Дата нараджэння:
01.07.1903 Прокшанічы, в., Магілёўскі павет (цяпер Магілёўскі раён)
Дата смерці:
05.10.1997
Кароткая даведка:
вучоны-філосаф, дзяржаўны дзеяч Беларусі, аўтар прац па праблемах тэорыі пазнання, нацыянальнай палітыкі, развіцця народнай асветы на Беларусі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знак Пашаны"
Імёны на іншых мовах:
Ilyshin Ivan Makarovich (не вызначана); Ильюшин Иван Макарович (руская);
2546 сімвалаў
Даведка
Іван Макаравіч Ільюшын нарадзіўся ў в. Прокшанічы Магілёўскага павета (цяпер Магілёўскі раён) у сялянскай сям’і. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1930). Пасля атрымання дыплома працаваў у Інстытуце філасофіі і права Акадэміі навук БССР, спачатку старшым навуковым супрацоўнікам, затым вучоным сакратаром. Адначасова выкладаў у вышэйшых навучальных установах Мінска. У 1932 г. скончыў аспірантуру АН БССР, у 1934 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1937‒1941 гг. быў загадчыкам кафедры Беларускага інстытута фізічнай культуры і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1941‒1943 гг. працаваў дацэнтам, загадчыкам кафедры Ташкенцкага фінансава-эканамічнага інстытута, загадчыкам аддзела Бухарскага абкама Кампартыі Узбекістана. У 1943 г. прызначаны намеснікам загадчыка аддзела ЦК КПБ. У 1944‒1947 гг. быў намеснікам Старшыні Савета Міністраў БССР. З 1947 г. з’яўляўся дырэктарам Інстытута філасофіі і права, адначасова быў галоўным вучоным сакратаром Прэзідыума АН БССР. У 1950 г. выбраны членам-карэспандэнтам АН БССР. З 1951 па 1961 г. займаў пасаду міністра асветы БССР. У 1962‒1975 гг. загадваў кафедрай Мінскага радыётэхнічнага інстытута.
Іван Макаравіч ‒ аўтар больш за 50 навуковых прац, прысвечаных праблемам распрацоўкі нацыянальнага пытання, дыялектыкі нацыянальнага і інтэрнацыянальнага, тэорыі пазнання, развіццю адукацыі ў Беларусі. Сярод іх ‒ «Аб пралетарскім інтэрнацыяналізме ў нацыянальна-каланіяльным пытанні» (1935, у суаўтарстве), «К. Маркс и национальный вопрос» і «Ф. Энгельс и вопросы теории познания» (1941), «Ленин в борьбе за пролетарский интернационализм» і «Ленинская критика кантианства» (1935), «Развитие Лениным теории познания диалектического материализма» (1949), «Народная асвета ў Беларусі за гады Савецкай улады» (1957), Народная асвета ў Беларускай ССР (1957, у суаўтарстве), «Развіцце беларускай сацыялістычнай культуры» (1960, у суаўтарстве) і інш. Вучоны ўздымаў важныя пытанні гісторыі грамадскай думкі Беларусі, абагульніў шэраг праблем нацыянальна-культурнага будаўніцтва. Быў галоўным рэдактарам часопіса «Бальшавік Беларусі». Пад яго кіраўніцтвам абаронена каля 10 кандыдацкіх дысертацый.
Навуковую працу І. М. Ільюшын сумяшчаў з грамадскай дзейнасцю, у 1947‒1963 гг. быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Іван Макаравіч узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені (1944), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1948), «Знак Пашаны» (1951), Ордэнам Леніна (1960), медалямі СССР, ганаровымі граматамі і граматамі Вярхоўнага Савета БССР, медалём «За заслугі перад ГДР».