Мастак тэатра, графік, ілюстратар Барыс Яўсеевіч Малкін нарадзіўся ў г. Прылукі Чарнігаўскай вобласці (Украіна). Яшчэ з дзяцінства пачаў займацца малюнкам і жывапісам, наведваў школу-студыю выяўленчага мастацтва. У 1925 г. Б. Малкін паступіў у Кіеўскую вышэйшую школу мастацтва, якую скончыў у 1929 г. У гэты перыяд вучобу сумяшчаў з творчай працай, прымаў удзел у мастацкіх выстаўках. У 1929 г. пераехаў у Мінск і назаўсёды звязаў свой лёс з Беларуссю. Да 1936 г. працаваў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве, часопісе «Чырвоная Беларусь». Барысам Яўсеевічам аформлены цэлы рад кніг беларускіх аўтараў. Ілюстрацыі да паэм «Над ракою Арэсай» Я. Купалы, «Яўген Анегін» А. Пушкіна, зборніка «Выбраныя творы» Цёткі займаюць прыметнае месца сярод лепшых работ графікаў Беларусі. У іх адчувалася ўменне мастака па-свойму прачытаць кожнага з аўтараў, стварыць кнігу, дзе графічнае рашэнне эквівалентна паэзіі.
Важнае месца ў творчасці Б. Малкіна займаў тэатральна-дэкаратыўны жывапіс. З 1937 г. ён працаваў у тэатрах Беларусі. На беларускай сцэне аформіў больш за 60 спектакляў. У Беларускім тэатры імя Я. Купалы стварыў дэкарацыі для спектакляў «Партызаны» (1938) і «Мілы чалавек» (1945) К. Крапівы, «Паўлінка» і «Прымакі» Я. Купалы, «Позняе каханне» (усе 1944) і «Запрацаваны хлеб» (1946) А. Астроўскага, «Маладая гвардыя» паводле А. Фадзеева (1947), «Востраў Афрадыты» А. Парніса (1960) і іншых; у Беларускім тэатры імя Я. Коласа – «Ірынка» К. Чорнага (1941); у Дзяржаўным рускім тэатры імя М. Горкага – «Аб сябрах-таварышах» У. Маса і М. Чарвінскага (1948), «Шалёныя грошы» А. Астроўскага, «Гаспадыня гасцініцы» К. Гальдоні, «Другое жыццё» Д. Угрумава і Цэйтліна (усе 1951), «Ад казкі да казкі» (1970); у Магілёўскім абласным драматычным тэатры – «Канстанцін Заслонаў» А. Маўзона (1947) і ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры – «Іспанцы» М. Лермантава (1955) і інш. Тэатральныя работы Б. Малкіна вылучаюцца элегантным густам, планавымі і перспектыўнымі знаходкамі, графічнай дакладнасцю, якая спалучаецца з цікавай колеравай палітрай, што надае сцэнаграфіі своеасаблівую выразнасць, эмацыянальнасць.
Барыс Малкін працаваў у кніжнай і станковай графіцы, ксілаграфіі, лінагравюры, аднак пейзаж займаў галоўнае месца ў яго творчасці. Сілуэт горада, цесныя вулачкі, плошчы ён імкнуўся насыціць вострым эмацыянальным станам. Так узніклі раннія работы «Стары Мінск», «Мінск. Сабор», «Стары горад» з серыі «Мінск». Гэтыя працы поўныя лірыкі і экспрэсіі. Яркая псіхалагічная характарыстыка людзей яўрэйскіх мястэчак адлюстравана мастаком у малюнках «Галава Старога», «Стары і ўнук», «Мястэчка», «Малітва» з серыі «Грамадзянская вайна». Работы Б. Малкіна выкананы ў самых разнастайных матэрыялах (гравюра на ліноліуме, дрэве, манаграфія, літаграфія, афорт, акварэль, гуаш, аловак). Цікавасць да стварэння графічнай вастрыні з жывапіснымі эфектамі святлаценю, паветранага асяроддзя і фактуры вызначылі месца складанай тэхнікі манатыпіі ў творчасці мастака. Яго работы «Блізіцца вясна», «Зімняя дарога», «Нацюрморт» і іншыя адметныя багатым выкарыстаннем колеру і фактуры. У гэтай тэхніцы выканана яркая серыя «Жорсткі век». Пасля паездкі за мяжу з'явіліся манатыпіі «Набярэжная Сены», «Стамбул», «Італьянскі дворык» і інш.
Пазней мастак захапіўся драўлянай скульптурай. Асаблівая прыгажосць дэкаратыўнай скульптуры ў тым, што яна сведчыць аб любві мастака да прыроды, яго вострай назіральнасці і жывой творчай фантазіі. Шмат вынаходлівасці ўкладваў у прамысловы плакат, этыкеткі, маркі заводаў. Многія прадпрыемствы краіны маюць маркі, выкананыя па эскізах Б. Малкіна. Распрацоўваў эскізы афармлення выставак, прадметаў быту (керамікі, роспісу тканін, шпалераў) і інш. Шмат працаваў у афармленні інтэр'ераў – гасцініца «Спадарожнік», салон-крама «Паўлінка» ў Мінску.
Барыс Яўсеевіч Малкін пакінуў вялікую спадчыну. Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у фондах Беларускага саюза мастакоў, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Дзяржаўным музеі выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна, прыватных калекцыях.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.