Дата нараджэння:
04.09.1859 Полацкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці:
06.06.1934
Кароткая даведка:
дзеяч беларускай культуры, выдавец, фалькларыст, мовазнавец, літаратуразнавец, правадзейны член Інбелкульта
Імёны на іншых мовах:
Эпимах-Шипила Бронислав Игнатьевич (руская); Эпимах-Шипилло Бронислав Игнатьевич (руская);
Крыптанімы:
Б.Э.-Ш.
3968 сімвалаў
Даведка
Вялікую ролю ў развіцці мовы, літаратуры і культуры Беларусі канца XIX – пачатку XX стагоддзя адыграў выдатны прадстаўнік беларускай інтэлігенцыі, грамадскі дзеяч, вучоны-філолаг Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла.
Браніслаў Ігнатавіч нарадзіўся ў фальварку Будзькаўшчына, што на Лепельшчыне (сёння вёска Полацкага раёна) у сям’і дробнага шляхціца. Дзяцінства будучага вучонага прайшло на Полаччыне, у фальварку Залессе. Пасля заканчэння Рыжскай Аляксандраўскай гімназіі з залатым медалём у 1880 г. Браніслаў паступіў на аддзяленне класічных моў гісторыка-філалагічнага факультэта Пецярбургскага універсітэта. За час вучобы авалодаў больш чым 20 класічнымі і новымі еўрапейскімі мовамі і ў 1887 г. абараніў дысертацыю на званне кандыдата гісторыка-філалагічных навук. Доўгі час Б. Эпімах-Шыпіла сумяшчаў працу ў бібліятэцы Пецярбургскага універсітэта з выкладаннем грэчаскай і лацінскай моў у шэрагу свецкіх і рымска-каталіцкіх навучальных устаноў Пецярбурга. Браніслаў Ігнатавіч арганізаваў і ўзначаліў Беларускі навуковы літаратурны гурток студэнтаў універсітэта, дзейнасць якога ён накіроўваў на вывучэнне гісторыі, мовы, этнаграфіі, культуры і народнай гаспадаркі Беларусі. Асабісты і навуковы інтарэс беларускага вучонага раскрыўся ў зборы матэрыялаў па гісторыі, этнаграфіі і фальклору Бацькаўшчыны, а таксама помнікаў літаратуры. На працягу 1889–1931 гг. Браніслаў Ігнатавіч складаў “Беларускую хрэстаматыю”, у якой сабраны літаратурныя творы Я. Лучыны, А. Паўловіча, У. Сыракомлі, Цёткі і інш. Дзякуючы яго карпатлівай працы захаваліся тэксты камедыі “Залёты” В. Дуніна-Марцінкевіча, вершаў Ф. Тапчэўскага, некалькіх ананімных твораў. Матэрыялы хрэстаматыі выкарыстаны ў працы Я. Ф. Карскага “Беларусы” і іншых публікацыях. У архіве вучонага доўгі час зберагаўся рукапіс зборніка Ф. Багушэвіча “Скрыпка беларуская”.
Б. Эпімах-Шыпіла стаў ініцыятарам стварэння і адным з кіраўнікоў выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца” (1906). За гады свайго існавання выдавецтва выдала 38 кніг. Гэта зборнікі В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Цёткі, Я. Коласа, Я. Купалы і іншых аўтараў, буквары, календары, паштоўкі. Выходзіў таксама альманах-часопіс “Маладая Беларусь”. Браніслаў Ігнатавіч падтрымліваў навуковыя і творчыя сувязі з Ф. Багушэвічам, М. Доўнар-Запольскім, А. Ельскім, Я. Карскім, Е. Раманавым, А. Грыневічам, Цёткай, рэдакцыяй газеты “Наша Ніва”, перапісваўся з А. Сапуновым, М. Багдановічам, У. Самойлам. Ён адыграў выключную ролю ў жыцці і творчым станаўленні Я. Купалы, які ў 1909–1913 гг. жыў у яго кватэры ў Пецярбургу. Б. Эпімах-Шыпіла падтрымліваў маладога паэта матэрыяльна і духоўна. Вучоны адрэдагаваў і падрыхтаваў да друку першы зборнік Я. Купалы “Жалейка” (1908). Ён захаваў у сваім архіве многія ненадрукаваныя творы паэта пецярбургскага перыяду. Я. Купала прысвяціў свайму апекуну і настаўніку вершы “Прафесару Б. Эпімах-Шыпілу з Новым 1910 годам”, “Прафесару п. Б. Эпімах-Шыпілу” (1910) і вольны пераклад індыйскай легенды “Паляўнічы і пара галубкоў” (1912).
Добрае веданне гісторыі, культуры, асаблівасцей дыялектаў беларускай мовы стала падставай для запрашэння Браніслава Ігнатавіча ў Мінск, у Інстытут беларускай культуры, дзе ён працаваў з 1925 г. У 1927 г. узначаліў камісію па складанні слоўніка жывой беларускай мовы. Пад яго рэдакцыяй выйшлі “Віцебскі краёвы слоўнік” М. Каспяровіча (1927) і “Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны” М. Шатэрніка (1929). Б. Эпімах-Шыпіла з’яўляецца аўтарам рэцэнзіі на зборнік А. К. Сержпутоўскага “Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета” (1928). У 1929 г. Браніслаў Ігнатавіч перадаў сваю асабістую бібліятэку (5 тыс. тамоў) маладой Беларускай Акадэміі навук.
Апошнія гады жыцця Б. Эпімах-Шыпіла пражыў у Пецярбургу – Ленінградзе, горадзе сваёй маладосці, дзе і памёр 6 чэрвеня 1934 г. Дзякуючы яго самаадданай працы нашчадкі атрымалі магчымасць пазнаёміцца з літаратурнай спадчынай многіх выдатных беларускіх пісьменнікаў.