Дата нараджэння:
29.07.1894 Бабруйск, г., Магілёўская вобласць
Дата смерці:
24.11.1943 (?)
Кароткая даведка:
вучоны-географ, краязнавец, адзін з арганізатараў краязнаўчага руху ў Беларусі
Варыянты імя:
Азбукін Мікалай Васілевіч
Імёны на іншых мовах:
Азбукин Николай Васильевич (руская);
4025 сімвалаў
Даведка
Гісторыя развіцця эканамічнай геаграфіі Беларусі звязана з імем Мікалая Васільевіча Азбукіна. Сваёй плённай навуковай дзейнасцю вучоны аказаў моцны ўплыў на розныя галіны гаспадаркі і культуры краіны і яе асобных рэгіёнаў, заклаў асновы краязнаўчага руху Беларусі.
Нарадзіўся ён у Бабруйску ў дваранскай сям’і. У 1912 г. скончыў Бабруйскую гімназію, у 1917 г. ‒ прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У гады вучобы ўдзельнічаў у рабоце гуртка па даследаванні Гродзенскай губерні. Пасля атрымання дыплома працаваў настаўнікам геаграфіі і прыродазнаўства ў Славянскай гімназіі Бабруйска, быў дырэктарам Першай савецкай школы II ступені імя Янкі Купалы, уваходзіў у камітэт Беларускага культурна-асветнага таварыства Бабруйска, створанага ў 1917 г.
У 1921 г. па запрашэнні Народнага камісарыята асветы М.В. Азбукін пачаў працаваць у Навукова-тэрміналагічнай камісіі, якая паслужыла асновай для стварэння Інстытута беларускай культуры (з 1929 г. Беларуская акадэмія навук). У першай палове 1920-х гг. ён неаднаразова ўдзельнічаў у экспедыцыях, збіраў матэрыялы для беларускага геаграфічнага слоўніка. У 1923 г. вучоны стварыў і ўзначаліў краязнаўчы кабінет пры педагагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З гэтага ж года чытаў лекцыі па эканамічнай геаграфіі. Пазней выкладаў геаграфію Беларусі ў 13-й Савецкай працоўнай школе. Быў сакратаром прыродазнаўчай секцыі Інстытута беларускай культуры, уваходзіў у склад камісій і секцый прыродазнаўчага і геаграфічнага кірункаў. З 1924 г. М.В. Азбукін як вучоны сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства фактычна ажыццяўляў кіраўніцтва краязнаўчымі арганізацыямі Беларусі. У 1925 г. увайшоў у склад камісіі па арганізацыі геафізічнай службы. У 1927 г. паступіў у аспірантуру геаграфічнага факультэта Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1929 г. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам кафедры геаграфіі Беларускай акадэміі навук. У 1930 г. рэпрэсіраваны і высланы ў Налінск. Там ён выкладаў у мясцовай школе, затым быў пераведзены ў Вятку. Звестак аб тым, як вучоны правёў апошнія гады жыцця, захавалася няшмат. Рэабілітаваны ў 1957 г.
Шмат увагі надаваў М.В. Азбукін даследаванню беларускіх населеных пунктаў, сярод якіх ‒ Пагост, Княжычы, Беразіно, Шацк, Ляды, Бялынічы і інш. Вучоны ўнёс значны ўклад у станаўленне айчыннай тэрмінаграфіі. Ён прымаў удзел у падрыхтоўцы трох тэрміналагічных слоўнікаў «Беларуская навуковая тэрміналогія» (БНТ). Разам з Л.Л. Більдзюкевічам падрыхтаваў трэці выпуск БНТ «Геаграфічныя і космаграфічныя тэрміны і назвы нябесных цел» (1923). Ён быў актыўным удзельнікам праекта Інбелкульта па батанічнай тэрміналогіі, вынікам якога стаў слоўнік «Батаніка агульная і спецыяльная» (1924). Найбольшую вядомасць атрымала кніга М.В. Азбукіна «Геаграфія Еўропы» (1924), дзе прыведзены гісторыка-этнаграфічны агляд тэрыторый краін Заходняй, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Адзін з раздзелаў выдання прысвечаны Беларусі. Аўтар даў грунтоўную характарыстыку асаблівасцей рэльефу краіны, кліматычных умоў, водных шляхоў, эканомікі, складу насельніцтва, прывёў антрапацэнтрычныя, лінгвістычныя і культуралагічныя назіранні. У 1925 г. вучоны разам з А.А. Смолічам апублікаваў працу «Геаграфія пазаеўрапейскіх краёў». У ёй прадстаўлены агляд геаграфічных асаблівасцей Азіі, Афрыкі, Амерыкі, Аўстраліі, Акіяніі і Антарктыды. Апошні са слоўнікаў Інбелкульта, у падрыхтоўцы якога прымаў удзел М.В. Азбукін ‒ 12-ты выпуск БНТ «Назвы жывёл» (1927). У працы «Паселішчы гарадскога тыпу ў БССР» (1928) аўтар аналізаваў пытанні і прынцыпы тыпалагізацыі паселішчаў рускіх і замежных вучоных. Мікалай Васільевіч быў рэдактарам краязнаўчага часопіса «Наш край», падрыхтаваў падручнікі па геаграфіі для сярэдняй школы.
Навуковая спадчына М.В. Азбукіна мае вялікае значэнне для сучаснай беларускай навукі. Шырокая эрудыцыя дазволіла яму сфарміраваць асновы для вывучэння айчыннай і замежнай геаграфіі і стаць адным з самых знакамітых географаў даваеннага часу.