Князь Фёдар Іванавіч Паскевіч – генерал-лейтэнант, генерал-ад’ютант світы імператара Аляксандра ІІ, ганаровы член Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, адзін з заснавальнікаў Імператарскага таварыства падтрымкі мастацтваў, калекцыянер і мецэнат – нарадзіўся ў сям’і вядомага расійскага палкаводца і дзяржаўнага дзеяча. Яго бацька – генерал-фельдмаршал, граф Эрыванскі, князь Варшаўскі – паходзіў з дваран Палтаўскай губерні. Маці з’яўлялася прадстаўніцай роду Грыбаедавых. Пра дзяцінства і гады вучобы Ф. І. Паскевіча звестак амаль не захавалася. Вядома, што 6 кастрычніка 1831 г. яму прысвоілі званне прапаршчыка 13-га лейб-грэнадзёрскага Эрыванскага палка. Потым князь быў залічаны ў лейб-гвардыі Праабражэнскі полк. У 1839 г. стаў флігель-ад’ютантам, пазней – паручнікам. Ён прымаў удзел у ваенных дзеяннях на Каўказе. Вызначыўся ў падаўленні рэвалюцыі ў Венгрыі (1848–1849 гг.), за што атрымаў званне палкоўніка. У снежні 1854 г. у ходзе Крымскай вайны Ф. І. Паскевічу было прысвоена званне генерал-маёра з залічэннем у світу імператара. 20 студзеня 1856 г. ён стаў генерал-ад’ютантам. У далейшым знаходзіўся ў бестэрміновым адпачынку і займаўся грамадскімі справамі: удзельнічаў у распрацоўцы «Агульнага палажэння аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці», з’яўляўся членам-экспертам камісіі па сялянскай справе.
У 1866 г. Ф. І. Паскевіч выйшаў у адстаўку і разам з жонкай пасяліўся ў гомельскім маёнтку, які перайшоў да князя пасля смерці бацькі. Зімой Паскевічы жылі ў Санкт-Пецярбургу, вясной прыязджалі ў Гомель. Яны прымалі ўдзел у гарадскіх праектах, асноўныя з якіх пачаў яшчэ канцлер М. П. Румянцаў (былы ўладальнік маёнтка). Шмат увагі надаваў князь дабрачыннай дзейнасці. Ён фінансаваў будаўніцтва водаправода, у 1870 г. у Добрушы адкрыў дрэваапрацоўчае прадпрыемства, якое праз два гады перапрафілявалі ў папяровую фабрыку (стала адной з буйнейшых у Еўропе). Там упершыню ў Расіі ў 1895 г. быў уведзены васьмігадзінны працоўны дзень. Пры фабрыцы дзейнічалі амбулаторыя і школа для дзяцей рабочых. На сродкі сям’і Паскевічаў у горадзе пабудавалі мужчынскую класічную гімназію і лячэбніцу, дзе працаваў вядомы акуліст А. Я. Брук. Уражвала грамадская дзейнасць Ф. І. Паскевіча. У 1875 г. ён быў прызначаны ганаровым міравым суддзёй па Магілёўскай губерні. У 1888 г. указам Аляксандра ІІІ удастоены звання «Ганаровы грамадзянін г. Гомеля». Князь меў шмат узнагарод. Сярод іх – залатая шпага «За храбрасць» (1845), ордэны Святой Ганны 2-й ступені (1849), Святой Ганны 1-й ступені з мячамі (1863), Святога Уладзіміра 3-й ступені (1856), Святога Станіслава 1-й ступені 1857), залаты медаль на Аляксандраўскай стужцы «За працу па вызваленні сялян» (1861) і інш.
Пры князю значна змяніўся і палац Паскевічаў, які стаў іх асноўнай рэзідэнцыяй. Мастацкае адзінства будынка з паркам дапаўнялася ўнутраным убраннем памяшканняў у стылі класіцызму, дзе раскошная мэбля, бронзавыя гадзіннікі, кандэлябры з падстаўкамі ў выглядзе ўрнаў (падарунак Мікалая І), ваенныя трафеі, рэзаныя з косці работы халмагорскіх майстроў. Калекцыя фарфору была настолькі багатая, што паслужыла падставай для заснавання ў канцы ХІХ ст. усерасійскай Прэміі імя Ф. І. Паскевіча. Яна прысуджвалася маладым мастакам за роспіс па фарфоры. Вялікую каштоўнасць прадстаўляла добра ўкамплектаваная бібліятэка (больш за 20 тыс. кніжных выданняў).
У 1870–1889 гг. на тэрыторыі сядзібы Ф. І. Паскевіч пабудаваў капліцу – яркі ўзор архітэктуры культавага прызначэння апошняй чвэрці ХІХ ст. У яе склепе знаходзіцца восем магіл княжацкай сям’і. У 1903 г. там быў пахаваны і сам князь. У 2004 г. у цэнтры Добруша ўстанавілі помнік Ф. І. Паскевічу. Яго імем названа цэнтральная вуліца горада. У 2015 г. на набяражнай р. Сож у Гомелі Ф. І. Паскевічу адкрылі помнік.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.