Дата нараджэння:
19.04.1881 Такары, в., Камянецкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерці:
04.02.1931
Кароткая даведка:
вучоны-гісторык, аўтар адной з першых абагульненых прац па гісторыі Беларусі "Кароткі нарыс гісторыі Беларусі" (1919), акадэмік НАН Беларусі і АН Украіны, першы прэзідэнт НАН Беларусі, грамадскі і палітычны дзеяч
Імёны на іншых мовах:
Игнатовский Всеволод Макарович (руская);
3675 сімвалаў
Даведка
Усевалад Макаравіч Ігнатоўскі – адзін з тых найбольш актыўных дзяржаўных дзеячаў, якія ў 1920-я гг. аказалі значны ўплыў на развіццё навукі, культуры, увесь ход нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Ён быў выдатным вучоным, таленавітым педагогам і асветнікам, арганізатарам сістэмы народнай адукацыі ў рэспубліцы.
Нарадзіўся У. Ігнатоўскі ў вёсцы Такары Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (зараз Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) у сям’і настаўніка народнага вучылішча. Вучыўся ў Віленскім духоўным вучылішчы, Літоўскай і Магілёўскай духоўных семінарыях. Атрымаў добрую гістарычную адукацыю: быў спачатку студэнтам Пецярбургскага гісторыка-філалагічнага інстытута, а потым Юр’еўскага (Тартускага) універсітэта, які скончыў у 1911 г. Некаторы час працаваў настаўнікам у Віленскай прыватнай гімназіі, выкладаў гісторыю і геаграфію ў Мінскім настаўніцкім інстытуце, быў старшынёй педагагічнага савета гэтай навучальнай установы. У 1915 г. стварыў культурна-асветніцкую арганізацыю “Наш край”, якая ставіла сваёй задачай абуджэнне нацыянальнай свядомасці, патрыятызму. У 1917 г. яна была пераўтворана ў арганізацыю “Маладая Беларусь”, якая ў сваю чаргу праз тры гады стала Беларускай камуністычнай арганізацыяй, якую ўзначаліў У. Ігнатоўскі. У снежні 1920 г. вучоны прымаў удзел у падпісанні “Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь”. На працягу 10 гадоў ён сумленна працаваў на карысць савецкай улады, беларускага народа, займаў адказныя партыйныя і дзяржаўныя пасады: быў наркамам земляробства, асветы, членам Бюро і загадчыкам агітацыйна-прапагандысцкага аддзела ЦК КП(б)Б, дэлегатам шэрага ўсесаюзных і ўсебеларускіх з’ездаў Саветаў, уваходзіў у склад Прэзідыумаў ЦВК БССР і ЦВК СССР. З імем У. Ігнатоўскага звязана стварэнне вышэйшай школы і навучальных устаноў у Савецкай Беларусі. Шмат сіл і энергіі патраціў ён на арганізацыю, станаўленне і развіццё Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе ў 1920-я гг. займаў пасады дэкана факультэта грамадскіх навук і педагагічнага факультэта, намесніка рэктара. Пры непасрэдным удзеле вучонага ў 1922 г. быў адкрыты Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), рэарганізаваны ў 1928 г. у Беларускую акадэмію навук. Усевалад Ігнатоўскі стаў першым яе прэзідэнтам.
Пры ўсёй службовай занятасці знаходзіў час для распрацоўкі тэарэтычных праблем гістарычнай навукі. Вучоны з’яўляецца аўтарам больш за 30 прац па гісторыі і культуры Беларусі. У першай з іх – “Кароткім нарысе Беларусі” (1919) – ахарактарызаваны асноўныя этапы мінулага беларускага народа. Далей выйшлі з друку “Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі” (1921), “Матывы лірыкі беларускага песняра М. Чарота” (1922), “Гісторыя Беларусі ў XIX – пачатку XX сталецця” (1923), “Каля магілы барацьбіта” (1927), “1863 год на Беларусі” (1930) і інш. Яго кнігі з’яўляліся асноўнымі падручнікамі ў вышэйшых навучальных установах. У канцы 1930 г. пачалася актыўная крытыка гістарычных поглядаў У. Ігнатоўскага, беспадстаўныя абвінавачванні. Ён быў вызвалены з пасады прэзідэнта акадэміі і выключаны з партыі. 4 лютага 1931 г. скончыў жыццё самагубствам. Рэабілітаваны ў лістападзе 1990 г.
За апошнія гады вельмі многа зроблена для вывучэння навуковай спадчыны У. Ігнатоўскага, яго палітычнай і грамадскай арганізацыйнай дзейнасці. Вучоны заўсёды быў верны сваім поглядам, светаадчуванню. Яго талент, любоў да роднай зямлі, адказнасць за лёс беларускага народа справядліва заслугоўваюць высокай ацэнкі. У знак павагі і ўдзячнасці на былым будынку Інбелкульта на вуліцы Рэвалюцыйнай, 15, дзе ён працаваў і адкуль бярэ пачатак Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, устаноўлена мемарыяльная дошка.