Дата нараджэння:
28.12.1922 Будніца, былая в., Віцебскі раён
Дата смерці:
01.02.2015
Кароткая даведка:
вучоны-неўрапатолаг, акадэмік НАН Беларусі і Міжнароднай славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры, член-карэспандэнт АМН СССР і Расійскай акадэміі медыцынскіх навук і Расійскай АН, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, народны ўрач Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1994), кавалер ордэнаў Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І і ІІ ст., Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Айчыны ІІ і ІІІ ст., ганаровы грамадзянін Мінска і Віцебска
Імёны на іншых мовах:
Антонов Игнатий Петрович (руская);
5023 сімвалы
Даведка
Адметнае месца ў развіцці неўралагічнай навукі належыць Ігнату Пятровічу Антонаву, аднаму з самых вядомых беларускіх медыкаў ХХ ст.
Нарадзіўся ён у в. Будніца Суражскага (цяпер Віцебскага) раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1940 г. скончыў Віцебскую фельчарска-акушэрскую школу і паступіў у Віцебскі медыцынскі інстытут. У час Вялікай Айчыннай вайны быў фельчарам танкавага батальёна, прайшоў з баямі ад Сталінграда да Кёнігсберга, прымаў удзел у вызваленні Мінска. У 1950 г. скончыў Мінскі медыцынскі інстытут (цяпер Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт). Пасля атрымання дыплома працаваў у Беларускім навукова-даследчым інстытуце неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (цяпер Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі). У 1955 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Клиника и серодиагностика гриппозных поражений нервной системы», у 1966 г. – доктарскую на тэму «Цистицеркоз головного мозга: (клиника, диагностика и лечение)». З 1955 г. – асістэнт, з 1959 г. – дацэнт Беларускага інстытута ўдасканальвання ўрачоў. У 1962 г. І.П. Антонаў прызначаны дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, які ўзначальваў 36 гадоў, у 1998–2008 гг. быў галоўным навуковым кансультантам.
Вучоны займаўся вывучэннем шырокага спектра неўралагічных праблем – відаў дыягностыкі і лячэння хвароб перыферычнай нервовай сістэмы, гіперкінезу, гіпаталамічных парушэнняў, сутаргавых станаў у дзяцей, арганізацыі неўралагічных служб. Ён напісаў больш за 630 навуковых прац, у тым ліку 9 манаграфій. Самымі значнымі з іх з’яўляюцца «Судорожные состояния у детей» (1970), «Ангиографическая диагностика сосудистых поражений и опухолей головного мозга» (1973), «Гиперкинезы у детей: вопросы этиологии, патогенеза, лечения» (1975), «Вертебрально-базилярные инсульты» (1977), «Поясничные боли» (1981, усе ў суаўтарстве) і інш. Прызнанне атрымалі даследаванні, звязаныя з інфекцыйнымі, сасудзістымі і паразітарнымі захворваннямі нервовай сістэмы, патагенетычнымі механізмамі вострых парушэнняў мазгавога кровазвароту і ўнутрычарапных анеўрызм, распрацоўкай антыгіпаксічных прэпаратаў. Вучоны сфармуляваў тэорыю ролі аўтаімунных працэсаў і сасудзістага фактара пры ўзнікненні астэахандрозу пазваночніка, распрацаваў класіфікацыю захворванняў перыферычнай нервовай сістэмы. Шырокае прымяненне ў медыцынскай практыцы знайшлі вынікі даследаванняў у вобласці курарталогіі і фізіятэрапіі, метадаў фізіятэрапеўтычнага лячэння захворванняў нервовай сістэмы, дзякуючы якім атрымалі развіццё іглатэрапія, мануальная і магнітатэрапія, гіпа- і гіпербарычная аксігенацыя.
Актыўную навуковую працу І.П. Антонаў сумяшчаў з грамадскай дзейнасцю. Ён узначальваў Усесаюзную праблемную камісію «Захворванні перыферычнай нервовай сістэмы», Беларускае навуковае таварыства неўролагаў, Навукова-курортную камісію. З’яўляўся старшынёй Вучонага медыцынскага савета і членам калегіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, быў членам бюро Аддзялення медыцынскіх навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, членам праўлення Еўрапейскай навуковай асацыяцыі неўролагаў, членам экспертнага савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі, камітэта па прысуджэнні дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі і інш. Уваходзіў у склад рэдкалегій і рэдакцыйных саветаў медыцынскіх часопісаў, якія выдаваліся ў Беларусі і Расіі. У 1972 г. яму прысуджана званне заслужанага дзеяча навукі БССР. У 1978 г. узнагароджаны прэміяй Акадэміі медыцынскіх навук СССР імя У.М. Бехцерава. З’яўляўся акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1984), членам-карэспандэнтам Акадэміі медыцынскіх навук СССР (1974), Расійскай акадэміі медыцынскіх навук (1991–2014), Расійскай акадэміі навук (2014). У 1992 г. першым у рэспубліцы атрымаў ганаровае званне «Народны ўрач Беларусі». У 1994 г. за цыкл навуковых прац «Патагенез, клініка i дыягностыка неўралагічных праяўленняў астэахандрозу пазваночніка» (у суаўтарстве) узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Удастоены звання Ганаровага грамадзяніна Мінска (1988) і Віцебска (1997). На будынку аднаго з карпусоў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра неўралогіі і нейрахірургіі ў гонар І.П. Антонава ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Заслугі вучонага адзначаны не толькі айчыннымі, але і замежнымі міжнароднымі арганізацыямі, ён быў акадэмікам шэрага міжнародных грамадскіх акадэмій. Амерыканскі біяграфічны інстытут за выдатныя поспехі ў развіцці навукі прысвоіў І.П. Антонаву ганаровае званне «Чалавек года-97», па рашэнні Міжнароднага біяграфічнага цэнтра (Кембрыдж, Вялікабрытанія) імя акадэміка ўнесена ў выданне «2000 знакамітых людзей ХХ стагоддзя».
Вучоны ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1943), Айчыннай вайны І (1945, 1985) і ІІ (1944) ступеняў, Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), Дружбы народаў (1981), Айчыны ІІ (2004) і ІІІ (1997) ступеняў, медалямі, Ганаровымі Граматамі Вярхоўнага Савета БССР, значкамі «Выдатнік аховы здароўя» і «Выдатнік курортаў прафсаюзаў СССР».