Адзін з лепшых вучняў славутай Любові Іванаўны Мазалеўскай, Павел Дубашынскі з першых выступленняў на тэатральных падмостках паказаў сваю адданасць той артыстычнай школе, што вышэй за ўсё ставіць жыццёвасць сцэнічных вобразаў. Не люстэркавае адлюстраванне, а падабенства героя спектакля да рэальнага чалавека — першае і галоўнае творчае імкненне тых артыстаў, да якіх адносіўся і Павел Дубашынскі. Калі ўспомніць створаныя ім вобразы, то адразу прыгадваюцца твары простых людзей, адкрытых, ласкавых, жыццелюбівых. І, успамінаючы іх, нібыта дакранаешся да крыніцы народнай мудрасці, бо Дубашынскі валодаў усімі якасцямі беларускага характару: прастатой, павагай да людзей, працавітасцю, тонкім гумарам і цярплівасцю.
Ён не марыў пра тэатр з дзяцінства, нават не ведаў, што такое дзіва існуе. У вёсачцы Гарбуны, дзе нарадзіўся Дубашынскі, кіно не паказвалі. Толькі пасля вызвалення Шаркоўшчыны Чырвонай Арміяй і ўстанаўлення Савецкай улады ўбачыў ужо дзесяцігадовым хлапчуком першы ў жыцці мастацкі фільм. Магчыма, ён і вырашыў лёс будучага артыста. А можа брат паўплываў на яго? Ён быў надзвычай тонкай артыстычнай натурай. Вельмі любіў музыку, іграў на гітары. А можа тыя два спектаклі Ленінградскага тэатра імя Камісаржэўскай “Каварства і каханне” Ф. Шылера і “Жаніцьба Бальзамінава” А. Астроўскага, што прывезлі ў райцэнтр адразу ж пасля вызвалення яго ад немцаў, дапамаглі Дубашынскаму знайсці сваё месца ў жыцці. На жаль, у год заканчэння школы не было прыёму ў тэатральны інстытут, і будучы артыст уладкаваўся на працу ў раённы зямельны аддзел. І ўсё ж праз год ён стаў студэнтам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Спачатку вучыўся на курсе Барыса Мардвінава, а потым яго педагогам стала Л.І. Мазалеўская — першая беларуская кінаактрыса, якая захапіла сваіх студэнтаў марай пра новы тэатр для дзяцей і юнацтва. У хуткім часе яна ўзначаліла Беларускі ТЮГ і прыцягнула да работы ў ім сваіх лепшых выхаванцаў. Так Павел Дубашынскі стаў акцёрам Тэатра юнага гледача, якому аддаў дзесяць самых шчаслівых гадоў.
Новы тэатр толькі шукаў сваё творчае аблічча, рэпертуар, сваіх аўтараў, і маладым акцёрам адразу выпала нялёгкая доля. Менавіта вясковае паходжанне Паўла Дубашынскага паспрыяла таму, што шмат у якіх ролях ён арганічна ставіў самога сябе ў прапанаваныя абставіны і паўставаў у агнях рампы вельмі натуральным Лявонам або Федзем Жыгліцкім у п’есах І. Козела “Папараць-кветка” і “Над хвалямі Серабранкі”, Валодзем у “Юных мсціўцах” А. Гутковіча і У. Хазанскага, Адасем у фальклорна-казачным творы “За лясамі дрымучымі” А. Вольскага і П. Макаля. Сярод работ Паўла Дубашынскага было шмат такіх, што хвалявалі, трывожылі, захаплялі. Напрыклад, з Л. Мазалеўскай артыст працаваў над Шпекіным у “Рэвізоры” М. Гогаля. Вобраз Прысыпкіна ў “Клапе” У. Маякоўскага ён стварыў пад кіраўніцтвам Б. Дакутовіча (а гэта вучань Ю. Завадскага). Паплечнік Ус. Меерхольда В. Фёдараў вывеў артыста ў вобразе Лансу ў шэкспіраўскіх “Двух веронцах”. Прагны да творчай працы, П. Дубашынскі з кожнай такой сустрэчы штосьці каштоўнае прызапашваў і для сябе. І калі яго запрасілі ў 1967 г. у Акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, ён адчуваў сам, што ў яго склаўся пэўны акцёрскі характар, блізкі па духу таму, што можа лічыцца паняццем “купалаўскі артыст”, “купалавец”. Дубашынскаму была ўласціва, мабыць, самая прыкметная рыса беларускага акцёра драмы — арганічнае самаадчуванне ў вобразе таго героя, якога ён як бы выводзіў на падмосткі, калі сам з’яўляўся на іх. Расказаць пра ўсе ролі Дубашынскага-купалаўца проста немагчыма, бо як акцёр ён ніколі не адмаўляўся ні ад невялікіх, ні ад эпізадычных роляў. Да найбольш удалых акцёрскіх работ Паўла Дубашынскага адносяцца ў беларускай драматургіі: Камендант, Ломцеў (“Трыбунал”, “Таблетку пад язык” А.Макаёнка), Гастрыт (“Вечар” А. Дударава), Дабрыян (“Брама неўміручасці” К. Крапівы), Язэп Карыта (“Ажаніцца — не журыцца” паводле Далецкіх і М. Чарота) і інш. Асаблівага поспеху дасягнуў П. Дубашынскі ў выкананні класічных вобразаў: князь К. (“Дзядзечкаў сон” паводле Ф. Дастаеўскага), Глахуна (“Закон вечнасці” паводле Н. Думбадзе), граф дэ Мірмон (“Лесвіца славы” Э. Скрыба) і інш.
П. Дубашынскі валодаў вялікім дарам пераўвасаблення, адмысловай тэхнікай сцэнічнага выканання — дасканалай пластыкай, багатай палітрай інтанацый, мімікай, жэстам, здольнасцю да імправізацыі. Усяго сябе ён цалкам аддаваў сцэне: рэпетыцыі, спектаклі, радыё, тэлебачанне, кіно, гастролі… У тэатры трымаўся да апошняга дня свайго жыцця (памёр 02.04.2000 г.). І назаўсёды застаўся ў яго гісторыі і ў памяці ўдзячных гледачоў.