Міровіч (сапраўднае прозвішча Дунаеў) Еўсцігней Афінагенавіч
Дата нараджэння:
10.08.1878
Дата смерці:
16.02.1952
Кароткая даведка:
рэжысёр, драматург, педагог, адзін са стваральнікаў беларускага тэатра, народны артыст Беларусі
Псеўданімы:
Мирович Евстигней Афиногенович; Міровіч Еўсцігней Афінагенавіч
Імёны на іншых мовах:
Дунаев Евстигней Афиногенович (руская);
5642 сімвалы
Даведка
У гісторыю беларускай літаратуры і тэатральнай культуры ХХ ст. Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч (сапраўднае прозвішча Дунаеў) увайшоў як адзін з самых адметных драматургаў, найбуйнейшых дзеячаў і арганізатараў прафесійнага нацыянальнага сцэнічнага мастацтва.
Нарадзіўся ён у Санкт-Пецярбургу ў сям’і чыгуначніка. Вучыўся ў Самсонаўскім рэальным вучылішчы, школе малявання пры Акадэміі мастацтваў. Захапіўшыся тэатрам, выступаў у драматычных аматарскіх калектывах, потым арганізаваў свой гурток, дзе праявіліся яго рэжысёрскія здольнасці і акцёрскі талент. Праз некаторы час Е. Міровіч быў прызваны ў армію. Пасля дэмабілізацыі працаваў паштовым служачым, аднак не страціў надзеі стаць артыстам і паступіў на двухгадовыя курсы Пецярбургскага гуртка аматараў драматычнага мастацтва імя Ф. Волкава. На другім курсе навучання яго ўключылі ў склад вандроўнай трупы, якая выступала ў рабочых і салдацкіх клубах.
Прафесійную сцэнічную дзейнасць Е. Міровіч пачаў у 1900 г. у Санкт-Пецярбургу. З 1904 г. выступаў як драматург. Яго першыя п’есы «Опекуны» (1904) «Гнилые устои» (1905), «Ужас времени» («Современный вампир») і «Ночь миллионера» (1906) былі забаронены царскай цэнзурай. У 1906 г. Е. Міровіч стаў правадзейным членам Санкт-Пецярбургскага саюза драматычных і музычных пісьменнікаў. З дакастрычніцкіх п’ес і сатырычных сцэнічных мініяцюр папулярнасцю карысталіся «Графиня Эльвира» (1910), «Театр купца Епишкина» (1914), «Вова приспособился» (1915). Плённая і паспяховая дзейнасць Е. Міровіча ў тэатрах Санкт-Пецярбурга працягвалася да 1918 г.
З 1919 г. рэжысёр працаваў у Беларусі. Ён іграў і ставіў спектаклі ў Мінскім гарнізонным тэатры (1919), у Тэатры рэвалюцыйнай сатыры «Тэрэўсат» (1921), потым у трупе рускага тэатра «Шануар» (1922). У 1921–1931 гг. з’яўляўся мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ, з 1926 г. БДТ-1), Гомельскага тэатра рабочай моладзі (з 1932 г.), Гомельскага калгасна-саўгаснага тэатра (з 1935 г.), мастацкім кіраўніком Беларускага тэатра юнага гледача імя Н.К. Крупскай (1937–1940). У 1941 г. Е. Міровіч быў прызначаны рэжысёрам БДТ-1, дзе працаваў да 1945 г. Яго шматгадовая дзейнасць у гэтым тэатры стала вялікім укладам у беларускую культуру. Паслядоўнік вучэння К. Станіслаўскага, ён узбагаціў беларускую сцэну лепшымі традыцыямі сусветнага і рускага рэалістычнага мастацтва. Многія пастаноўкі Е. Міровіча сталі ўзорам выдатных дасягненняў тэатра, прыкладам глыбокага раскрыцця ідэі п’есы, высокага майстэрства выканаўцаў і філіграннай рэжысёрскай апрацоўкі. Сярод лепшых спектакляў, пастаўленых Е. Міровічам па творах замежных і рускіх пісьменнікаў, – «На дне» М. Горкага і «Дамы і гусары» А. Фрэдры (1921), «Вучань д’ябла» Б. Шоу (1922), «Ваўкі» Р. Ралана і «Ведзьма» паводле А. Чэхава (1923), «Мешчанін у дваранах» Ж.