Заслужаны архітэктар Беларусі Элкана Маркавіч Гальдштэйн нарадзіўся ў Мінску. Навучаўся ў Ленінградскім інжынерна-будаўнічым інстытуце (цяпер Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт), але вучобу прыпыніла Вялікая Айчынная вайна. Юнак удзельнічаў у баях, быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені, медалямі.
У 1950 г. малады архітэктар скончыў інстытут, пачаў працу ў Ваенпраекце (цяпер РУП «Інстытут «Ваенпраект») і актыўна ўключыўся ў работу па аднаўленні зруйнаваных гарадоў і вёсак. У 1951 г. Э.М. Гальдштэйн быў прыняты ў склад Беларускага саюза архітэктараў, з 1952 г. працаваў на пасадах галоўнага архітэктара праектаў і галоўнага спецыяліста Белдзяржпраекта (цяпер РУП «Інстытут Белдзяржпраект»). Асноўнымі працамі маладога архітэктара сталі: жылы дом з магазінам «Ваенная кніга» (1951), будынак радыётэхнічнага тэхнікума (Мінскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхнічны каледж) (1956), кемпінг «Минский» па Брэсцкай шашы (1960), сяміпавярховы будынак Фундаментальнай бібліятэкі імя Я. Коласа АН Беларусі з дзесяціярусным кнігасховішчам (цяпер Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я. Коласа НАН Беларусі) (1967), эксперыментальныя школы з басейнамі ў Салігорску (1966) і Брэсце (1969).
Элкана Маркавіч шмат працаваў у суаўтарстве з архітэктарамі М. Ліўшыцам, Ю. Бічанам і У. Ісачанкам. Гэтым аўтарскім калектывам створаны і ажыццёўлены шэраг праектаў: комплекс жылых дамоў для афіцэрскіх сем’яў, якія былі спраектаваны ў канцы 1940-х гг., а пабудаваны ў канцы 1950-х гг. Свой выбар яны зрабілі на карысць папулярнага ў той час класічнага стылю. Так з’явіліся дамы (№№ 14,16,18) па вуліцы Камуністычнай і Чырвонай (№№ 3, 5) у Мінску.
Наступны перыяд творчасці Э.М. Гальдштэйна характарызуецца шэрагам збудаванняў для ўстаноў адукацыі: праект забудовы першай вучэбнай зоны па Дзяржынскай шашы (1970), Дом настаўніка (цяпер Ліцэй БДУ, 1976), корпус гарадскога прафесійнага вучылішча кінамеханікаў (цяпер Мінскі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання), будынкі Мінскага медыцынскага інстытута (цяпер Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт), эксперыментальная школа са спартыўнымі заламі і басейнамі ў мікрараёне Усход-1 (усе 1979), забудова вул. Сямашкі, серыя тыповых праектаў школ і дашкольных устаноў (1960–1980), дзіцячая школа мастацтваў у Нароўлі (1989) і інш. Прапанаваныя Э. Гальдштэйнам праекты школ сталі лепшымі ў краіне і актыўна будаваліся ў Расіі, Прыбалтыцы, на Украіне. Будынкі, узведзеныя па праектах архітэктара, лёгка пазнаць і сёння, яны адрозніваюцца функцыянальным зандзіраваннем, выразнай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыяй. Э.М. Гальдштэйн падзяліўся сваім вопытам у навуковых працах па праблемах архітэктуры вучэбных будынкаў.
У 1960 г. на Міжнародным конкурсе «Экспериментальный район на Юго-Западе Москвы» Элькана Маркавіч Гальдштэйн быў адзначаны ганаровым дыпломам, а яго праект помніка Н.Ф. Купрыянавай у Жодзіне атрымаў другую прэмію на рэспубліканскім конкурсе (1973).
З 1990 г. Э.М. Гальдштэйн узначальваў персанальныя творчыя майстэрні. За доўгія гады працы, выдатныя дасягненні і вялікі ўклад у развіццё народнай гаспадаркі і культуры краіны архітэктар Элкана Маркавіч Гальдштэйн у 1991 г. быў удастоены ганаровага звання “Заслужаны архітэктар БССР”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.