Дата нараджэння:
12.09.1790 ці 06.09.1792 Слаўгарад, г., Магілёўская вобласць
Дата смерці:
1852 ці 1862
Кароткая даведка:
археограф, складальнік першага беларускага археаграфічнага зборніка "Беларускі архіў старажытных грамат" (1824), гісторык, краязнавец, пісьменнік, праваслаўны царкоўны дзеяч
Духоўныя імёны:
Іаан
Імёны на іншых мовах:
Григорович Иван Иванович (руская);
5832 сімвалы
Даведка
Даследчык і збіральнік беларускай старажытнасці, адзін з найбольш адукаваных людзей XIX ст. Іван Іванавіч Грыгаровіч шмат зрабіў у справе вывучэння і публікацыі крыніц па гісторыі роднага краю. Яго дзейнасць атрымала высокую адзнаку як сучаснікаў, так і нашчадкаў.
І. Грыгаровіч нарадзіўся ў старажытным беларускім горадзе Прапойску (Слаўгарад) у сям’і праваслаўнага святара. Яго бацька выкладаў рыторыку ў Магілёўскай семінарыі, служыў святаром у Рагачове, Прапойску, Гомелі. Маці была пляменніцай знакамітага беларускага архіепіскапа Г. Каніскага. Культурная і адукаваная сям’я ўплывала на яго светапогляд і садзейнічала набыццю глыбокіх ведаў па гісторыі, рыторыцы, грэчаскай і лацінскай мовах. У 1802 г. І. Грыгаровіч паступіў у Магілёўскую духоўную семінарыю, пасля паспяховага заканчэння якой (1811) працаваў выкладчыкам у Магілёўскім павятовым духоўным вучылішчы. У час адпачынку ў сваіх бацькоў у Гомелі ён пазнаёміўся з вядомым мецэнатам графам М. Румянцавым, які адышоў ад палітычнай дзейнасці і накіраваў сваю велізарную энергію і здольнасці на падтрымку навукі. У маладым Грыгаровічу граф бачыў асабліва здольнага і таленавітага юнака, таму і паспрыяў далейшай адукацыі ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. У час навучання ён уключыўся ў працу так званага Румянцаўскага гуртка – нефармальнага аб`яднання гісторыкаў і археографаў, якія займаліся выяўленнем, зборам і публікацыяй гістарычных крыніц. Для свайго апекуна І. Грыгаровіч адшукваў у бібліятэках і архівах рэдкія творы і прапаноўваў іх для выдання ці перавыдання, рабіў пераклады старажытных дакументаў. Закончыўшы Пецярбургскую духоўную акадэмію ў 1819 г. са ступенню кандыдата багаслоўскіх навук, ён стаў протаіерэем Гомельскага кафедральнага сабора, а ў 1820–1829 гг. быў рэктарам Гомельскага духоўнага вучылішча.
Менавіта гомельскі перыяд быў надзвычай плённым у даследчыцкай дзейнасці І. Грыгаровіча. У 1824 г. з’явіўся яго твор “Беларуская іерархія” – першая навуковая работа, спецыяльна прысвечаная гісторыі праваслаўнай царквы ў Беларусі. Працуючы над ім, І. Грыгаровіч даследаваў архівы Мсціслава і Магілёва. Аддаючы належнае царкоўнай гісторыі, у сваіх пошуках навуковец не абмяжоўваўся толькі канфесіянальнымі пытаннямі, а ў падабраных дакументах адлюстроўваў палітычнае і сацыяльна-эканамічнае жыццё Беларусі. Лёс гэтага твора склаўся так, што ён у свой час не быў апублікаваны і больш за 170 гадоў праляжаў у архівах. Працягам гэтай працы стаў першы беларускі археаграфічны зборнік “Беларускі архіў старажытных грамат”. Планавалася надрукаваць гэта выданне ў трох частках, але выйшла толькі першая (1824). Зборнік меў выразна рэгіянальны характар: ён складаўся з 57 старажытных актаў, што датычыліся Магілёва і размешчаных вакол яго населеных пунктаў і ўрочышчаў XV–XVIII стст. Шэраг гэтых дакументаў надрукаваны паралельна на беларускай і польскай мовах, асобныя граматы – на лацінскай і ў перакладзе на рускую мову. Акрамя працы над гэтымі дзвюма вялікімі работамі І. Грыгаровіч зрабіў навуковае апісанне некаторых рукапісных кніг з бібліятэкі графа М. Румянцава: Дабрылава евангелля 1164 г., Кормчай кнігі і служэбніка XIV ст., Лаўрышаўскага евангелля XIII ст. Навуковая дзейнасць не перашкаджала і звычайным абавязкам саборнага протаіерэя: ён вянчаў маладых, адпяваў нябожчыкаў, вучыў дзяцей у школе, назіраў за пабудовай царквы і інш.