Б. Мальера (1924), «Мяцеж» Д. Фурманава і С. Паліванава (1927), «Даходнае месца» А. Астроўскага (1936) і інш. Вялікую ўвагу надаваў рэжысёр беларускаму нацыянальнаму рэпертуару. Ужо першы яго спектакль па п’есе М. Чарота «На Купалле» (1921) меў поспех у гледачоў і быў паказаны ў 1923 г. на фестывалі ў Маскве. Еўсцігней Міровіч ставіў п’есы В. Шашалевіча, Л. Родзевіча, Р. Кобеца, Д. Курдзіна, Я. Рамановіча і іншых беларускіх драматургаў. Разумеючы патрэбу стварэння прафесійнага нацыянальнага тэатра і адчуваючы недахоп драматургічных беларускіх твораў, ён звярнуўся да вусна-паэтычнай творчасці і гісторыі беларускага народа. Паклаўшы ў аснову фальклорныя сюжэты, шырока выкарыстоўваючы элементы народных абрадаў і звычаяў, напісаў п’есы «Машэка» (пачатковая назва «У часы даўнейшыя») і «Кат і сын»; першую беларускую гістарычную драму «Кастусь Каліноўскі» (усе былі пастаўлены ў 1923 г., апошняя экранізавана ў 1928 г.). У гэтых творах адлюстраваны найбольш значныя моманты гісторыі беларускага народа, яго барацьба супраць прыгнятальнікаў, падымаюцца вострасацыяльныя пытанні. Укладам у развіццё сатырычнага жанру беларускай літаратуры стала камедыя «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (1925). Актуальнымі па тэматыцы былі п’есы «Перамога» (1926), «Запяюць верацёны» (1928). У перыяд калектывізацыі з’явілася некалькі п’ес на вясковую тэматыку, сярод іх – «Лён» (1932) і «У вясновую ноч» (1934). Асноўная заслуга Е. Міровіча як драматурга заключаецца ў тым, што ён стварыў беларускую фальклорна-гераічную і нацыянальна-гістарычную драмы.
Важнае месца ў тэатральнай дзейнасці рэжысёра ў Беларусі займала праца, звязаная са станаўленнем і развіццём нацыянальнай акцёрскай школы. Ён з’яўляўся арганізатарам і мастацкім кіраўніком акцёрскіх студый пры тэатрах, адным з заснавальнікаў рэспубліканскага тэатральнага вучылішча ў Мінску. У 1945 г. Е. Міровіч быў назначаны намеснікам дырэктара па навукова-вучэбнай рабоце і кіраўніком курса Беларускага тэатральнага інстытута (у гэтым жа годзе стаў прафесарам). Вялікі рэжысёр, тонкі псіхолаг і выдатны педагог Е. Міровіч раскрыў прыродны талент У. Крыловіча, Г. Грыгоніса, У. Уладамірскага, Г. Глебава, Б. Платонава, Л. Ржэцкай, І. Ждановіч, В. Галіны, В. Пола і іншых акцёраў, якія сталі выдатнымі майстрамі беларускай сцэны.
За вялікі ўклад у беларускае сцэнічнае мастацтва і плённую педагагічную працу Е. Міровічу ў 1940 г. было прысвоена званне «Народны артыст БССР». Ён узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», шматлікімі медалямі. Пра рэжысёра зняты дакументальны фільм «Праз усё жыццё» (1978). У 1998 г. паводле яго твораў у Нацыянальным тэатры імя Я. Купалы была пастаўлена п’еса «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча». На будынку Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў усталявана мемарыяльная дошка ў гонар выдатнага дзеяча тэатра.