Дата пачатку: 30.01.1922 Мінск, г.
Дата заканчэння: 13.10.1928
Кароткая даведка: першая ў гісторыі Беларусі шматгаліновая навукова-даследчая ўстанова, папярэднік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Скарочаныя назвы: Інбелкульт
Назвы на іншых мовах: Институт белорусской культуры (Инбелкульт) (руская);
У пачатку 1920-х гг. галоўным кірункам дзяржаўнай палітыкі з'яўлялася паскоранае развіццё навукі. Жыццё патрабавала значных фундаментальных распрацовак, накіраваных на пераадоленне тэхніка-эканамічнага адставання, вырашэння шырокага спектра рэгіянальных праблем. З гэтай мэтай і быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), якому даручалася правядзенне даследаванняў мовы, літаратуры, побыту народа і яго гісторыі, прыроды, эканомікі, сацыяльна-грамадскага развіцця.
Ідэя стварэння Інбелкульта, паводле сведчанняў сучаснікаў, сфармілавалася ў Народным камісарыяце асветы ў канцы 1920 – пачатку 1921 г. Яна была агучана 27 студзеня 1921 г. на сходзе работнікаў асветы і культуры. У лютым гэтага ж года пытанне абмяркоўвалася на 2-й сесіі ЦВК БССР. Разам з такімі арганізацыямі, як Навукова-тэрміналагічная камісія, Навукова-гістарычнае яўрэйскае таварыства і многімі іншымі, Інбелкульт згадваецца ў складзе Акадэмцэнтра (праца па арганізацыі якога пачалася з прызначэння сакратарыята 11 ліпеня 1921 г.). У лістападзе 1921 г. камісіяй у складзе акадэмікаў Я. Карскага, Я. Дылы і С. Некрашэвіча была скончана распрацоўка статута Інстытута беларускай культуры, які аб'яднаў два пункты гледжання на Інбелкульт – як навукова-даследчую і культурна-асветніцкую ўстанову. Асноўнай задачай першай шматпрофільнай арганізацыі ў Беларусі з'яўлялася даследаванне краіны ў этнаграфічным, лінгвістычным, літаратурным, мастацкім, культурна-гістарычным, прыродазнаўчым і геаграфічным планах. Кіруючымі органамі прызнаваліся Агульны сход і Навуковая рада, дзе разглядаліся навуковыя, кадравыя пытанні, праблемы выдавецтва, школ і інш.
Фармальнай датай заснавання інстытута прынята лічыць 30 студзеня 1922 г., калі адбылося яго першае пасяджэнне. Спачатку працавалі дзве секцыі – этнолага-лінгвістычная і прыродазнаўчая. У склад установы ўвайшлі большасць членаў Тэрміналагічнай камісіі: старшыня – С. Некрашэвіч, сакратар – У. Чаржынскі; правадзейныя члены – Я. Карскі, Я. Лёсік, І. Луцэвіч (Я. Купала), К. Міцкевіч (Я. Колас); навуковыя супрацоўнікі – М. Азбукін, М. Байкоў, Л. Більдзюкевіч, Ф. Бурак, М. Грамыка, М. Гуткоўскі, А. Круталевіч, В. Міхальскі, М. Піятуховіч, С. Плаўнік (З. Бядуля), Ч. Родзевіч. Вялася грунтоўная работа па ўнармаванні беларускай мовы. За 1922–1924 гг. было выдадзена шэсць зборнікаў беларускай тэрміналогіі, прынята 15 тыс. тэрмінаў. Характэрнай з'явай таго часу стала арганізацыя вакол Інбелкульта краязнаўчага руху. У 1923 г. былі праведзены археалагічная і этнаграфічная экспедыцыі. У канцы 1923 г. пры інстытуце створана Цэнтральнае бюро краязнаўства. Пашырыліся сувязі беларускіх краязнаўцаў з калегамі іншых краін: Расіі, Украіны, Азербайджана і інш. 5 кастрычніка бюро пачало выдаваць штомесячны часопіс “Наш край” (з лістапада 1930 г. “Савецкая краіна”). Вынікі навуковых распрацовак, зробленых у Інбелкульце, знаходзілі сваё адлюстраванне на старонках такіх выданняў інстытута, як “Запіскі аддзела прыроды і народнай гаспадаркі”, “Запіскі аддзела гуманітарных навук”.
