Кароткая даведка:
вучоны-гісторык, дзяржаўны дзеяч, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, кавалер трох ордэнаў Леніна
Імёны на іншых мовах:
Перцев Владимир Николаевич (руская);
4546 сімвалаў
Даведка
Галоўнае месца ў працоўнай дзейнасці Уладзіміра Мікалаевіча Перцава займалі педагогіка і навука. Ён аўтар работ па ўсеагульнай гісторыі, гісторыі грамадскай думкі, гісторыі і гістарыяграфіі Беларусі.
Нарадзіўся У.М. Перцаў у Курску (Расія). З 1888 па 1895 г. вучыўся ў Курскім рэальным вучылішчы. У 1897 г. паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, двойчы (у 1899 і 1901 гг.) быў выключаны і высланы з Масквы за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. У 1903 г. ён змог закончыць вучобу з дыпломам I ступені, пры гэтым застаўся на кафедры ўсеагульнай гісторыі. Акрамя выкладчыцкай дзейнасці займаўся навуковай працай. У 1907 г. выйшлі з друку фрагменты яго кандыдацкай работы «Теория эволюции и философия истории Гердера». Уладзімір Мікалаевіч Перцаў актыўна супрацоўнічаў з часопісамі «Русская мысль», «Вестник образования», «Голос минувшего», апублікаваў шмат навукова-папулярных артыкулаў, аглядаў і рэцэнзій. Разам з іншымі вучонымі-гісторыкамі падрыхтаваў некалькі змястоўных навукова-папулярных хрэстаматыйных выданняў для школ. У 1912–1916 гг. быў выпушчаны яго «Учебник Древней истории: для 8-го класса мужских и женских гимназий» (ч. 1 – Греция, ч. 2 – История Рима). Да вядомых твораў ранніх гадоў адносяцца таксама «Очерки новой истории (ХVI–ХIХ вв.)» (1918, разам з А.А. Яфімавай), «Гогенцоллерны» (1918), «Экономическое развитие Англии в ХIХ в.» (1924) і інш. У 1918 г. У.М. Перцаў з'яўляўся прафесарам кафедры гісторыі Германіі Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1918–1921 гг. прафесарам Маскоўскага педагагічнага інстытута. З 1922 г. быў прафесарам і загадчыкам кафедры сярэдніх вякоў, з 1953 г. кафедры ўсеагульнай гісторыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ). Акрамя напружанай выкладчыцкай працы ў студэнцкіх аўдыторыях ён прачытаў шмат папулярных у тыя гады публічных лекцый, якія арганізоўвала навуковае таварыства ўніверсітэта. У 1935 г. стаў доктарам гістарычных навук, у 1944 г. заслужаным дзеячам навукі Беларусі.
У час Вялікай Айчыннай вайны У.М. Перцаў эвакуіраваўся ў тыл, выкладаў спачатку ў Курскім педагагічным інстытуце, затым з’яўляўся прафесарам і загадчыкам кафедры гісторыі Удмурцкага педагагічнага інстытута (Іжэўск). Яго лекцыі і надрукаваныя патрыятычныя артыкулы ў гэты перыяд мелі ваенную тэматыку. У верасні 1943 г. у сувязі з аднаўленнем дзейнасці БДУ (размяшчаўся каля Масквы) ён прадоўжыў працу ў ім. Адначасова ў 1943–1959 гг. У.М. Перцаў з’яўляўся акадэмікам-сакратаром Аддзялення грамадскіх навук АН БССР. У гэты перыяд былі выдадзены яго грамадска-палітычныя і філасофскія працы «Исторические и общественные взгляды Канта» (1941), «Ламаносаў як грамадскі дзеяч і гісторык» (1947), «Общественная деятельность и мировоззрение Г. Скорины» (1948) і інш. На гістарычным факультэце БДУ вучоны чытаў агульныя курсы лекцый па гісторыі, крыніцазнаўстве і гістарыяграфіі заходнееўрапейскага Сярэдневякоўя, спецкурс «Гісторыя Прусіі ў сярэднія вякі», вёў спецсемінар «Ранні буржуазны гуманізм». У 1953 г. была надрукавана яго кніга «Германия в ХVIII веке», у 1959 г. – «Очерк истории Германии ХVIII века». Вялікую ўвагу У.М. Перцаў надаваў вывучэнню гісторыі Беларусі. Ён аўтар работ «Гуманизм в Белоруссии и княжестве Литовском в ХVI веке» і «Белорусская культура в конце ХV – начале ХVII века» (1955), «Гістарычная думка на тэрыторыі Беларусі паводле даных ранняй народнай творчасці і летапісаў (з старажытнейшых часоў да ХVI ст.)» (1956) і інш. Адзін з аўтараў і рэдактараў «Истории Белорусской ССР» (т. 1, 1954; 2-е выданне, 1961). Таксама ім былі напісаны раздзелы па гістарыяграфіі Беларусі ў «Очерках истории исторической науки в СССР» (т. 1–3, 1955–1963). Усяго У.М. Перцавым напісана больш за 270 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій. Гісторык ахвотна перадаваў свае веды маладым вучоным. Ён кіраваў падрыхтоўкай каля 20 саіскальнікаў, неаднаразова выступаў у якасці афіцыйнага апанента.
Уладзімір Мікалаевіч Перцаў займаўся таксама грамадскай дзейнасцю. У 1945 г. у складзе дэлегацыі БССР ён прымаў удзел у Сан-Францыскай канферэнцыі, дзе быў падпісаны статут Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. У 1947–1960 гг. У.М. Перцаў з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Шматлікія працы вучонага атрымалі шырокае прызнанне савецкіх педагогаў і навучэнцаў. Дасягненні У.М. Перцава былі адзначаны ордэнамі Леніна (1944, 1949, 1951), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1957), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1951), медалямі і іншымі ўзнагародамі. У Мінску на доме, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка.