Дата нараджэння: 14.04.1754 Расія
Дата смерці: 15.01.1826 Расія
Кароткая даведка: расійскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, ганаровы член Расійскай АН, мецэнат, калекцыянер, дзякуючы намаганням якога Гомель стаў сапраўдным еўрапейскім горадам
Імёны на іншых мовах: Румянцев Николай Петрович (руская); Румянцев-Гомельский Николай Петрович (руская);
Граф Мікалай Пятровіч Румянцаў – расійскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат і мецэнат – нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу. Сын генерал-фельдмаршала, удзельніка некалькіх ваенных кампаній П. А. Румянцава-Задунайскага, ён з дзевяці гадоў быў запісаны на вайсковую службу. У 1773 г. стаў камер-пажам імператрыцы Кацярыны ІІ. Вучыўся ў Лейпцыгскім універсітэце (1774 г.), дзе слухаў лекцыі па гісторыі і праве. З 1776 г. М. П. Румянцаў знаходзіўся на прыдворнай службе; у 1781–1795 гг. – на дыпламатычнай у Германіі. Ён займаў высокія дзяржаўныя пасады. З’яўляўся дырэктарам водных камунікацый (1801–1809), міністрам камерцыі (1802–1810). У 1809 г. правёў перагаворы аб заключэнні Фрыдрыхсгамскага дагавора, за што атрымаў званне канцлера. З 1807 па 1814 г. М. П. Румянцаў быў міністрам замежных спраў, у 1810–1812 гг. – старшынёй Дзяржаўнага Савета. У 1814 г. выйшаў у адстаўку і пачаў займацца мецэнацтвам.
Ён збіраў рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, дакументы і матэрыялы па гісторыі Расіі ў архівах Беларусі, Літвы, Польшчы, Германіі, Італіі, Францыі, Швецыі і інш. Стварыў так званы Румянцаўскі гурток, куды ўваходзілі вядомыя гісторыкі, археографы, мовазнаўцы. Сярод іх былі М. М. Бантыш-Каменскі, А. Ф. Маліноўскі, А. Х. Вастокаў і інш. Граф вёў перагаворы з І. Лялявелем пра выданне яго твораў па гісторыі Польшчы і з І. Даніловічам пра публікацыю беларуска-літоўскіх летапісаў і Судзебніка Казіміра ІV, выяўленых у Гомелі. Ён планаваў надрукаваць сербскую хроніку архіепіскапа Данііла, пачаў працу над слоўнікам беларускай мовы. Па прапанове М. П. Румянцава протаіерэй І. Грыгаровіч напісаў даведнік “Беларуская іерархія” (1824, упершыню надрукаваны ў 1992 г.). На сродкі графа і пры яго дапамозе членамі гуртка былі падрыхтаваны і выдадзены археаграфічныя працы, летапісы, помнікі літаратуры; надрукавана больш за 40 кніг, пераважна па гісторыі Расіі і славянскіх народаў. У 1811 г. па ініцыятыве М. П. Румянцава была заснавана Камісія друкавання дзяржаўных грамат і дагавораў, якая выдала “Збор дзяржаўных грамат і дагавораў” (1813–1828, т. 1–4), дзе змешчана шмат дакументаў па гісторыі Беларусі. Пры фінансавай падтрымцы графа ў 1824 г. у Маскве выйшла першая частка зборніка “Беларускі архіў старажытных грамат”, у якую ўключана 57 дакументаў, выяўленых у архівах Магілёва, радзей Мсціслава, Полацка, Віцебска. Другая частка засталася ў рукапісе (захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, налічвае 66 дакументаў за 1252–1707 гг.). Для трэцяй часткі прызначаліся дакументы XVII ст., але праца над ёй была спынена. Граф удзельнічаў у першых археаграфічных экспедыцыях К. Ф. Калайдовіча і П. М. Строева (у тым ліку па Беларусі), арганізацыі кругасветнага плавання І. Ф. Крузенштэрна і Ю. Ф. Лісянскага (1803–1806). У 1815–1818 гг. на ўласныя сродкі арганізаваў марскую экспедыцыю О. Я. Кацэбу. Ён з’яўляўся ганаровым членам многіх навуковых таварыстваў (у тым ліку Вольнага з 1802 г.) і акадэмій (з 1819 г. – Расійскай).
Большую частку свайго жыцця М. П. Румянцаў праводзіў у Гомелі, якім валодаў пасля смерці бацькі. На месцы сярэдневяковага паселішча граф стварыў новы горад з шырокімі прамымі вуліцамі. Пад кіраўніцтвам архітэктара Дж. Кларка, які быў запрошаны ў Гомель у 1801 г., пачалася рэканструкцыя палаца Румянцавых, пабудаваны Петрапаўлаўскі сабор, ланкастэрская школа і інш. З 1814 г. у Гомелі працаваў архітэктар І. Дзьячкоў, які прымаў удзел у праектаванні і будаўніцтве “Паляўнічага доміка”, дваранскага вучылішча, ткацкай і бялільнай фабрык. У хуткім часе, дзякуючы М. П. Румянцаву, Гомель стаў цэнтрам культурнага і эканамічнага жыцця Расійскай імперыі. У сваіх маёнтках ён ствараў невялікія прадпрыемствы (мануфактуры), куды запрашаў на кіруючыя пасады замежных спецыялістаў. Там працавалі прыгонныя сяляне і вольнанаёмныя рабочыя. Ужо ў 1809 г. дзейнічалі мануфактуры па вытворчасці парусіны, міткалю, працаваў шлозавод у вёсцы Студзёная Гута. Вялікую ўвагу надаваў граф сельскай гаспадарцы. Збожжа, ільновалакно, насенне маслінавых культур нават прадавалі за мяжу.
Пры М. П. Румянцаве ў Гомелі і яго наваколлі, праводзіліся археалагічныя раскопкі, шукалі таксама старадаўнія кнігі і дакументы, у тым ліку і ў стараверскіх скітах. Калекцыя графа – творы мастацтва, рукапісы, манеты і мінералы, рэдкія кнігі, этнаграфічныя і археалагічныя матэрыялы – захоўваліся ў гомельскім палацы і ў яго доме ў Санкт-Пецярбургу. У 1831 г. там адкрыўся Румянцаўскі музей, які ў 1861 г. быў перавезены ў Маскву і аб’яднаны з Маскоўскім публічным музеем. У 1862 г. у складзе музея была заснавана бібліятэка (з 1925 г. – Дзяржаўная бібліятэка СССР імя У. І. Леніна, з 1992 г. – Расійская дзяржаўная бібліятэка).
Памёр М. П. Румянцаў 15 студзеня 1826 г. у Санкт-Пецярбургу. Пахаваны ў Гомелі ў Петрапаўлаўскім саборы. Перад Гомельскім палацам графу ўстаноўлены помнік.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.