25 ліпеня 1924 г. ЦВК і СНК БССР зацвердзілі Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры. У адпаведнасці з ім інстытут абвяшчаўся вышэйшай дзяржаўнай навуковай установай, асноўнымі задачамі якой з'яўляліся арганізацыя вывучэння грамадскіх навук і каардынацыя ўсёй навуковай працы ў БССР. Палажэнне вызначыла структуру, кіруючыя органы, формы навуковай дзейнасці. Работнікі навукі і культуры, якія мелі дачыненне да Інбелкульта, падзяляліся на правадзейных сапраўдных членаў, членаў-супрацоўнікаў і членаў-карэспандэнтаў. Інбелкульт атрымаў права адкрываць музеі, бібліятэкі, архівы, склікаць навуковыя канферэнцыі, з'езды, наладжваць экспедыцыі. Акрамя таго, у яго склад на правах секцый уваходзілі Асацыяцыя навуковай арганізацыі працы і ўсебеларускае аб'яднанне пісьменнікаў “Маладняк”. Інбелкульт меў магчымасць бяспошліннага атрымання замежнай літаратуры, прылад для навуковых даследаванняў. 31 студзеня 1925 г. на пасаду старшыні Інбелкульта быў прызначаны наркам асветы У. Ігнатоўскі.
Наступны крок у рэфармаванні вядучага навуковага цэнтра вызначыла рашэнне ЦВК і СНК БССР (люты, 1926), згодна з якім Інбелкульт быў вылучаны са складу Наркамасветы рэспублікі і рэарганізаваны ў Дзяржаўную навукова-даследчую ўстанову пры Савеце Народных Камісараў БССР. У гэты час у Інбелкульце працавалі наступныя секцыі: беларускай мовы і літаратуры, беларускага мастацтва, гісторыка-археалагічная (з 1927 г. сацыяльна-гістарычная), па вывучэнні рэвалюцыйнага руху ў Беларусі, прыродазнаўчая, медыцынская, сельскагаспадарчая і інш. У склад інстытута ўваходзілі два нацыянальныя аддзелы – яўрэйскі і польскі, дзе працавалі самастойныя навуковыя камісіі: слоўнікавая, галоўная тэрміналагічная, літаратурная, гісторыка-археалагічная, па ахове помнікаў даўніны, мастацтва і прыроды, па вывучэнні натуральных вытворчых сіл, бібліяграфічная, а таксама Цэнтральнае бюро краязнаўства, хімічная лабараторыя, выдавецтва (з 1926). Інстытуцкая бібліятэка, аснову якой складалі кнігі, падараваныя вучонымі, абменьвалася выданнямі з 100 бібліятэкамі Савецкага Саюза і 74 бібліятэкамі замежных краін. Інбелкульт вёў вялікую папулярызатарскую работу. Пры ім быў адкрыты прыродазнаўчы музей з калекцыяй экспанатаў па геалогіі, гербарыямі беларускай флоры, заалагічнай калекцыяй.
У 1927 г. структура Інбелкульта была набліжана да акадэмічнай. Згодна з новым статутам, зацверджаным у чэрвені СНК БССР, усе навуковыя ўстановы аб'ядналіся ў два аддзелы – прыроды і гаспадаркі, гуманітарных навук. Былі створаны 3 інстытуты, 17 кафедраў, 41 камісія, 3 лабараторыі і 3 музеі. Агульнае кіраўніцтва дзейнасцю ажыццяўляў акадэмічны савет. Адначасова адбывалася фарміраванне новых кадраў. Раней гэта праблема вырашалася шляхам запрашэння кваліфікаваных спецыялістаў з вядучых навуковых цэнтраў Расіі, Украіны (І. Замоцін, М. Нікольскі, У. Перцаў, У. Пічэта, М. Шчакаціхін, М. Доўнар-Запольскі і інш.). З-за мяжы вярталіся многія работнікі навукі і культуры (М. Гарэцкі, Ф. Аляхновіч, А. Смоліч, В. Ластоўскі, Б. Эпімах-Шыпіла). Агульная колькасць супрацоўнікаў (па даных на ліпень 1927 г.) склала 176 чалавек, з іх 76 правадзейных членаў, 65 членаў-супрацоўнікаў і 35 членаў-карэспандэнтаў. З 1927 г. пачалася падрыхтоўка новых навуковых кадраў праз аспірантуру. Значную ўвагу Інбелкульт надаваў метадычнай рабоце, якая вызначала ступень паспяховасці навуковых даследаванняў. Спецыялісты самага высокага ўзроўню рыхтавалі метадычныя распрацоўкі для ўдзельнікаў экспедыцыйных і стацыянарных навуковых даследаванняў. У першую чаргу яны былі неабходны краязнаўцам, якія аказвалі дапамогу навукоўцам у працы, але не мелі спецыяльнай адукацыі. Для іх пры інстытуце арганізоўваліся курсы.
