Дата нараджэння: 15.01.1725
Дата смерці: 19.12.1796
Кароткая даведка: расійскі ваенны і дзяржаўны дзеяч, генерал-фельдмаршал, удзельнік руска-турэцкіх войн 1768–1774 гг. і 1787–1791 гг., мецэнат, з 1775 г. уладальнік Гомеля
Варыянты імя: Румянцаў-Задунайскі Пётр Аляксандравіч
Імёны на іншых мовах: Задунайский Пётр Александрович (руская); Румянцев Пётр Александрович (руская); Румянцев-Задунайский Пётр Александрович (руская);
Сярод расійскіх военачальнікаў ХVІІІ ст. Пятру Аляксандравічу Румянцаву належыць адно з самых пачэсных месцаў. Як выдатны ваеначальнік ён займаўся распрацоўкай новых формаў вядзення бою, цікавіўся пытаннямі тактыкі і стратэгіі, з’яўляўся аўтарам шэрага грунтоўных ваенна-тэарэтычных работ, якія выкарыстоўваліся пры напісанні і складанні статутаў расійскай арміі, арганізацыі навучання афіцэраў і салдат. У гісторыю Беларусі П.А. Румянцаў увайшоў, як уладальнік Гомеля і заснавальнік цудоўнага палаца – унікальнага помніка архітэктуры XVIII ст.
Нарадзіўся ён у Маскве (па іншых звестках у Прыднястроўі) у сям’і вядомага дыпламата графа Аляксандра Іванавіча Румянцава. Маці, Марыя Андрэеўна, паходзіла з вядомага баярскага роду Мацвеевых. У 1735 г. хлопчыка запісалі радавым у лейб-гвардзейскі Праабражэнскі полк. Адукацыю ён атрымліваў дома пад кіраўніцтвам бацькі і мясцовага настаўніка. У 1739 г. быў залічаны ў склад рускага пасольства ў Берліне. Праз некаторы час вярнуўся і паступіў у Сухапутны шляхецкі корпус (знаходзіўся ў Санкт-Пецярбургу і з’яўляўся адной з самых прэстыжных ваенна-навучальных устаноў Расіі). У 1740 г. ён атрымаў званне падпаручніка і быў накіраваны ў армію. Першым месцам службы стала Фінляндыя, на тэрыторыі якой П.А. Румянцаў удзельнічаў у руска-шведскай вайне 1741–1743 гг. У чэрвені 1741 г. стаў паручнікам, потым вызначыўся пры ўзяцці Гельсінгфорса і ў верасні гэтага ж года атрымаў чын капітана. У ліпені 1743 г. П.А. Румянцаў даставіў у Санкт-Пецярбург дакументы аб заключэнні Абаскага мірнага дагавора. Пасля атрымання гэтага данясення расійская імператрыца Лізавета Пятроўна адразу прысвоіла яму званне палкоўніка і прызначыла камандзірам Варонежскага пяхотнага палка.
У 1748 г. П.А. Румянцаў прымаў удзел у паходзе корпуса князя М.В. Рапніна на Рэйн (у ходзе вайны за Аўстрыйскую спадчыну 1740–1748 гг.). Пасля смерці бацькі ў 1749 г. ён поўнасцю прысвяціў сябе вайсковай службе. У 1755 г. стаў генерал-маёрам. У час Сямігадовай вайны (1756–1763) у складзе рускіх войск камандаваў брыгадай, дывізіяй, корпусам, у 1757–1758 гг. у Стоўбцах фарміраваў кавалерыю. Вызначыўся ў бітве пад Грос-Егерсдорфам (1757). Дзякуючы ўмеламу кіраванню была атрымана перамога, і графу прысвоілі званне генерал-паручніка. У жніўні 1759 г. ён удзельнічаў у Кунерсдорфскай бітве. Дывізія П.А. Румянцава размяшчалася ў цэнтры баявых пазіцый, на вышыні Вялікі Шпіц, якая стала адным з галоўных аб’ектаў атакі прускіх войск. Нягледзячы на моцны артылерыйскі абстрэл, рускія перайшлі ў штыкавую контратаку, якую ўзначаліў граф, і армія Фрыдрыха ІІ адступіла. Бітва пры Кунерсдорфе прынесла вядомасць П.А. Румянцаву. Яго сталі лічыць адным з лепшых камандзіраў і ўзнагародзілі ордэнам Святога Аляксандра Неўскага. Апошняй буйной падзеяй Сямігадовай вайны, у якой удзельнічаў граф, стала асада крэпасці Кольберг на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, што пачалася 13 жніўня 1761 г. і працягвалася 4 месяцы. У выніку перамогі было ўзята 3 тыс. палонных, 20 сцягоў, 146 гармат і звыш 30 тыс. ядраў. У лютым 1762 г. імператар Пётр ІІІ узнагародзіў П.А. Румянцава ордэнамі Святога апостала Андрэя Першазваннага і Святой Ганны, прысвоіў яму званне генерал-аншэфа, прызначыў галоўнакамандуючым рускай арміяй у Памераніі.