У 1829 г. І. Грыгаровіча перавялі ў Віцебск, дзе прызначылі рэктарам павятовага і прыходскага вучылішчаў, цэнзарам казанняў, настаўнікам гімназіі. Менавіта тут ён зрабіў першую спробу навуковага апісання Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку. З 1831 г. І. Грыгаровіч жыў і працаваў у Пецярбургу пры царкве гвардыі Фінляндскага палка, а з 1838 г. – пры царкве Анічкава палаца. У час работы ў гэтым горадзе ён падрыхтаваў і выдаў зборнік дакументаў знешнепалітычнага характару “Перапіска пап з расійскімі гасударамі…” (1834). У 1835 г. – збор твораў беларускага архіепіскапа Г. Каніскага са сваёй прадмовай. Як выдатнага знаўцу выдавецкай справы яго прынялі ў члены археаграфічнай камісіі (1837), а потым прызначылі галоўным рэдактарам яе актаў. Вяршыняй яго нястомнай працы стала публікацыя чатырох тамоў “Актаў Заходняй Расіі” (1846–1853), што складаліся прыкладна з 2000 дакументаў па палітычнай гісторыі Беларусі, Украіны і Літвы 1340–1699 гг., многія з якіх былі надрукаваны на беларускай мове.
У 1847 г. І. Грыгаровіч распачаў работу над “Слоўнікам заходнерускіх гаворак”. Паводле задумы аўтара ў ім павінна было адлюстравацца ўсё жыццё Заходняга краю: мінулае і сучаснае, народныя павер’і, веды, паняцці і інш. Асноўнае месца ў слоўніку адводзілася лексіцы, выбранай з помнікаў старажытнага пісьменства, а таксама запісанай з тагачаснай жывой народнай мовы. Крыніцамі старажытнай лексікі паслужылі матэрыялы абласных судовых, епархіяльных, манастырскіх і родавых архіваў. Падрабязна аналізаваліся багаслоўскія, палемічныя творы, розныя законы, дыпламатычныя і юрыдычныя статуты, акты. Усяго ў рукапісе 4259 слоў на літары А, Б і В. Акрамя прыведзеных рускіх адпаведнікаў словы суправаджаліся граматычнымі і стылістычнымі паметамі, дакладнымі тлумачэннямі ўсіх сэнсавых адценняў. У якасці прыкладаў гучання асобных слоў складальнік стараўся прыводзіць прыказкі, прымаўкі, а то і ўрыўкі з народных песень. Нягледзячы на тое, што працу над слоўнікам не ўдалося закончыць, ён меў вялікае значэнне як першая спроба збору лексічнага багацця беларускай мовы, сістэматызацыі і ўводу ў навуковы ўжытак.
У дакументальнай спадчыне І. Грыгаровіча яскрава адлюстраваны яго філасофскі роздум над праблемамі часу, суадносінамі мінулага і тагачаснага. Немагчыма нават пералічыць усе навуковыя думкі і выказванні, пакінутыя нам пісьменнікам у спадчыну, і перадаць на паперы вобраз гэтага нястомнага служыцеля навукі, рупліўца на ніве асветы роднага краю.