Вялікі ўрон інтэлектуальнаму патэнцыялу краіны нанеслі палітычныя рэпрэсіі. Трагічна склаўся лёс першага старшыні Інбелкульта, вядомага мовазнаўца С. Некрашэвіча (быў расстраляны ў 1937 г.). У 1931 г. скончыў жыццё самагубствам У. Ігнатоўскі. Колькасць навуковых кадраў Інбелкульта ў той час усё ж заставалася вельмі значнай. Гэта дазволіла весці навукова-даследчую работу па многіх актуальных праблемах. Вынікам актыўнай дзейнасці тэрміналагічных камісій розных секцый інстытута з'явілася стварэнне і выданне спецыяльных слоўнікаў беларускай навуковай тэрміналогіі па 24 галінах ведаў (матэматычнай, фізічнай, геалагічнай, батанічнай і інш.). Распрацоўваліся пытанні гісторыі беларускай мовы (П. Бузук, І. Воўк-Леановіч). У развіцці айчыннага літаратуразнаўства 1920-х гг. значную ролю адыгралі У. Дубоўка, І. Замоцін, Я. Барычэўскі, М. Піятуховіч. Выступленні ў перыядычным друку Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гарэцкага, К. Крапівы і многіх іншых пісьменнікаў з аналізам развіцця беларускай літаратуры мелі вялікае значэнне ў станаўленні літаратурнай крытыкі. У галіне гісторыі і археалогіі плённа працавалі М. Доўнар-Запольскі, Д. Даўгяла, А. Ляўданскі, К. Палікарповіч. Вядомымі этнографамі ў той час былі А. Сержпутоўскі, І. Сербаў, М. Мялешка.
Адно з галоўных месцаў у дзейнасці Інбелкульта адводзілася вывучэнню прыроды. Была праведзена падрыхтоўчая работа па складанні геалагічнай карты БССР. У 1927 г. створаны Інстытут геалагічных навук, выдатнымі вучонымі ў гэтай галіне з'яўляліся П. Туткоўскі, М. Бліядуха, Ф. Лунгерсгаўзен. Сярод геабатанічных даследаванняў значнае месца занялі працы Г. Высоцкага, С. Георгіеўскага, У. Касаткіна, М. Гайдукова і А. Фядзюшына. У перыяд з 1923 па 1928 г. біёлагамі А. Палянскім і В. Савічам арганізаваны некалькі геабатанічных экспедыцый з мэтай даследавання тэрыторыі Беларусі (у выніку была складзена геабатанічная карта краіны). Актыўна працавала медыцынская секцыя Інбелкульта, якая ўключала каля 70 супрацоўнікаў. Вучоныя інстытута абапіраліся на дасягненні даследчыкаў, зробленыя як у Беларусі, так і ў СССР у цэлым, а таксама іх калегамі за мяжой. Некаторыя даследаванні далі штуршок для навуковых распрацовак у будучым, паслужылі асновай для ўзнікнення новых навуковых напрамкаў. Да канца 1920-х гг. вучоныя Інбелкульта стварылі сур'ёзныя задзелы ў галіне гуманітарных і прыродазнаўчых навук. Іх даследаванні садзейнічалі аднаўленню і развіццю народнай гаспадаркі. 13 кастрычніка 1928 г. пастановай ЦВК і СНК БССР Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію навук, урачыстае адкрыццё якой адбылося 1 студзеня 1929 г.
На працягу параўнальна невялікага перыяду дзейнасці Інбелкульт аказваў вялікае ўздзеянне на развіццё культуры і навукі ў рэспубліцы, рашаў многія задачы сацыяльна-эканамічнага і нацыянальнага развіцця. Асноўная частка архіва ўстановы загінула ў гады Другой сусветнай вайны. Найбольш вялікі адзіны комплекс крыніц па гісторыі дзейнасці першай акадэмічнай установы Беларусі захоўваецца ў Цэнтральным навуковым архіве Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.