У чэрвені 1762 г. расійскі прастол заняла Кацярына II, і П.А. Румянцаў падаў прашэнне аб адстаўцы, аднак пакінуць службу яму не дазволілі. У 1764 г. П.А. Румянцаў быў прызначаны прэзідэнтам Маларасійскай калегіі і генерал-губернатарам Маларосіі. На гэтай пасадзе граф праявіў сябе таленавітым адміністратарам. Пад яго кіраўніцтвам была праведзена інвентарызацыя тэрыторыі Маларосіі і складзены знакаміты Румянцаўскі вопіс.
У лістападзе 1768 г. пачалася руска-турэцкая вайна. Паспяховыя дзеянні войск, якімі камандаваў П.А. Румянцаў, прымусілі Турцыю заключыць 21 ліпеня 1774 г. мірны дагавор паміж Расіяй і Турцыяй. За перамогі каля Рабой Магілы, Ларгі, Кагула (усе 1770) граф атрымаў ганаровае найменне Задунайскі, званне генерал-фельдмаршала, быў узнагароджаны ордэнам Святога Георгія 1-га класа, у яго гонар адлілі медаль.
Пасля завяршэння вайны П.А. Румянцаў зноў кіраваў Маларосіяй. У 1776 г. суправаджаў цэсарэвіча Паўла ў час яго візіту ў Прусію. У гонар рускага палкаводца ў Патсдаме былі праведзены вайсковыя манеўры, якія адлюстроўвалі знакамітую Кагульскую бітву. Фрыдрых ІІ уручыў П.А. Румянцаву ордэн Чорнага арла – вышэйшую ўзнагароду Прусіі. У лютым 1779 г. Кацярына ІІ прызначыла графа генерал-губернатарам Курскага і Харкаўскага намесніцтваў. Калі пачалася руска-турэцкая вайна 1787–1791 гг. П.А. Румянцаў узначаліў так званую Украінскую армію (пазней увайшла ў склад галоўных сіл рускіх войск, якімі камандаваў Р.А. Пацёмкін). За паспяховыя дзеянні на першым этапе вайны быў узнагароджаны шпагай з дыяментамі. Апошнія гады жыцця граф правёў у сваім маёнтку Ташань пад Палтавай. Ён памёр 19 снежня 1796 г. і быў пахаваны ў Саборнай царкве Успення Прасвятой Багародзіцы Кіева-Пячэрскай лаўры.
У гонар П.А. Румянцава і як памяць аб яго перамогах у 1799 г. у Санкт-Пецярбургу быў устаноўлены абеліск. Скульптурны вобраз фельдмаршала ёсць на помніках Кацярыне ІІ (знаходзіцца таксама ў горадзе на Няве) і «Тысячагоддзе Расіі» ў Вялікім Ноўгарадзе. У час Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг. імем палкаводца была названа адна з вайсковых аперацый (па вызваленні Белгарада і Харкава ў 1943 г.). Партрэт П.А. Румянцава і іншых знакамітых военачальнікаў упрыгожвае сцяну залы пасяджэнняў Савета Бяспекі Расіі ў Крамлі.
Галоўным помнікам фельдмаршалу з’яўляецца палацава-паркавы ансамбль у Гомелі, які ён атрымаў у 1775 г. ад Кацярыны II. На месцы драўлянага замка князя М. Чартарыйскага, які размяшчаўся на высокім правым беразе Сажа, П.А. Румянцаў пачаў будаваць у 1777 г. мураваны палац. Існуе меркаванне, што аўтарам праекта мог быць вядомы рускі дойлід І. Староў. З Расіі, Польшчы, Англіі і Італіі ў Гомель былі запрошаны вядомыя архітэктары, мастакі і дэкаратары. Пасля смерці графа маёнтак атрымаў у спадчыну яго старэйшы сын М.П. Румянцаў, які зрабіў Гомель сваёй асноўнай рэзідэнцыяй і пачаў перабудоўваць і добраўпарадкаваць палац. У наш час гэта адзін з найбольш цікавых помнікаў грамадскай архітэктуры на тэрыторыі Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.