У 2023 г. заснавальніку праектнай справы ў Рэспубліцы Беларусь інстытуту «Белдзяржпраект» споўнілася 90 гадоў. Кваліфікаваныя спецыялісты арганізацыі на працягу ўсяго гэтага часу на высокім тэхнічным узроўні ствараюць архітэктурнае аблічча краіны, праектуюць комплексы і будынкі культуры, аховы здароўя, спорту, сацыяльна-бытавога прызначэння.
У 1933 г. у адпаведнасці з пастановай № 210 Савета Народных Камісараў БССР быў утвораны Беларускі дзяржаўны праектны інстытут (Белдзяржпраект). Яго асноўнай задачай стала выкананне праектных работ па ўсіх галінах будаўніцтва. Да канца 1930-х гг. ва ўстанове склаўся свой творчы калектыў архітэктараў, горадабудаўнікоў, канструктараў, інжынераў, сярод якіх – мэтр Ленінградскай школы І.Р. Лангбард, адзін з заснавальнікаў савецкай архітэктуры Беларусі. Да канца 1930-х гг. Белдзяржпраект канчаткова сфарміраваўся як комплексная праектна-пошукавая арганізацыя шырокага горадабудаўнічага профілю, якая аб’ядноўвала філіялы ў Гомелі, Віцебску, Магілёве і Беластоку, па праву заняла месца флагмана праектавання масавага будаўніцтва ў Беларусі. Вядомыя праекты гэтага перыяду – Дом урада БССР, Акруговы Дом афіцэраў, генеральныя планы Мінска і Гродна, Камсамольскае возера (Мінск) і інш.
У пасляваенныя гады спецыялісты інстытута прымалі актыўны ўдзел у аднаўленні разбураных гарадоў. Былі распрацаваны і ажыццёўлены генеральныя планы Мінска, Гомеля, Магілёва, Бабруйска, Полацка, Оршы, Віцебска, Брэста і некаторых іншых гарадоў. У другой палове 1950-х гг. Белдзяржпраект выйшаў на ўзровень перадавых праектных арганізацый Савецкага Саюза. Высокакваліфікаваныя спецыялісты, значнасць выконваемых работ, прагрэсіўная накіраванасць тэхнічнай палітыкі дазволілі вырашаць сур’ёзныя горадабудаўнічыя, архітэктурна-мастацкія і інжынерныя пытанні. У перыяд 1960–1980-х гг. інстытутам быў выкананы велізарны аб’ём работ у сферы жыллёвага і культурна-бытавога будаўніцтва, значная колькасць заказаў арганізацыя выконвала па найважнейшых саюзных будоўлях.
У жніўні 1990 г. арганізацыя стала арэндным прадпрыемствам «Інстытут Белпраект». Да пачатку 2000-х гг. таленавітымі майстрамі Белпраекта з ужываннем найноўшых тэхналогій створаны дзясяткі буйных грамадскіх, адміністрацыйных, жылых, спартыўных збудаванняў, аб’ектаў адукацыі, аховы здароўя, якія сталі арганічнай часткай беларускага гарадскога асяроддзя. Так, напрыклад, архітэктурныя рашэнні Рэспубліканскага дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтра па вул. Севастопальскай у Мінску былі адзначаны Гран-пры фестывалю «Архітэктура–2000» за лепшую пабудову года. 11 кастрычніка 2005 г. адбылася знамянальная падзея – прынята рашэнне аб пераўтварэнні арэнднага прадпрыемства «Інстытут “Белпраект”» ва ўнітарнае дзяржаўнае прадпрыемства «Белдзяржпраект», у маі 2006 г. яно стала рэспубліканскім.
За апошнія дзесяцігоддзі ў галіне праектавання і рэканструкцыі рэалізаваны шматлікія маштабныя праекты, такія, як Палац Рэспублікі, батанічны сад у г. Мінску, кінатэатр «Беларусь» у г. Мінску, навучальны корпус Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатра оперы і балета, шматпрофільны культурна-спартыўны комплекс «Мінск-Арэна», Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, РНПЦ «Маці і дзіця» ў г. Мінску, Цэнтр супрацоўніцтва ў галіне трансфармацыі навукова-тэхнічных дасягненняў у Індустрыяльным парку «Вялікі камень», Дом міласэрнасці ў г. Мінску, майстар-план забудовы Алматы Арэна-парк у Казахстане і інш.
Усяго за гады сваёй дзейнасці інстытутам запраектавана больш за 4000 аб’ектаў – ад простых будынкаў да ўнікальных збудаванняў. Белдзяржпраект удастоены шматлікіх высокіх узнагарод, у іх ліку ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1983), дыплом Саюза архітэктараў Расіі за архітэктуру (2007), Знак Пашаны «Лепшая кампанія СНД» (2008), Залаты сертыфікат якасці (2010), Прэмія Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2011) і інш.
У 2018 г. шляхам акцыянавання інстытута «Белдзяржпраект» адной з кітайскіх кампаній было створана Адкрытае акцыянернае таварыства «Інстытут “Белдзяржпраект”» і ў гэтым жа годзе зарэгістравана ў якасці рэзідэнта індустрыяльнага парка «Вялікі камень».
Белдзяржпраект адыгрывае важную ролю ў рэалізацыі архітэктурнай і горадабудаўнічай палітыкі Беларусі. Сярод беларускіх праектных арганізацый – яна адна з першых, хто пачаў укараняць BIM-тэхналогіі (тэхналогіі інфармацыйнага мадэлявання), што дазволіла забяспечыць высокую якасць выконваемых работ. У 2020 г. у складзе Белдзяржпраекта з’явілася асобнае падраздзяленне, якое займаецца развіццём і ўкараненнем лічбавага праектавання – ВІМ-офіс. Сярод паслуг Белдзяржпраекта – распрацоўка перадпраектнай і праектнай дакументацыі, інжынернае суправаджэнне аб’ектаў на стадыі іх праектавання і будаўніцтва, праца над дызайн-праектамі і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.