Кароткая даведка:
помнік архітэктуры класіцызму, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Кафедральны сабор апосталаў Пятра і Паўла; Кафедральны сабор у імя святых апосталаў Пятра і Паўла; Петрапаўлаўскі сабор
Назвы на іншых мовах:
Свято-Петро-Павловский кафедральный собор (руская); St. Peter and Paul Cathedral (англійская); Гомельский Петропавловский собор (руская); Гомельский Свято-Петропавловский собор (руская); Собор Святых Петра и Павла (руская);
1869 сімвалаў
Даведка
Сапраўдным упрыгожаннем Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, размешчанага на высокім правым беразе ракі Сож, з’яўляецца Кафедральны сабор у імя святых апосталаў Пятра і Паўла. Узведзены ў 1824 г. па праекце архітэктара Джона Кларка на сродкі расійскага дзяржаўнага дзеяча, мецэната і калекцыянера Мікалая Пятровіча Румянцава, ён стаў адным з найлепшых прыкладаў позняга класіцызму ў архітэктуры Беларусі ХІХ ст.
Велічны будынак уяўляе сабой крыжова-купальную кампазіцыю з развітым трансептам, кароткім сярэднім нефам і невялікімі рызніцамі абапал алтарнай часткі. Крылы трансепта і неф накрыты пакатымі двухсхільнымі дахамі, сяродкрыжжа завершана купалам на высокім светлавым барабане з 12 аконнымі праёмамі. На тарцах будынка размешчаны шасцікалонныя порцікі, па баках нефа – рады паўкалон.
У савецкі час храм дзейнічаў з перапынкамі; быў разграблены; званіца з крыжамі і званамі разбурана; абразы, святыя мошчы, насценныя фрэскі і роспісы знішчаны. Будынак выкарыстоўваўся ў якасці гістарычнага музея (1935–1941) і планетарыя (1960–1988). Аднаўленне дзейнасці сабора адбылося ў 1990-я гг. Былі праведзены маштабныя рэстаўрацыйныя работы: адноўлена двух’ярусная чацверыковая званіца з цыбулепадобнай галоўкай, усталяваны драўляны іканастас, выкананы роспіс унутраных сцен у стылі царкоўнага жывапісу XVII ст.
У цяперашні час Кафедральны сабор у імя святых апосталаў Пятра і Паўла дзейнічае. Унутры знаходзіцца магіла фундатара храма, на якой устаноўлена копія скульптуры “Багіня міру” італьянскага майстра А. Кановы. Таксама тут захоўваюцца праваслаўныя святыні – часціцы мошчаў свяціцеля Мікалая Цудатворца, прарока Іаана Хрысціцеля, святой Манефы Гомельскай. Пры храме заснаваны Свята-Ціхвінскі жаночы манастыр (1993). Будынак унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца дзяржавай.