Дата пачатку: 07.11.1919 Гомель, г.
Кароткая даведка: дзяржаўная гісторыка-культурная ўстанова, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" (2007), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2011)
Назвы на іншых мовах: Гомельский дворцово-парковый ансамбль (руская);
Папярэднія назвы: Гомельский областной краеведческий музей; Гомельскі абласны гісторыка-краязнаўчы музей; Гомельскі абласны краязнаўчы музей; Гомельскі гістарычна-краязнаўчы музей; Гомельскі дзяржаўны гістарычны музей; Дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей
Ужо больш за 90 год для жыхароў і гасцей Рэспублікі Беларусь шырока расчынены дзверы аднаго са старэйшых яе музеяў – дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”, у склад якой уваходзяць Гомельскі палац, парк, дзеючы Петрапаўлаўскі сабор, капліца-пахавальня князёў Паскевічаў, аранжарэя “Зімні сад”, аглядная вежа, аднапавярховы асабняк, Паляўнічы домік, у якім 18 мая 2009 г. быў адкрыты Музей гісторыі Гомеля.
Кампазіцыйным цэнтрам ансамбля з’яўляецца палац, які з канца XVIII ст. упрыгожвае жывапісную панараму Гомеля і з’яўляецца яго галоўнай славутасцю. Гісторыя Гомельскага палаца звязана з імёнамі вядомых людзей Расіі – графоў Румянцавых і князёў Паскевічаў. Распачаў яго будаўніцтва ў 1777 г. фаварыт імператрыцы Кацярыны II герой турэцкіх войнаў генерал-фельдмаршал П. Румянцаў-Задунайскі на землях, падараваных яму імператрыцай. Былі запрошаны выдатныя дойліды свайго часу Я. Аляксееў, К. Бланк, Ю. Фельтэн, М. Масцяпанаў. Архітэктарам, які стварыў праект будынка, быў аўтар праекта знакамітага Таўрычаскага палаца І. Староў. Гомельскі палац стаў адным з ранніх узораў архітэктуры расійскага класіцызму. Яго ўпрыгожвалі порцікі і размешчаныя ў адзін рад калоны, якія падтрымлівалі пілястры, надаючы велічную манументальнасць усяму збудаванню. У 1796 г. палац атрымаў у спадчыну ад бацькі М. Румянцаў, рускі канцлер, дзяржаўны дзеяч, дыпламат і вядомы мецэнат. Ён дабудаваў да цэнтральнай часткі палаца два асобныя службовыя флігелі. У 1834 г. уладальнікам палаца стаў знакаміты расійскі военачальнік генерал-фельдмаршал І. Паскевіч, граф Эрыванскі, святлейшы князь Варшаўскі, які ў 1837–1851 гг. ажыццявіў маштабную рэканструкцыю палаца па праекце і пад кіраўніцтвам вядомага архітэктара А. Ідзкоўскага. У выніку перабудовы будынак атрымаў новае кампазіцыйнае вырашэнне. Змяніліся яго памеры, павялічылася колькасць унутраных апартаментаў. Некаторыя змены ў архітэктурным абліччы будынка былі зроблены і сынам І. Паскевіча генерал-ад’ютантам князем Ф. Паскевічам.
Адначасова з будаўніцтвам і рэканструкцыяй палаца адбывалася і стварэнне вакол яго парку. Закладзены ў XVIII ст., ён з’яўляецца найбольш захаваным у краіне пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Размяшчаецца на плошчы ў 25 гектараў. З розных рэгіёнаў Расіі, з-за мяжы завозіліся сюды розныя пароды дрэў і кустоў, у тым ліку і экзатычных, як, напрыклад, пірамідальны дуб і маньчжурскі арэх. У паўднёвай частцы парку знаходзіцца аранжарэя “Зімні сад” і 32-мятровая вежа агляду, пабудаваная Паскевічамі. Праводзіліся работы па планіроўцы парку: фарміраваліся алеі, упарадкоўваліся газоны, гроты, альтанкі, фантаны. Рэчышча рачулкі Гамяюк было пераўтворана ў стаў “Лебядзінае возера”. У 1809–1824 гг. у парку непадалёку ад Гомельскага палаца быў пабудаваны Петрапаўлаўскі сабор – помнік архітэктуры позняга класіцызму, а ў 1870–1889 гг. – арыгінальная капліца ў неарускім стылі.
Гомельскі палац – гэта не толькі раскошная архітэктурная пабудова, але і унікальнае сховішча найбагацейшых калекцый прадметаў даўніны і твораў мастацтва. Ужо пры М. Румянцаве палац пачаў набываць рысы, уласцівыя музею. У ім захоўваліся калекцыі, збіральнікам якіх быў сам канцлер, творы мастацтва, у тым ліку падараваныя яму імператрыцай, прадметы археалогіі, нумізматыкі, каштоўныя рукапісы і кніжныя выданні. Найбагацейшыя творы мастацтва, унікальная бібліятэка, упрыгожанні інтэр’еру сканцэнтраваліся ў палацы пры князях Паскевічах. Гэтыя багатыя зборы і рэдкія калекцыі сталі асновай для стварэння ў Гомельскім палацы ў 1919 г. Мастацка-гістарычнага музея. Значную шкоду яго калекцыям нанёс пажар 1919 г. У выніку неаднаразовых перадач музейнай маёмасці розным арганізацыям, а таксама ў час Вялікай Айчыннай вайны частка яе была незваротна страчана. Да таго ж у памяшканні палаца побач з музеем доўгі час размяшчаліся іншыя ўстановы. Толькі ў 1995 г. гомельскімі ўладамі было прынята рашэнне аб перадачы ўсяго комплексу палаца музею, які на той час (пачынаючы з 1952 г.) называўся Гомельскі абласны краязнаўчы музей. Пачаліся рэстаўрацыйныя работы, і ў 2004 г. музей упершыню размясціў свае экспанаты ў аб’ёме ўсяго палаца, а ў 2006 г. яму была дадзена назва – дзяржаўная гісторыка-культурная ўстанова “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”.
Збор музея – адзін з самых багатых у Рэспубліцы Беларусь. Ён знаёміць наведвальнікаў з матэрыяламі па гісторыі Гомельшчыны. Значнае месца займаюць калекцыі археалогіі, нумізматыкі, этнаграфіі. Прадастаўлены культавыя прадметы калекцый іканапісу, старадрукаваных і рукапісных кніг, меднага ліцця. Скарбу культавых прадметаў XVIII–XIX стст., знойдзенаму недалёка ад Гомеля, нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гонарам кніжнай калекцыі музея з’яўляецца Евангелле Пятра Мсціслаўца, выдадзенае ў 1575 г. Гістарычныя падзеі, што адбываліся на Гомельшчыне ў розныя перыяды, адлюстраваны ў зборы фотадакументаў. У музеі дзейнічае гісторыка-мемарыяльная экспазіцыя “Уладальнікі Гомельскага маёнтка Румянцавы і Паскевічы”. У ёй прадстаўлены арыгінальныя карціны, скульптура, мастацкая бронза, зброя, дакументы і фатаграфіі былых уладальнікаў палаца. Часткова рэканструяваны гістарычныя інтэр’еры.
Некаторыя залы палаца, выконваючы музейныя функцыі, выкарыстоўваюцца сёння для правядзення сустрэч дзяржаўнага і міжнароднага ўзроўню, арганізацыі вечароў і канцэртаў, сустрэч з пісьменнікамі, дзеячамі культуры і мастацтва.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2009 г.