Зінаіда Пятроўна Зубкова, адна з вядучых актрыс Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, нарадзілася ў пасёлку Ульянаўка Тосненскага раёна Ленінградскай вобласці ў сям’і ваеннаслужачага. У гады Вялікай Айчыннай вайны разам з маці і малодшым братам некаторы час знаходзілася ў даўгаўпілскім канцэнтрацыйным лагеры «Шталаг-340». Пасля вызвалення сям’я засталася ў Латвіі. Яшчэ ў школе З. Зубкова пачала цікавіцца тэатрам. Яна ўдзельнічала ў літаратурных вечарах, наведвала драматычны гурток у Доме піянераў, маладзёжную студыю пры Даўгаўпілскім драматычным тэатры. У 1956 г. паступіла на акцёрскі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Вучылася на курсе вядомага рэжысёра К. Саннікава, адначасова займалася харэаграфіяй у балетнай студыі, якой кіравала народная артыстка БССР А. Мікалаева. У 1960 г. скончыла інстытут і была прынята ў трупу Беларускага тэатра імя Я. Купалы.
Зінаіда Зубкова – актрыса шырокага творчага дыяпазону, якая дасканала валодае майстэрствам пераўвасаблення. Яе акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладнасцю, выразнасцю сцэнічнага малюнка вобраза, глыбокім пранікненнем у псіхалагічную сутнасць характараў. Ужо ў пачатку тэатральнай кар’еры З. Зубкова выканала шэраг яркіх запамінальных роляў, сярод якіх – Леанора ў спектаклі «Дзень цудоўных падманаў» («Дуэнья») Р. Шэрыдана, у якім актрыса іграла з вялікімі майстрамі сцэны Г. Глебавым, У. Дзядзюшкам, С. Станютай. Не менш цікавай была рамантычная Сіпрыена ў пастаноўцы «Тысяча франкаў узнагароды» В. Гюго, дзе партнёрам З. Зубковай быў знакаміты З. Стома. Сапраўднай школай майстэрства стала для актрысы роля Дзіяны ў спектаклі «Канец – справе вянец» У. Шэкспіра. Аднак самымі яркімі яе работамі сталі ролі ў пастаноўках рэжысёра Б. Эрына. Асабліва ў спектаклі «У мяцеліцу» Л. Лявонава, дзе З. Зубкова ў ансамблі з прызнанымі майстрамі – Л. Рахленкам, Л. Ржэцкай, Г. Макаравай, Б. Уладамірскім, І. Шацілам – стварыла поўны драматызму вобраз Зоі. Майстэрства, набытае гадамі працы са знакамітымі партнёрамі, прынесла актрысе прызнанне і поспех. На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы яна сыграла больш за сто самых разнастайных роляў: гераічных, драматычных, вострахарактарных, камедыйных. Лепшыя работы ў беларускім рэпертуары – Уршуля («Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча), Соня, Наташа, Зіна («Лявоніха на арбіце», «Выбачайце, калі ласка!», «Трыбунал» А. Макаёнка), Каця, Света («Начное дзяжурства», «Выклік багам» А. Дзялендзіка), Мануэла («Напісанае застаецца» А. Петрашкевіча), Зіна Зёлкіна («Хто смяецца апошнім» К. Крапівы), Варвара («Страсці па Аўдзею» У. Бутрамеева), Ганна («Вечар» А. Дударава), Бежанка («Не мой» паводле А. Адамовіча) і інш. У спектаклях па творах зарубежнай класікі з тонкім пранікненнем З. Зубкова выканала ролі Ніколь («Мешчанін у дваранах» Ж.Б. Мальера), Меліі («Месье Амількар, або Чалавек, які плаціць» І. Жаміяка), Мэры («Гаральд і Мод» К. Хігінса і Ж.К. Кар’ера). Запамінальнымі сталі вобразы, створаныя па драматургічных творах рускіх аўтараў. Сярод іх – Наташа («На дне» М. Горкага), Аграфена Кандрацьеўна («Свае людзі – паладзім» А. Астроўскага), Верачка («Перад вячэрай» В. Розава), Наташа («104 старонкі пра каханне» Э. Радзінскага) і інш. Найбольш ярка шматгранны талент З. Зубковай раскрыўся ў ролі Нявесты ў эксперыментальнай пастаноўцы «Вяселле» па А. Чэхаву, якую актрыса сыграла ва ўзросце 75 гадоў. У час гастроляў тэатра гэты спектакль з вялікім поспехам ішоў у Францыі, Іспаніі, Германіі, Грузіі, Азербайджане, Румыніі, Расіі, Украіне і краінах Балтыі. Імя З. Зубковай добра вядома і аматарам кіно. У мастацкіх і тэлевізійных фільмах яна стварыла запамінальныя вобразы, якія вызначаюцца яркім выканальніцкім майстэрствам. Сярод найбольш вядомых кіна- і тэлестужак – «Каменская» (1999), «Застава Жыліна» (2008), «Ваўкі» (2009), «Ціхі цэнтр» і «Талаш» (2011), «Вангелія» (2013) і інш. У кожнай ролі актрыса імкнулася перадаць думкі сваіх герояў, абудзіць цікавасць да іх жыцця. Яна працягвае здзіўляць аматараў тэатра і кіно сапраўдным прафесіяналізмам. Зінаіда Пятроўна Зубкова і сёння выходзіць на сцэну Купалаўскага тэатра і здымаецца ў фільмах.
У 1984 г. актрыса атрымала Дзяржаўную прэмію БССР (за ролю Марысі ў радыёспектаклі «Хамуціус» паводле паэмы А. Куляшова). У 1989 г. была ўдастоена звання «Заслужаная артыстка БССР». У 2013 г. стала народнай артысткай Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.