Кароткая даведка:
актрыса, педагог, народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1948)
Варыянты імя:
Ждановіч-Платонава Ірына Фларыянаўна
Імёны на іншых мовах:
Жданович Ирина Флориановна (руская); Жданович-Платонова Ирина Флориановна (руская);
3914 сімвалы
Даведка
Прыма Купалаўскага тэатра сярэдзіны XX ст., народная артыстка Беларусі, дачка стваральніка і першага мастацкага кіраўніка БДТ-1 Ф.П. Ждановіча, сябар і жонка выдатнага драматычнага артыста гэтага тэатра Б. Платонава, І.Ф. Ждановіч на працягу многіх гадоў прыносіла аматарам беларускага тэатральнага мастацтва радасць сваёй выразнай і тэмпераментнай ігрой. У тэатр у той час хадзілі “на Ждановіч”, і яна шчодра дарыла гледачам шчаслівыя хвіліны.
На сцэну Ірыну Фларыянаўну прывёў яе бацька. У адзінаццаць год ён даручыў ёй ролю хлопчыка ў сваёй пастаноўцы “Раскіданага гнязда” Я. Купалы, а з чатырнаццаці год яна была ўжо ў штаце Беларускага дзяржаўнага тэатра, на практыцы вучылася традыцыям акцёраў. У першыя гады сваёй працы ў тэатры І. Ждановіч сыграла шмат роляў хлопчыкаў і дзяўчынак. Яна вельмі падыходзіла для гэтых вобразаў. Рост, фігура, голас, узрост. Ужо ў першых сваіх ролях актрыса імкнулася знайсці характэрныя рысачкі, расказаць пра кожнага са сваіх маленькіх герояў хай невялікую, але праўду. У трыццатыя–саракавыя гады ад роляў травесці І. Ждановіч перайшла да выканання драматычных роляў, стала асноўнай драматычнай гераіняй у калектыве тэатра, выдатна ўвасабляла трагедыйныя вобразы.
Права быць драматычнай актрысай прынесла І. Ждановіч роля Марылькі з “Бацькаўшчыны” К. Чорнага. Актрыса выявіла ў ёй свой тэмперамент, па-майстэрску, унутрана апраўдана паказала станаўленне свядомасці гераіні. Гэта роля стала не толькі этапнай у яе творчасці, але і вылучыла І. Ждановіч у шэраг вядучых акцёраў тэатра. Бліскучай работай актрысы, адной з самых дарагіх і любімых у гледача роляў была афінагенаўская Машачка з аднайменнай п’есы. Народны артыст СССР Л. Рахленка пра Машачку І. Ждановіч казаў, што яна была нейкая непаўторная, непадобная ні да адной з вядомых яму па пастаноўках гэтай п’есы іншымі тэатрамі краіны. Значнай вехай у творчай біяграфіі актрысы стала роля Ані з п’есы А. Маўзона “Канстанцін Заслонаў”, за якую ёй была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР 1948. Гэта эпізадычная роля, якая ў спектаклях іншых тэатраў глядзелася проста як прахадная, у выкананні І. Ждановіч стала адной з самых яркіх у спектаклі.
Рэпертуар І. Ждановіч быў шырокі і разнастайны. Актрыса выконвала ролі сваіх сучасніц, раскрывала духоўны свет гераінь А. Астроўскага, У. Шэкспіра, Г. Ібсена, Лопэ дэ Вэгі. Яе гераіні – натуры ўзнёслыя, мужныя, самаахвярныя, яны сцвярджалі ідэалы дабра і розуму, маральную чысціню і чалавечую годнасць. Ужо будучы вядучай актрысай тэатра І. Ждановіч сыграла шэкспіраўскую Джульету. Спектакль “Рамео і Джульета” стаў значнай падзеяй тагачаснага культурнага жыцця Беларусі. Актрыса бліскуча адчула аўтара, стыль эпохі, у якой жыла гераіня, і прыўнесла ў гэты вобраз лірызм і паэзію. Асобнае месца ў творчасці І. Ждановіч занялі горкаўскія вобразы. У п’есе А.М. Горкага “Апошнія” яна сыграла адну з лепшых сваіх роляў – Веру Каламійцаву. Гэта роля стала трыумфам актрысы, вывела яе на ўсесаюзную сцэну. Пасля “Апошніх” з горкаўскай драматургіяй яна сустрэлася ў псіхалагічнай драме “Зыкавы”, дзе выканала ролю Соф’і. З вобразаў, створаных актрысай на купалаўскай сцэне, нельга не назваць Цётку са “Шчасця паэта” В. Віткі, Нору з аднайменнай п’есы Г. Ібсена, Ганну Карэніну з аднайменнай п’есы паводле Л. Талстога і інш.
Акцёрскія здольнасці актрысы знайшлі свой працяг у яе рэжысёрскай працы. Першым спектаклем, які яна паставіла на купалаўскай сцэне, быў спектакль-казка “Пунсовая кветачка” І. Карнавухавай і Л. Браўсевіча, у якім Ждановіч-рэжысёр вырашала вечную тэму барацьбы дабра са злом. Ставіла яна “Таню” А. Арбузава і “Праз дваццаць год” М. Святлова. У рэжысёрскай рабоце І. Ждановіч добра выявіліся яе здольнасці педагога, якія яна з поспехам рэалізавала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе працавала з 1962 па 1969 г. Да мастацтва І.Ф. Ждановіч адносілася як да святога служэння і пакінула свой непаўторны след на купалаўскай сцэне.