Дата нараджэння:
01.01.1861 Лаша, в., Гродзенскі павет, Гродзенская губерня (цяпер Гродзенскі раён)
Дата смерці:
29.04.1931
Кароткая даведка:
філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, педагог, акадэмік Пецярбургскай АН, правадзейны член Інбелкульта, Чэшскай АН
Імёны на іншых мовах:
Карский Евфимий Федорович (руская); Карский Евфимий Фёдорович (руская);
3924 сімвалы
Даведка
Сярод выдатных вучоных, якія працавалі ў лінгвістыцы і літаратуразнаўстве на мяжы XIX–XX стст., вылучаецца Яўхім Фёдаравіч Карскі – заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, стваральнік энцыклапедыі беларусазнаўства, вучоны, які сцвердзіў нацыянальную адметнасць свайго народа, раскрыў шматаблічны і працяглы працэс развіцця духоўнай культуры беларусаў.
Нарадзіўся Я. Карскі ў сям’і настаўніка ў в. Лаша непадалёку ад Гродна. У Нежынскім гісторыка-філалагічным інстытуце атрымаў вышэйшую адукацыю. У сценах гэтай установы і пачалася яго навуковая дзейнасць: апублікаваў беларускія песні сяла Бярозаўка на Навагрудчыне з каментарыямі. Запісы былі зроблены з захаваннем асаблівасцей беларускай мовы. Пасля заканчэння істытута Я. Карскі выкладаў рускую і стараславянскую мовы, а таксама рускую літаратуру ў Другой гімназіі ў Вільні. У гэты час выйшлі ў свет яго даследаванні “Обзор звуков и форм белорусской речи” і “К истории звуков и форм белорусской речи”. Працы і з’явіліся дзвюма часткамі магістэрскай дысертацыі, якую Я. Карскі з поспехам абараніў у Кіеўскім універсітэце. У 1894 г. ён стаў прафесарам, а з 1902 г. – дэканам Варшаўскага ўніверсітэта. З 1905 па 1910 г. двойчы быў яго рэктарам. У варшаўскі перыяд жыцця вучоны працягваў праяўляць цікавасць да жыцця, побыту, мовы, паэтычнай творчасці беларускага народа. У 1894 г. надрукаваў сваю працу “О языке так называемых литовских летописей”. За навуковыя заслугі быў узнагароджаны залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства. У 1896 г. абараніў дысертацыю “Западно-русские переводы Псалтыря в XV–XVII веках”. Савет Маскоўскага ўніверсітэта прысудзіў Я. Карскаму вучоную ступень доктара філалогіі. У гэтым жа годзе ён быў абраны членам Археаграфічнай камісіі Маскоўскага археалагічнага таварыства, а пазней – членам-карэспандэнтам Таварыства аматараў старажытнай пісьменнасці. За працы ў галіне палеаграфіі Пецярбургская акадэмія навук адзначыла вучонага Ламаносаўскай прэміяй (1901). У 1905 г. Я. Карскі ўзначаліў самы значны філалагічны часопіс тагачаснай Расіі – “Русский филологический вестник”, у якім змясціў шмат сваіх навуковых прац. 1915–1916 гг. правёў у Растове-на-Доне, куды быў эвакуіраваны Варшаўскі ўніверсітэт. У 1916 г. пераехаў у Петраград, а потым – у Мінск, дзе яго застала польская акупацыя. У 1919 г. перавёз з Варшавы ў Мінск сваю бібліятэку, якую пазней перадаў Беларускаму ўніверсітэту (часткова страчаная ў гады Вялікай Айчыннай вайны, яна зберагаецца зараз асобнай калекцыяй у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі). У 1920 г. зноў вярнуўся ў Петраград, дзе стаў адным з арганізатараў акадэмічнай навукі. Яўхім Карскі жыў і працаваў у Петраградзе, але прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі навукі Савецкай Беларусі. Разам з іншымі вучонымі распрацоўваў статут вышэйшай навуковай установы Беларусі – Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) – і ўдзельнічаў у яго рабоце як правадзейны член. Яўхім Карскі – аўтар шматлікіх даследаванняў па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы, у тым ліку па гісторыі беларускай мовы, дыялекталогіі, фальклоры, этнаграфіі, гісторыі беларускай літаратуры. Яго трохтомная праца “Белорусы” з’яўляецца вышэйшым дасягненнем еўрапейскай славістыкі канца XIX – пачатку XX ст., своеасаблівай энцыклапедыяй жыцця беларускага народа. Тут змешчаны грунтоўныя навуковыя звесткі пра пачатковы этап фарміравання беларускага народа і яго мовы, пра кроўныя сувязі беларусаў з іх продкамі, пра этнічныя адносіны з іншымі братнімі народамі, пра іх бліжэйшых суседзяў, у кантакце з мовамі якіх узаемадзейнічала і ўзбагачалася наша мова.
Значны ўклад зрабіў Я. Карскі ў развіццё крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі. Выключнае значэнне для славістыкі мае яго праца “Славянская кирилловская палеография” (1928). Найбагацейшая спадчына па многіх галінах навукі, якую пакінуў пасля сябе вучоны, не страціла і сёння сваёй навуковай каштоўнасці.