Аляхновіч (Аляхновіч-Алекна) Францішак Каролевіч (Каралевіч)
Дата нараджэння:
09.03.1883 Вільня, г. (цяпер г. Вільнюс, Літва)
Дата смерці:
03.03.1944
Кароткая даведка:
драматург, публіцыст, празаік, тэатральны дзеяч
Псеўданімы:
Монвід І.; Монвід Ю.; Монвід Я.
Варыянты імя:
Аляхновіч Францішак Каралевіч; Аляхновіч-Алекна Францішак Каралевіч; Аляхновіч-Алекна Францішак Каролевіч
Імёны на іншых мовах:
Алехнович Франтишек Карлович (руская); Олехнович Франтишек Карлович (руская);
3823 сімвалы
Даведка
Беларускае адраджэнне пачатку нашага стагоддзя паклікала да дзейнасці цэлы шэраг асоб неардынарных, надзвычай таленавітых і ... трагічных. Сярод іх трэба было б вылучыць Францішка Аляхновіча, трагедыя якога яшчэ і ў тым, што ён быў першым, “пачынальнікам”, як яго назваў Я. Карскі. Ф. Аляхновіч першым стварыў беларускі прафесійны нацыянальны тэатр у нашым стагоддзі (у 1910 г. адбылася Першая беларуская вечарына, дзе быў паказаны спектакль “Па рэвізіі” М. Крапіўніцкага ў пастаноўцы Ф. Аляхновіча. Гэта падзея паклала пачатак дзейнасці Першай беларускай трупы І. Буйніцкага. Менавіта І. Буйніцкага, а не Ф. Аляхновіча, бо Францішак Каролевіч быў вымушаны ўцякаць за мяжу ад праследаванняў царскага ўрада), выдаў у 1924 г. першае даследаванне па гісторыі беларускага тэатра. Ён адзін з першых беларускіх дзеячаў трапіў у сталінскія лагеры, каб пасля вызвалення напісаць пра жахі гэтых засценкаў, пра страшэнны сталінскі рэжым.
Разам з тым яго імя, яго творы амаль апошнімі вярнуліся да беларусаў. Успаміны Ф. Аляхновіча “У капцюрох ГПУ”, напісаныя ў 1934 г., з 1935 па 1937 г. былі перакладзены на сем моў свету. І хаця аўтар выдаў кнігу сваім коштам па-беларуску ў 1937 г., беларускі чытач змог пазнаёміцца з ёю, мабыць, толькі ў 1991 г., калі яна была апублікавана ў часопісе “Полымя”.
Яшчэ ў 1952 г. італьянскі вучоны Джузэпэ Месіна ў працы “Беларуская літаратура” пісаў: <<Францішак Аляхновіч — сапраўдны заснавальнік беларускага тэатра — аўтар шматлікіх цудоўных п’есаў, такіх, як “На Антокалі”, “Страхі жыцця”, “Бутрым Няміра”, “На вёсцы”, “Калісь”, “Манька”, “Базылішак”, “Дзядзька Якуб”, “Заручыны Паўлінкі”, “Птушка шчасця”, “Няскончаная драма”, “Дрыгва”, “Чорт і баба”, “Круці не круці — трэба памярці” і інш>>.* У 1977 г. англійскі даследчык Арнольд Макмілін у кнізе “Гісторыя беларускай літаратуры” таксама падкрэслівае выдатную ролю ў нашай культуры Ф. Аляхновіча. Сучасныя ж беларускія навукоўцы звярнуліся да творчасці драматурга недзе пасля пачатку 90-х гадоў, і то не ўсе станоўча ставяцца да асобы драматурга, ацэньваюць яго дзейнасць з палітычнага, ці, хутчэй, ідэалагічнага пункту гледжання, абвінавачваюць яго ў супрацоўніцтве з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. А для Аляхновіча мэтай жыцця была Беларусь і тэатр, бо менавіта праз тэатр ён імкнуўся адрадзіць беларушчыну. Нягледзячы на ўсе цяжкасці і складанасці лёсу, Ф. Аляхновіч усе сілы аддаў беларускаму тэатру, прычым выступаў у ролі і сцэнарыста, і рэжысёра, і акцёра. Ф. Аляхновіч пачаў сваю драматургічную дзейнасць у турме. У Лукішках ён напісаў сваю першую п’есу “На Антокалі”, потым пісаў амаль бесперапынна: за дзесяць гадоў — сямнаццаць п’ес. Такім чынам ён імкнуўся стварыць нацыянальны рэпертуар.
Усё жыццё драматурга звязана з Вільняй, з “роднай Вільняй” — менавіта так яе называў Ф. Аляхновіч. Але калі ў 1918 г. ён даведаўся, што ў Мінску назіраецца ўздым культурнага жыцця, то пеша выправіўся ў шлях і праз восем дзён дабраўся туды, каб працаваць у тэатры. І пазней, хаця ён жыў у Вільні, у Заходняй Беларусі, яго радавалі поспехі культурнага жыцця савецкай часткі радзімы.
У лістападзе 1926 г. Ф. Аляхновіч прыехаў у Мінск на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і, калі гасцей канферэнцыі запрасілі на адкрыццё БДТ-2 ў Віцебск, быў захоплены ігрой тэатра. Тады ж ён пачаў рабіць захады, каб прыняць савецкае грамадзянства і застацца ў Віцебску. Яму вельмі ахвотна дапамагалі органы ДПУ, якія хутка аформілі неабходныя дакументы, і ўсё дзеля таго, каб на чацвёрты дзень пасля атрымання грамадзянства Ф. Аляхновіча арыштаваць. Па абвінавачанні ў антысавецкай дзейнасці ён быў адпраўлены на Салаўкі. Сем год турмаў... У 1933 г. яго абмянялі на Б. Тарашкевіча. Пасля вызвалення Ф. Аляхновіч працаваў над кнігай успамінаў. Загінуў у сакавіку 1944 г.