Дата нараджэння:
29.09.1891 Бацэвічы, аграгарадок, Клічаўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
17.06.1938
Кароткая даведка:
вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, картаграфіі, геаграфіі, адзін з заснавальнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і адзін з распрацоўшчыкаў яе першага статута, першы беларускі прафесар геаграфіі і аўтар першага падручніка “Геаграфія Беларусі”, які вытрымаў шмат перавыданняў, палітычны і грамадскі дзеяч
Псеўданімы:
А. Жывіца; Арцём Жывіца; Лаўрэн Будзіловіч; Сымон Бортнік
Імёны на іншых мовах:
Смолич Аркадий Антонович (руская);
Крыптанімы:
А. Ж.
5792 сімвалы
Даведка
Буйным дзеячам беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння, арганізатарам навукі і краязнаўчага руху пачатку ХХ ст. быў Аркадзь Антонавіч Смоліч.
Нарадзіўся ён у в. Бацэвічы Бабруйскага павета (цяпер Клічаўскі раён Магілёўскай вобласці) у сям’і свяшчэнніка. З 1901 па 1905 г. вучыўся ў Мінскім духоўным вучылішчы, потым у Мінскай духоўнай семінарыі. У 1909 г. паступіў у Кіеўскі політэхнічны інстытут, адкуль перавёўся ў Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводства (Пулавы, Польшча), дзе займаўся на кафедры глебазнаўства. У гэты час А. Смоліч прымаў удзел у рэвалюцыйных і студэнцкіх гуртках, стаў членам Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Яго палітычная дзейнасць не засталася па-за ўвагай кіраўніцтва інстытута, і хутка быў адлічаны. З 1910 па 1912 г. працаваў у розных месцах тапографам, каморнікам. Каля года вучыўся на Пецярбургскіх вышэйшых сельскагаспадарчых курсах. Толькі ў 1913 г. яму дазволілі працягваць адукацыю ў Нова-Александрыйскім інстытуце сельскай гаспадаркі і лесаводства. У гэты перыяд А. Смоліч займаўся даследчай дзейнасцю. Пачаў вывучаць эканамічнае становішча сялянскіх гаспадарак паўднёвых губерняў Расіі і Украіны. Скончыўшы інстытут, А. Смоліч у 1916 г. вярнуўся ў Беларусь і ўладкаваўся на працу земскім статыстам у Мінскае губернскае земства, пазней стаў намеснікам загадчыка статыстычнага бюро. Праца ў бюро дала магчымасць сабраць вялікую колькасць матэрыялаў, якія былі апрацаваны і паслужылі асновай для першай кнігі «Геаграфія Беларусі», што была выдадзена ў Вільні ў 1919 г. Яна стала першым школьным падручнікам, прысвечаным апісанню прыроды, насельніцтва і гаспадаркі Беларусі. Потым перавыдавалася ў 1922, 1923 і 1925 гг. Кніга А. Смоліча да сённяшняга часу з’яўляецца адным з лепшых падручнікаў па геаграфіі краіны. Сведчаннем цікавасці сучаснікаў да гэтай работы навукоўца стала яе перавыданне ў 1993 г.
У 1917–1919 гг. А. Смоліч прымаў актыўны ўдзел у палітычным жыцці краіны. У сакавіку 1917 г. ён быў абраны членам Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК). У ліпені 1917 г. замест БНК была ўтворана Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ЦРБА) з Выканаўчым камітэтам, у які ўвайшоў і якім фактычна кіраваў А. Смоліч. Пасля рэарганізацыі ЦРБА ў кастрычніку 1917 г. у Вялікую беларускую раду абраны намеснікам старшыні яе Выканаўчага камітэта. На канферэнцыі БСГ у чэрвені 1917 г. увайшоў у склад яе часовага ЦК, быў рэдактарам газеты «Грамада». Удзельнічаў ва Усебеларускім з’ездзе 1917 г. у Мінску. З’яўляўся адным з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). У першым урадзе БНР А. Смоліч заняў пост народнага сакратара асветы. Пасля распаду БСГ разам з іншымі беларускімі дзеячамі ў красавіку 1918 г. арганізаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю. Аркадзь Смоліч з’яўляецца аўтарам праекта яе праграмы, адным з тэарэтыкаў беларускай сацыял-дэмакратыі. З лета 1919 г. займаў пасаду намесніка старшыні ўрада А. І. Луцкевіча, адначасова быў міністрам сельскай гаспадаркі.
У 1920 г. А. Смоліч адышоў ад палітычнай дзейнасці, жыў у Гродне, дзе ўладкаваўся на працу ў Гродзенскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт аграномам зямельнага аддзела. Восенню гэтага ж года ён з сям’ёй пераехаў у Вільню, дзе працаваў выкладчыкам геаграфіі на педагагічных курсах і тэхнічным кіраўніком Беларускага выдавецкага таварыства. У 1922 г. А. Смоліч вярнуўся ў Мінск, дзе быў прызначаны загадчыкам планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР. У 1923 г. ён стаў выкладчыкам кафедры геаграфіі Беларусі і Расіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі на тэму «Тыпы геаграфічных краявідаў Беларусі» А. Смоліча прызначаюць дацэнтам кафедры геаграфіі. У 1927 г. ён атрымаў званне прафесара. Да 1930 г. з’яўляўся загадчыкам кафедры геаграфіі.
Аркадзь Смоліч адыграў значную ролю ў развіцці краязнаўства Беларусі. У 1924–1925 гг. удзельнічаў у стварэнні і быў першым старшынёй Цэнтральнага бюро краязнаўства, задачай якога з’яўлялася каардынацыя дзейнасці краязнаўчых арганізацый і асобных краязнаўцаў. Гады працы вучонага ў Мінску непарыўна звязаны з Інстытутам беларускай культуры (далей Інбелкульт). Тут ён стварыў агранамічную секцыю, старшынёй якой пазней з’яўляўся. Быў галоўным рэдактарам выданняў інстытута, кіраваў сельскагаспадарчай секцыяй і камісіяй па раяніраванні БССР. У 1928 г. А. Смоліч абраны правадзейным членам Рускага геаграфічнага таварыства. Пасля рэарганізацыі Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук у 1929 г. узначальваў аддзел прыродазнаўства і гаспадаркі. Быў адным з аўтараў першага статута акадэміі. У новай установе прызначаны загадчыкам кафедры геаграфіі і вёў падрыхтоўку аспірантаў.
Вучоны апублікаваў больш за 30 навуковых работ, якія закранаюць праблемы ландшафтазнаўства, раяніравання, картаграфіі, эканомікі, навуковай беларускай тэрміналогіі. Працаваў таксама над складаннем атласа БССР, з’яўляўся рэдактарам шэрагу тэрміналагічных зборнікаў, удзельнічаў у стварэнні батанічнага і сельскагаспадарчага выпускаў. За навуковыя работы «Размяшчэнне насельніцтва па тэрыторыі БССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927–1928 гг.: папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі» (абедзве 1929) А. Смоліч быў узнагароджаны Малым залатым медалём (1930).
У 1930 г. А. Смоліч быў арыштаваны ДПУ па справе так званага Саюза вызвалення Беларусі. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 г. сасланы на пяць гадоў у г. Аса Пермскай вобласці, потым у г. Ішым Цюменскай вобласці. У 1935 г. ён атрымаў даведку аб вызваленні са ссылкі, але ў 1937 г. яго зноў арыштавалі. 10 чэрвеня 1938 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па першым прыгаворы Вярхоўным Судом БССР 10 чэрвеня 1988 г., па другім прэзідыумам Цюменскага абласнога суда 9 лютага 1957 г.