Беларускі дзяржаўны дзеяч Язэп (Восіп Лявонавіч) Дыла быў не толькі адметным кіраўніком, але і таленавітым пісьменнікам. Стаў вядомым дзякуючы сваёй шматграннай дзейнасці і энцыклапедычнасці ведаў, атрыманых пераважна шляхам самаадукацыі.
Нарадзіўся Я. Дыла ў сям’і служачага ў Слуцку. Уплыў на фарміраванне яго светапогляду аказала бабуля Дамініка Куляшэвіч, у якой ён выхоўваўся. Ад яе будучы пісьменнік пачуў шмат беларускіх песень, казак і легенд. Не менш значны ўплыў на духоўнае развіццё Я. Дылы аказалі дваюрадны брат Нічыпар Дыла, які любіў паказваць лялечныя спектаклі, а таксама мясцовы настаўнік Альгерд Абуховіч-Бандзінелі. У 1898 г. скончыў Слуцкую гімназію, адукацыю працягваў у Юр’еўскім (Тартускім) ветэрынарным інстытуце (Эстонія, 1899–1903). Адначасова ў якасці вольнага слухача наведваў прыродазнаўчыя і грамадска-эканамічныя лекцыі ва ўніверсітэце. За ўдзел у антыўрадавых выступленнях у 1903 г. быў выключаны з інстытута без права вучыцца ў вышэйшых навучальных установах. Вярнуўся на радзіму, у 1903–1904 гг. працаваў у рэдакцыі мінскай газеты «Северо-Западный край». Існуе меркаванне, што ён паспрыяў з’яўленню на яе старонках славутага верша Я. Купалы «Мужык». У 1905 г. узначальваў аграрную групу Мінскага камітэта РСДРП. У 1906–1918 гг. працаваў у Санкт-Пецярбургу, Казані, Маскве, галоўным чынам у кнігавыдавецкіх арганізацыях. У Санкт-Пецярбургу пазнаёміўся з А. Купрыным, Л. Андрэевым, М. Арцыбашавым. У студзені – лютым 1919 г. ён камісар працы ў Часовым рабоча-сялянскім савецкім урадзе Беларусі, з 1921 г. – старшыня праўлення Цэнтрабелсаюза ў Мінску, у 1923–1924 гг. – Дзяржплана БССР, з лістапада 1924 г. – вучоны сакратар Інбелкульта, у 1925–1927 гг. – дырэктар Інстытута па вывучэнні мастацтва, з 1926 г. – дырэктар Беларускага першага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1), намеснік загадчыка «Белдзяржкіно». Ён удзельнічаў у распрацоўцы першага статута Інбелкульта, быў старшынёй секцыі мастацтва, працаваў у тэатральнай надсекцыі – у камісіі па гісторыі беларускага тэатра і зборы экспанатаў для тэатральнага музея. Прымаў удзел у арганізацыі і рабоце драматургічнага семінара, дзе займаліся і перакладам на беларускую мову твораў класічнай драматургіі. У 1930 г. быў рэпрэсіраваны. З 1931 г. жыў і працаваў у Саратаве (Расія). У жніўні 1938 г. зноў арыштаваны, у сакавіку 1939 г. вызвалены. У 1957 г. рэабілітаваны.
Літаратурную дзейнасць Я. Дыла пачаў яшчэ ў 1909 г. Першыя творы (абразок «Перад раніцаю» і верш «Вечар ясны, ціхі...») надрукаваны ў 1912 г. у газеце «Наша ніва», у 1913 г. там жа з’явіўся яго верш «Пад хмурным небам». У 1918 г. змясціў у газеце «Дзянніца» шэраг публіцыстычных артыкулаў. У перыядычным друку былі апублікаваны таксама апавяданні, рэцэнзіі. Язэп Дыла меў шмат псеўданімаў: Назар Бываеўскі, Тодар Кулеша, Л. Жорсткі і інш. Некаторыя свае творы ён падпісваў крыптанімамі. У «Слоўніку беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (ХVI–ХХ стст.)» (1983) Я. Саламевіч зафіксаваў 19 псеўданімаў і крыптанімаў пісьменніка. Гэта нават не ўвесь пералік. Язэп Дыла – адзін з пачынальнікаў беларускай гістарычнай прозы і драматургіі. У аснове незакончанага рамана «На шляху з варагаў у грэкі» заключана думка пра самабытнасць і дасканаласць дахрысціянскай культуры продкаў беларусаў. Апісваюцца два розныя ўклады жыцця, дзве культуры: славянская (дрыгавіцкая) і ўсходняя (візантыйская). Ён напісаў таксама гістарычную аповесць «Настася Мякота» (1968; пазней мела назву «У імя дзяцей»), якая апавядае пра абарону Слуцка ад татарскага набегу ў ХIII ст. Выдаў кнігі для дзяцей «Храбры Юрка» (1934), «Белачка» (1935). Ён аўтар гістарычных драм «Панскі гайдук» (прысвечана народным паўстанням канца ХVI ст.; пастаўлена ў 1924 г. у БДТ-1; апублікавана ў 1926 г.), «Юнак з Крошына» (пра Паўлюка Багрыма; апублікавана ў часопісе «Полымя», 1965, № 12), «Падуанскі студэнт» (пра Ф. Скарыну; апублікавана ў яго кнізе «Творы» ў 1981 г.). «Панскі гайдук» – гістарычная хроніка ў пяці дзеях, у якой разглядаюцца падзеі з канца ХVI ст. (1592–1595 гг.). Напісана вельмі прафесійна, з добрым веданнем законаў жанру. Канфлікт у творы носіць выразны сацыяльны характар. Масавыя сцэны, асабліва ў пачатку і фінале п’есы, сталі важнымі кампазіцыйнымі момантамі. У гэтых адносінах «Панскі гайдук» набліжаецца да народнай драмы. Значную каштоўнасць для тэатразнаўства маюць матэрыялы Я. Дылы па гісторыі беларускага тэатра канца ХIХ – пачатку ХХ ст., напісаныя ў 1957–1963 гг. і апублікаваныя ў кнізе «Творы». Навуковае значэнне маюць і ўспаміны пісьменніка пра батлейку ў Слуцку, запіс народнай драмы «Цар Максімілян» (захаваўся яе фрагмент; апублікаваны ў зборніку «Народны тэатр», 1983). Язэп Дыла напісаў артыкулы па гісторыі сацыялістычнага руху ў Беларусі (зборнік «Беларусь», 1924), пра М. Багдановіча (1923), К. Каганца (1928), успаміны пра А. Абуховіча, Я. Купалу, Я. Коласа, Ц. Гартнага, Я. Райніса. У часопісе «Полымя», потым у «Творах» была апублікавана яго аўтабіяграфія «Шлях амаль у сотню год». Язэп Дыла пераклаў на беларускую мову п’есы Я. Райніса «Гірт з Воўчага Логу», Э. Сінклера «Злодзей», Я. Яноўскага «Гнеў», вершы М. Канапніцкай і інш. Некаторы час працаваў разам з Ц. Гартным, добра ведаў Я. Купалу, Я. Коласа.
Рукапісная спадчына Я. Дылы, яго фотаздымкі і іншыя матэрыялы захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, Аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, Слуцкім краязнаўчым музеі, у прыватных асоб, у тым ліку ў Саратаве ў дачкі пісьменніка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.