Імя Вольгі Барысаўны Ладыгінай займае ганаровае месца ў гісторыі беларускай архітэктуры. Яна ўваходзіць у лік архітэктараў, якія ўдзельнічалі ў пасляваенным аднаўленні і развіцці сталіцы і іншых гарадоў краіны.
Нарадзілася Вольга Ладыгіна 23 снежня 1922 г. у Маскве ў сям’і вядомага вучонага, педагога, інжынера-будаўніка, члена-карэспандэнта АН БССР Барыса Іванавіча Ладыгіна. Маці, Арыядна Пампееўна, родная сястра знакамітай опернай спявачкі Ларысы Александроўскай, выкладала французскую мову. У 1926 г. сям’я Ладыгіных пераехала ў Мінск.
У 1940 г. Вольга Ладыгіна паступіла на архітэктурны факультэт Ленінградскага інстытута інжынераў камунальнага будаўніцтва (цяпер Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт). У жніўні 1941 г. яна ў складзе групы студэнтаў прымала ўдзел у падрыхтоўцы абарончых рубяжоў на подступах да Ленінграда. У сакавіку 1942 г. была эвакуіравана ў Есентукі, у 1944–1949 гг. вучылася ў Маскоўскім архітэктурным інстытуце. Разам з мужам, аднакурснікам Я. Заслаўскім, атрымала накіраванне ў інстытут “Белдзяржпраект” у Мінску. З 1949 г. Вольга Барысаўна працавала ў “Белдзяржпраекце”, дзе прайшла шлях ад радавога супрацоўніка да галоўнага архітэктара інстытута.
Яе творчая праца пачыналася ў прафесара М.В. Баршча, майстэрня якога стварала праекты планіроўкі і забудовы плошчаў Перамогі і Якуба Коласа на Ленінскім праспекце (цяпер праспект Незалежнасці). Менавіта тут малады архітэктар атрымала выдатны вопыт рэальнага праектавання.
Яе першыя самастойныя аб’екты: масты цераз Заходнюю Дзвіну ў Віцебску (сумесна з Я. Заслаўскім, 1955), цераз Дняпро ў Магілёве (1955), вадаскідныя збудаванні і ГЭС на Заслаўскім вадасховішчы (1955) на Усесаюзным аглядзе работ маладых архітэктараў 1957 г. атрымалі Дыплом Саюза архітэктараў СССР.
Галоўны накірунак творчасці В.Б. Ладыгінай – архітэктура жылых і грамадскіх будынкаў. Яна праектавала буйныя аб’екты: галоўны корпус Беларускага тэхналагічнага інстытута (цяпер Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, 1956, у суаўтарстве з А.П. Брэгманам), лабараторны корпус НДІ будаўніцтва і архітэктуры Дзяржбуда БССР (цяпер Беларускі НДІ па будаўніцтве, 1960, у суаўтарстве), жылыя дамы па вул. Варвашэні, Казлова, В. Харужай, М. Горкага, Кульман (1963–1980), жылы дом з гастраномам “Сталічны” на Ленінскім праспекце (1962). У 1960-я гг. пад кіраўніцтвам Вольгі Барысаўны праектуецца буйны комплекс НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ў Бараўлянах (цяпер Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, 1963) і абласной клінічнай бальніцы ў пас. Лясное (цяпер аграгарадок Лясны Мінскага раёна, 1967, у суаўтарстве з А. Канстанціновічам і Н. Аладавай).
Пасля землятрусу ў Ташкенце (1966) Вольга Барысаўна распрацавала праекты жылых дамоў для ўзвядзення ў разбураным горадзе раёна Чыланзар.
Найбольш вядомым аб’ектам Вольгі Ладыгінай з’яўляецца Водна-спартыўны камбінат (цяпер Палац воднага спорту, 1967). Будынак палаца быў адзначаны сярэбраным медалём ВДНГ і быў унесены ў спіс помнікаў беларускай архітэктуры савецкага перыяду, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Рабоце над праектам стварэння буйнога спартыўна-аздараўленчага комплексу, у які арганічна ўваходзіць Палац воднага спорту, архітэктар прысвяціла 25 гадоў. Амаль палова творчага жыцця В. Ладыгінай аддадзена праектаванню і будаўніцтву жылога раёна ўздоўж вул. В. Харужай у Мінску (1964–1990).
У 1992 г. у в. Доры Валожынскага раёна Мінскай вобласці адбылося адкрыццё мемарыяльнага комплексу “Загінуўшых чакаюць вечна” ў памяць мірных жыхароў, загубленых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Над стварэннем мемарыяла Вольга Барысаўна Ладыгіна працавала сумесна са скульптарам М. Кандрацьевым і архітэктарам С. Федчанкам. Сярод іншых праектаў, распрацаваных В.Б. Ладыгінай у складзе аўтарскіх калектываў, – Палац культуры вытворчага аб’яднання “Хімвалакно” ў Магілёве (1976), праект рэканструкцыі інтэр’ераў будынка Прэзідыума НАН Беларусі (1982), першага мікрараёна па вул. Валгаградскай і Кедышкі, грамадска-гандлёвага цэнтра па вул. Куйбышава (1997). В.Б. Ладыгіна з‘яўляецца аўтарам звыш 80 рэалізаваных праектаў.
З 1988 г. Вольга Барысаўна ўзначальвала аддзел Галоўэкспертызы пры Дзяржбудзе БССР, актыўна займалася грамадскай дзейнасцю: член праўлення Саюза архітэктараў БССР (больш за 20 гадоў, старшыня праўлення ў 1961–1964 гг.) і Саюза архітэктараў СССР (5 гадоў). Яна прымала ўдзел у міжнародных кангрэсах па архітэктуры: у складзе дэлегацыі Саюза архітэктараў СССР на Кубе, дэлегатам ад БССР – на Міжнародным кангрэсе жанчын у Маскве. У 1972 г. яе творчасць была прадстаўлена ў ліку работ савецкіх жанчын-архітэктараў на выстаўцы ў Парыжы.
Шматгранная дзейнасць В.Б. Ладыгінай адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1981), Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, граматамі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, Міжнароднага саюза архітэктараў, Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Узбекскай ССР, медалямі. У 1969 г. В.Б. Ладыгінай у ліку першых было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны архітэктар БССР”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.