапагандыстам нацыянальнай драматургіі, паэзіі, актрыса стварыла непаўторныя і незабыўныя вобразы беларускіх жанчын. У спектаклях па творах Я. Купалы, І. Мележа, І. Чыгрынава, І. Шамякіна, А. Макаёнка, А. Дударава М. Г. Захарэвіч дасягнула найвышэйшых творчых вышынь. За ўдзел у радыёспектаклях “Рыбакова хата” паводле Я. Коласа і “Хамуціус” паводле А. Куляшова атрымала Дзяржаўную прэмію БССР (1984). Узнагароджана таксама ордэнам Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны.
Даволі плённа актрыса працавала і як тэатральны рэжысёр. У Маладзечанскім абласным драматычным тэатры яна паставіла некалькі выдатных спектакляў – “Апошняя ахвяра” па п’есе А. Астроўскага, “Характары” паводле В. Шукшына. На сцэне Купалаўскага тэатра ажыццявіла пастаноўку адной з самых складаных, глыбока псіхалагічных п’ес замежнага драматурга М. Саймана “Я не пакіну цябе”. Гэты спектакль не толькі карыстаецца вялікай папулярнасцю ў гледачоў (ідзе з нязменным аншлагам), але і атрымаў высокую ацэнку тэатральных крытыкаў. На Міжнародным фестывалі “Славянскі тэатр. Сустрэчы” М. Г. Захарэвіч, якая сыграла Нэці ў гэтым спектаклі, стала пераможцай у намінацыі “Лепшая жаночая роля”.
На долю Марыі Георгіеўны выпала гучная слава. Яна і сёння артыстка запатрабаваная. Рэжысёры ахвотна запрашаюць М. Г. Захарэвіч у фільмы, спектаклі, радыёперадачы. Актрыса іграе страсна, псіхалагічна тонка, напаўняючы вобраз тэмпераментам, гумарам, драматызмам. Яе вочы даверліва глядзяць у залу, і так жа, як шмат гадоў назад, гучыць цудоўны голас. Марыя Георгіеўна Захарэвіч працягвае зачароўваць прыхільнікаў сцэнічнага мастацтва сваім майстэрствам.